BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Дзяржава — трэці сектар: супраца “слабая і неэфектыўная”

23.10.2010
Дзяржава — трэці сектар: супраца “слабая і неэфектыўная”

У мінулым нумары “Тут і Цяпер” мы распавялі аб рэзананснай заяве кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея, які пажадаў, каб падначалены яму Грамадска-кансультатыўны савет быў прадстаўлены на Форуме грамадзянскай супольнасці (ФГС) Усходняга партнёрства. З рэакцыяй трэцяга сектара на гэтую заяву мы вас ужо азнаёмілі.

Сёння вядомыя грамадскія дзеячы дзеляцца сваімі меркаваннямі адносна стану адносінаў паміж недзяржаўнымі арганізацыямі Беларусі і ўладамі.

Кіраўнік аб’яднання “Экадом” і ініцыятывы “Зялёная сетка” Ірына Сухій адзначае, што апошнім часам адзначаецца станоўчая дынаміка ў іх адносінах з дзяржавай.

“Экалагічныя няўрадавыя арганізацыі пачалі запрашаць да ўдзелу ў працэсах, якія ўплываюць на прыняцце стратэгічных рашэнняў. Да прыкладу, гэта распрацоўка “Асноўных кірункаў палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне аховы навакольнага асяроддзя на перыяд да 2025 года". На жаль, наша ўзаемадзеянне распаўсюджваецца толькі на профільнае міністэрства. Наступным крокам павінна стаць наладжванне стасункаў з міністэрствамі энергетыкі, прамысловасці і органамі мясцовага кіравання, удзел у прыняцці рашэнняў і гэтых дзяржаўных органаў”, — адзначае эксперт-эколаг.

А вось спікер Форуму грамадзянскай супольнасці лідар незарэгістраванай Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч сцвярджае, што, нягледзячы на іх шматлікія высілкі, паўнавартасны кантакт з прадстаўнікамі ўлады наладзіць пакуль не ўдаецца.

“Не буду ў чарговы раз апісваць цяжкасці рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў і сумнавядомы артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса. Адзначу толькі, што нашы рэкамендацыі, прапановы і веды ім не патрэбны. Грамадскія арганізацыі не разглядаюцца як партнёры, і пакуль мы марым хаця б аб нейтральным стаўленні дзяржавы да нас”, — кажа Мацкевіч.

У якасці прыкладу ён распавёў аб тым, што Беларусь з'яўляецца адзінай краінай, якая на сустрэчах па Усходнім партнёрстве афіцыйна заяўляе, што “не бачыць ніякай карысці ад дзейнасці грамадскіх арганізацый і адмаўляе ім у праве адкрыта выказваць сваё меркаванне”.

На думку Міраслава Кобасы, кіраўніка аднаго з найстарэйшых і найаўтарытэтнейшых у Беларусі Фонду імя Льва Сапегі, у сферы развіцця мясцовага самакіравання нейкага прагрэсу ў дыялогу грамадзянскай супольнасці з дзяржаўным органамі не назіраецца.

“Дзяржава раўніва ставіцца да спроб будаваць супрацоўніцтва ў гэтай сферы з боку такіх грамадскіх арганізацый, як наша. Да любой крытыкі стаўленне наогул неадэкватнае. Заміж таго, каб разабрацца ў сітуацыі, імгненна робяцца крокі па спыненні камунікацыі. Шматлікім дэпутатам мясцовых Саветаў наўпростым ці ўскосным чынам забараняюць удзельнічаць у нашых мерапрыемствах”, — распавядае найлепшы ў краіне эксперт па мясцовым самакіраванні.

Тым не менш Міраслаў Кобаса падкрэслівае, што яны жадаюць супрацоўнічаць з уладамі па мясцовым самакіраванні і зацікаўлены ў “стварэнні агульных камунікатыўных пляцовак”. Па словах спецыяліста, праграма Усходняе партнёрства адкрыла для гэтага “немалыя магчымасці”. Трэба толькі мець жаданне даць ім рады.

Заснавальнік асветнай установы “Цэнтр прававой трансфармацыі” Алена Танкачова характарызуе супрацу грамадскасці і дзяржавы ў сферы правоў чалавека як “слабую і неэфектыўную”.

 “Ні на адно з важных пастаўленых пытанняў — смяротнае пакаранне, маніторынг захавання правоў чалавека ў закрытых установах (медыцынскіх, пенітэцыярных), свабода асацыяцый, сходаў, СМІ — цягам дзесяці год мы не атрымалі адказу. Забарона на прафесію, умяшанне ў акадэмічныя свабоды, пераслед за іншадумства — усё гэта відавочныя з'явы сучаснай Беларусі і вынік дзяржаўнай палітыкі”, — сведчыць праваабаронца.

Алена Танкачова распавядае, як на працягу 2010 года яны двойчы спрабавалі дамагчыся права ўдзельнічаць (хай і з дарадчым голасам) у складзе працоўных груп па распрацоўцы законапраектаў "Аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе" і "Аб некамерцыйных арганізацыях". Аднак усе спробы далучыцца нават да працэсу абмеркавання нічым не скончыліся, а на законапраект "Аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе" наогул налажылі грыф "Для службовага карыстання", “каб не даць грамадскасці з ім азнаёміцца”.

 

Напамін

Форум грамадзянскай супольнасці (ФГС) Усходняга партнёрства — ініцыятывы Еўразвяза, якая мусіць спрыяць палітычнаму і эканамічнаму набліжэнню да Еўропы шасці постсавецкіх рэспублік (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі і Малдовы) — быў створаны з мэтай умацавання кантактаў і дыялога паміж НДА і дзяржаўнымі органамі.

Першае пасяджэнне Форуму грамадзянскай супольнасці адбылося ў лістападзе 2009 года ў Бруселі. У ім узялі ўдзел больш за 200 дэлегатаў, сярод якіх былі прадстаўнікі 27 недзяржаўных і праўладных грамадскіх арганізацый Беларусі. Галоўным вынікам форуму стала стварэнне Каардынацыйнага камітэта, які курыруе функцыянаванне грамадзянскай платформы. Беларусь у ім прадстаўляюць адразу двое — старшыня міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь" Улад Вялічка і лідар Асамблеі НДА Беларусі Сяргей Мацкевіч.

Галоўнае дасягненне першага года існавання ФГС — тое, што ягоныя прадстаўнікі атрымалі магчымасць прысутнічаць на міжурадавых сустрэчах прадстаўнікоў урадаў краін — сяброў Усходняга партнёрства і Еўразвяза, а значыць, і ўплываць на гэты працэс у перспектыве.

 

Крыніца: Ігнат ХАДЗЬКЕВІЧ, "Тут і Цяпер"

Видео