BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Польшча і Швецыя: ЕС мусіць даць "перспектыву пашырэння" для Беларусі

24.10.2010
Польшча і Швецыя: ЕС мусіць даць "перспектыву пашырэння" для Беларусі

Польшча і Швецыя лічаць, што Еўрасаюз мусіць даць "перспектыву пашырэння" для ўсходніх суседзяў: Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджана. Як паведамляе "EUobserver", пра гэта ідзе гаворка ў сумесным лісце, падпісаным міністрамі замежных спраў Польшчы і Швецыі Радаславам Сікорскім і Карлам Більдтам. Ён адрасаваны кіраўніцы дыпламатыі ЕС Кэтрын Эштан і камісару ЕС па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Стэфану Фюле.

На думку міністраў Швецыі і Польшчы, згаданыя краіны — суседзі ЕС з'яўляюцца еўрапейскімі, і таму маюць спецыяльны статус, у адпаведнасці з пагадненнямі ЕС.

Пры гэтым кіраўнікі МЗС адзначылі, што для сяброўства ў ЕС шэсць краін-усходніх суседзяў павінны прыняць еўрапейскія правілы і стварыць заканадаўства, адпаведнае заканадаўству ЕС, прасоўвацца да стварэння зоны свабоднага гандлю і ўвядзення бязвізавага рэжыму, а таксама прымаць удзел у іншых еўрапейскіх праектах, такіх як супрацоўніцтва ў вайсковай, праваахоўнай і міграцыйнай сферах.

У сувязі з гэтым Сікорскі і Більдт заклікалі да правядзення добра падрыхтаванага і істотнага саміта з краінамі-сябрамі "Усходняга партнёрства", запланаванага на 26 траўня ў Будапешце.

Як паведамляе УНІАН, міністры таксама лічаць неабходным падзяліць фінансавы інструмент Еўрапейскай палітыкі суседства на дзве часткі для супрацоўніцтва асобна з паўднёвымі і ўсходнімі суседзямі. На сённяшні дзень з агульнага бюджэту ў 1,7 млрд еўра на ўсходніх суседзяў ЕС выдзяляецца толькі каля 600 млн еўра.

Разам з тым, міністры Польшчы і Швецыі ў лісце адзначаюць, што найхутчэй ЕС не зможа запрасіць пост-савецкія краіны да сяброўства на працягу бліжэйшых 10 гадоў.

 

Крыніца: Еўрапейскае радыё для Беларусі

Видео