BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

На наступным тыдні Еўрапарламент прыме рэзалюцыю па Беларусі

10.01.2011
На наступным тыдні Еўрапарламент прыме рэзалюцыю па Беларусі

Чакаецца, што на пленарнай сесіі ў Страсбургу, якая пройдзе 17-20 студзеня, Еўрапарламент прыме рэзалюцыю па Беларусі.

Старшыня Офіса за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская: "У афіцыйным чарнавым варыянце пленарнага паседжання рэзалюцыі хіба яшчэ няма. Але яна дакладна запланаваная".

Да гэтага часу 12 студзеня ў Еўрапарламенце адбудуцца слуханні па Беларусі. Іх ладзяць Камітэт Еўрапарламента па замежных справах у супрацоўніцтве з Падкамітэтам па правах чалавека, Дэлегацыяй па адносінах з Беларуссю і Дэлегацыяй Еўрапарламента ў Еўранэсце.

"Гэта хіба нават не слуханні, а інфармацыйная сустрэча, бо еўрапейскія народныя абраннікі толькі вярнуліся з вакацыяў", — адзначае Вольга Стужынская.

Акрамя еўрадэпутатаў на сустрэчы будуць прысутнічаць еўракамісар па еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле, прадстаўнік літоўскага старшынства ў АБСЕ, старшыня назіральніцкай місіі АБСЕ ў Беларусі Герт Арэнс. З беларускага боку Камітэт па замежных справах запрасіў Аляксандра Мілінкевіча і прадстаўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Аляксандрава.

Апрача іх чакаюцца дачка Уладзіміра Някляева Ева Някляева, старшыня партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, паплечнік Віталя Рымашэўскага Дзяніс Садоўскі, а таксама, магчыма, Валянцін Стэфановіч ці Алесь Бяляцкі ад праваабарончага цэнтра "Вясна" і былы спікер Форуму грамадзянскай супольнасці Сяргей Мацкевіч.

 

Андрэй Елісееў, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Видео