BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Д. Грыбаўскайце заклікае аблегчыць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі

10.01.2011
Д. Грыбаўскайце заклікае аблегчыць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце зьвярнулася зь лістом да прэзыдэнта Рады кіраўнікоў Эўразьвязу Германа ван Ромпэя і старшыні Эўракамісіі Жузэ Мануэла Барозу з заклікам пашукаць сродкі для як найхутчэйшага аблягчэньня руху ў Шэнгенскай прасторы і спрашчэньня працэдуры атрыманьня візаў для грамадзянаў Беларусі незалежна ад магчымых санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да беларускага кіраўніцтва. Пра гэта паведамляе літоўскае афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва ELTA.

 

Паводле літоўскай кіраўніцы, вельмі важна, каб беларусы маглі езьдзіць у краіны Эўразьвязу на ня менш спрыяльных умовах і плаціць за візы не даражэй, чым грамадзяне іншых усходніх суседзяў ЭЗ.

«Выбары ў Беларусі ў сьнежні 2010 году і падзеі пасьля іх паказалі, што цяпер найбольш актуальнае пытаньне – сытуацыя з правамі чалавека і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі ў Беларусі, удзельніцы АБСЭ і суседняй з намі краіны. Эўрапейскі Зьвяз у імкненьні дэмакратызаваць Беларусь спрабаваў розныя сродкі супрацоўніцтва і ўзьдзеяньня ў дачыненьні да Беларусі. На жаль, тыя сродкі, якія паспрыялі ізаляцыі грамадзянаў гэтай краіны, не апраўдалі сябе. Таму неабходна шукаць новых спосабаў супрацоўніцтва зь Беларусьсю», - гаворыцца ў лісьце Д. Грыбаўскайце кіраўнікам ЭЗ.

Паводле прэзыдэнта Літвы, толькі аблегчыўшы магчымасьці руху для бальшыні грамадзянаў Беларусі і разам з тым іх кантакты з грамадзянамі ЭЗ, можна паспрыяць лібэралізацыі ў гэтай краіне.

У лісьце Д. Грыбаўскайце, які цытуе прэзыдэнцкая прэсавая служба, прапануецца абмеркаваць гэтыя праблемы на сустрэчах Рады замежных справаў і Рады кіраўнікоў Эўразьвязу.

 

Радыё Свабода

Видео