BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

За дыялёг з уладай, але - не любой цаной

27.10.2010
За дыялёг з уладай, але - не любой цаной

Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства выступіў з заявай, у якой даў ацэнку спробам улады наладзіць дыялёг зь недзяржаўнымі арганізацыямі. Удзельнікі Форуму выказваюць недавер дзеяньням улады ў гэтым напрамку, якія яны называюць пасьпешлівымі і недэмакратычнымі.

Днямі Кіроўны камітэт Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства атрымаў зварот прадстаўнікоў Грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта з заявай аб гатоўнасьці далучыцца да ягонай дзейнасьці. Аднак тое, што прапаноўвае гэта структура, не адпавядае прынцыпам раўнапраўнага дыялёгу, заяўляе сьпікер Форуму Сяргей Мацкевіч:

«Наяўнасьць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі вымушае дзяржаву весьці дыялёг. Але трэба ўмець весьці гэты дыялёг. А тут атрымоўваецца так, што ўлада будуе чарговую вэртыкаль грамадзянскай супольнасьці. А яна ня можа быць вэртыкалізаванай, як дзяржаўная бюракратыя. І таму сапраўдная грамадзянская супольнасьць пратэстуе супраць навязваньня такой мадэлі».

Адным з прыкладаў непрымальных умоваў арганізацыі дыялёгу грамадзянскай супольнасьці і дзяржавы прадстаўнікі трэцяга сэктару называюць праект «Разьвіцьцё патэнцыялу для супрацоўніцтва дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый» Юрыя Загуменнага пры падтрымцы АБСЭ. Кіраўнік грамадзкай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі з гэтай нагоды заявіў наступнае:

«Наш удзел быў дастаткова фармалізаваны: нікому не цікава нашае меркаваньне, нікому не цікава, каб мы былі суб’ектамі дыялёгу ў рамках гэтага праекту. І таму мы палічылі немагчымым наш удзел у гэтым праекце».

Прадстаўнікі Форуму грамадзянскай супольнасьці заяўляюць, што пасьпешлівасьць у арганізацыі дыялёгу з боку дзяржавы можа быць выклікана візытам у Беларусь прадстаўнікоў эўрапейскіх структур. Тым ня менш яны адкрытыя для супрацоўніцтва, але для гэтага неабходны шэраг умоў, у тым ліку ўнармаваная прававая база, адмысловыя праграмы ў розных галінах, кажа прадстаўніца форуму Алена Танкачова:

«Нам важна зафіксаваць, што ёсьць група, якая будзе сачыць за чысьцінёй гэтага працэсу і легітымізаваць яго сваім удзелам, толькі калі гэты працэс будзе адпавядаць пэўным стандартам».

Як заяўляюць прадстаўнікі Форуму грамадзянскай супольнасьці, наколькі праўдзівая гатоўнасьць улады да дыялёгу з грамадзкасьцю, пакажа ўдзел прадстаўнікоў улады ў сустрэчы ўдзельнікаў Нацыянальнай плятформы Форуму Ўсходняга партнэрства, якая адбудзецца ў Менску 1 лістапада.

 

Крыніца: Галіна Абакунчык, Радыё Свабода

Видео