BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Польшча рыхтуецца да старшынства ў ЭЗ

04.01.2011
Польшча рыхтуецца да старшынства ў ЭЗ

Узмацненьне палітыкі абароны й бясьпекі Эўразьвязу ды разьвіцьцё праграмы „Усходняе партнэрства” - гэта асноўныя прыярытэты польскага старшынства ў Эўразьвязе, якое Польшча вязьме на сябе ў другой палове 2011 году.

Падрыхтоўка да пераняцьця польскага старшынства ў Эўразьвязе, што адбудзецца ў другім паўгодзьдзі бягучага году, працягваецца ўжо даўжэйшы час. Таму таксама ладзяцца шматлікія сустрэчы прадстаўнікоў Польшчы й Вугоршчыны, якая будзе ачольваць ЭЗ цягам першага паўгодзьдзя 2011 году (перад Польшчай), каб абмеркаваць найважнейшыя задачы на бліжэйшы час.

Тым часам, як пераконвае Бартламей Новак з Цэнтру міжнародных адносінаў, прыярытэты, пра якія неаднойчы гаварыў кіраўнік польскай дыпляматыі Радаслаў Сікорскі, могуць яшчэ памяняцца.

- Што на самой справе Польшча хоча зрабіць цягам згаданых шасьці месяцаў?

Бартламей Новак: Польшча назвала некалькі прыярытэтаў, але я б не зьвяртаў на іх асабліва вялікай увагі. Па-першае, таму, што польскі бок пастаянна займаецца праектам „Усходняе партнэрства”. Па-другое, я не памятаю такога старшынства, падчас якога асноўныя заданьні не памяняліся б. І, па-трэцяе, у другой палове 2011 году ў Польшчы адбудуцца парлямэнцкія выбары. Гэта азначае, што польскае старшынства ў ЭЗ будзе мець, скажам так, больш адміністрацыйны характар. 

Гаворка ідзе пра тое, што польскія міністры, зь якіх большасьць будзе балатавацца на выбарах, будуць займацца, галоўным чынам, выбарчай кампаніяй, а не паездкамі ў Брусэль, дзеля абмяркоўваньня часта выключна тэхнічнага характару рашэньняў паміж эўразьвязаўскімі ўстановамі. Менавіта таму я ня думаю, каб польскае старшынства ўнесла нейкія рашучыя зьмены ў палітыку ЭЗ. Важна, каб яно было добра арганізаванае й эфэктыўнае.

Трэба памятаць таксама пра тое, што Лісабонская дамова, якая рэфармавала структуру Эўразьвязу, памяняла таксама ролю дзяржавы, якая актуальна ачольвае супольнасьць. Можна сказаць, зьменшыла яе значэньне. Таму, паводле мяне, польскае старшынства ў ЭЗ - гэта важны для Польшчы пэрыяд, але без перабольшваньня, калі гаворка ідзе пра тое, што палякі могуць дзякуючы гэтаму старшынству зрабіць.

- Усё ж старшынства ў ЭЗ – гэта, несумненна, прэстыж і шанец на тое, каб прадставіць краіну зь найлепшага боку, як дзяржаву, якая дынамічна разьвіваецца. Калі палякі хочуць выключна добра арганізаванага старшынства, дастаткова дзейнічаць па прыкладзе Бэльгіі, якая як-раз перадае сваю ўладу ў ЭЗ?

Бартламей Новак: Гэта таму, што Бэльгія цягам даўжэйшага часу на самой справе ня можа сфарамаваць дзяржаўнага ўраду. Бэльгія змагаецца з сур’ёзнымі палітычнымі праблемамі, так што насамрэч старшынствам займаюцца ўстановы ЭЗ, у прыватнасьці, бэльг Ге́рман Ван Ромпёй. Польшча знаходзіцца ў іншай сытыацыі, таму яна мае шанец сапраўды эфэктыўна кіраваць працай Эўразьвязу. Спадзяюся, што польскі пэрыяд будзе таксама лепшы, чым папярэдні - вугорскі. Тым больш, што апошнім часам у Вугоршчыне прайшлі су’рёзныя палітычныя зьмены, таму на яе фоне Польшча будзе ўспрымацца, як стабільная дзяржава, якой дзеяньні лёгка прадугледзець. Зразумела, пабачым, зь якімі крызысамі ў згаданым пэдыядзе палякі будуць прымушаныя змагацца.

Так не зусім су’рёзна гаворачы, на шчасьце такія канфлікты, як, напрыклад, нейкія традыцыйныя газавыя спрэчкі між Расеяй ды нейкай іншай краінаў, якія ўзьнікаюць на пачатку году, польскага прадстаўніцтва ў Эўразьвязе, праўдападобна, ўжо не закрануць, - лічыць  Бартламей Новак з Цэнтру міжнародных адносінаў.

У сваю чаргу Агатон Казіньскі, публіцыст выданьня „Polska The Times”, лічыць, што старшынства ў эўрапейскай супольнасці - гэта нешта накшталт працы на чыгунцы.

Агатон Казіньскі: Заданьне Польшчы - перавесьці чыгуначную стрэлку такім чынам, каб усе эўрапейскія цягнікі накіроўваліся ў адпаведным напрамку. Згаданая праца ня мае нейкага спэктакулярнага характару. Яе не суправаджаюць фаервэркі. Гэта больш бугальтарская праца, якая патрабуе дэталёвасьці й вытрымкі. Калі мы з гэтым справімся, то Польшча будзе правіць згаданым „чыгуначным рухам” правільна. Тады ніхто ня скажа, што гэта было толькі задавальняючае паўгодзьдзе, а эфэктыўна й добра арганізаванае палякамі старшынства. - лічыць Агатон Казіньскі, публіцыст выданьня „Polska The Times”.

На падставе матэрыялаў Польскай рэдакцыі Праграмы для замежжа

 

Крыніца: Польскае радыё для замежжа

Видео