BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Апошняя сустрэча Каардынацыйнага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці

05.10.2010
Апошняя сустрэча Каардынацыйнага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці

23-24 верасня ў Тбілісі адбылося чацвёртае, апошняе на працягу тэрміну дзеяння паўнамоцтваў, паседжанне Каардынацыйнага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Тбілісі стаў другой пасля Кіева сталіцай з краін Усходняга партнёрства, якая прымала такую сустрэчу.

У парадку дня сустрэчы сярод іншых стаялі наступныя ключавыя пытанні:

  • Падрыхтоўка другога Форуму грамадзянскай супольнасці ў Берліне 18-19 лістапада 2010 г.
  • Падрыхтоўка справаздачы аб дзейнасці Каардынацыйнага камітэта за апошні год.
  • Абмеркаванне працэсаў стварэння нацыянальных платформ Форума ГС у краінах Усходняга партнёрства і магчымых крокаў па ўпарадкаванні адносін платформ з Форумам.
  • Запуск афіцыйнага сайта Форума грамадзянскай супольнасці і зацверджанне яго сімволікі.
  • Ход працы па канцэптуалізацыі далейшага развіцця Форума грамадзянскай супольнасці як суб’екта інстытуцыянальных адносін у межах праграмы.
  • Сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Грузіі.

На сёняшні дзень асноўным прымаючым бокам Форума ў Берліне з’яўляецца Міністэрства замежных спраў Нямеччыны. Форум адбудзецца ў яго памяшканнях.  Разам з 230 прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці на Форуме будуць прысутнічаць Камісар ЕК Штэфан Фюле, Міністр замежных спраў Нямеччыны Гвіда Вестэрвэле, а таксама шэраг назіральнікаў з боку прадстаўнікоў урадаў краін УП і ЕС, міжнародныя фонды і даследча-аналітычныя цэнтры.

Сябры КК абмеркавалі папярэднюю праграму Форума, якая ў адрозненне ад мінулага года будзе ўключаць у сябе таксама працу пад-групаў па такіх важных пытаннях як свабодны рух людзей, незалежныя медыя, маніторынг Усходняга партнёрства, рэформа публічнага кіравання і барацьба з карупцыяй і інш. 

Для падрыхтоўкі справаздачы КК была распрацавана яе структура. Удзельнікі сустрэчы таксама вырашылі звярнуцца да ўдзельнікаў мінулага Форума з невялічкай ацэначнай анкетай для збору меркаванняў пра прагрэс УП і Форума ў прыватнасці за апошні год.

Шмат часу і ўвагі надавалася на сустрэчы пытанню стварэння Нацыянальных платформ Форума. Гэты працэс развіваецца па-рознаму. Найбольш паспяховай у гэтым працэсе была прызнана Беларусь, у Арменіі працэс развіцця платформы сутыкнуўся з сур’ёзным канфліктам пра-дзяржаўных і незалежных арганізацый, да наступнага Форума пра стварэнне нацыянальнага вымярэння павінна абвесціць Грузія. У астатніх краінах пакуль працэс стварэння нацыянальных платформ не развіваецца настолькі дынамічна. 

Чакаецца, што непасрэдна перад Форумам у Берліне пачне сваю працу афіцыйны вэб-сайт, дзякуючы чаму праблема далейшага забеспачэння своечасовай інфармацыяй будзе часткова знята. 

Трэба таксама адзначыць, што КК вельмі клапоціцца аб далейшым забеспячэнні канцэптуалізацыі існавання і працы Форума грамадзянскай супольнасці. Ідэя распрацоўкі дарожных мап Усходняга партнёрства нарэшце не патрабуе дадатковага тлумачэння. Аднак відавочна, што прадставіць на Форуме ў Берліне новую канцэпцыю развіцця Форума будзе складана. Дыскусію па гэтай праблеме прапануецца працягнуць у межах адной з пад-груп у першы дзень мерапрыемства.

Сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Грузіі атрымалася кароткай, але паказальнай. Зразумела, што грузінскія арганізацыі перш за ўсё зацікаўлены ў развіцці рэгіянальнага супрацоўніцтва і менавіта пад гэтым фокусам глядзяць на Усходняе партнёрства. Беларусь для іх у гэтым кантэксце выклікае вялікую цікавасць. 

Па ўласных меркаваннях магу сказаць, што гэта была найбольш складаная і ў пэўным сэнсе найменш прадуктыўная сустрэча КК. Зараз гэтаму органу даводзіцца вырашаць вялікі блок пытанняў па арганізацыі наступнага Форума ў Берліне, а таксама разбірацца з пратэстамі незадаволеных арганізацый і канфліктамі паміж рознымі групамі ў працэсе стварэння нацыянальных платформ. Часу і энэргіі 17 чалавек, якія не маюць нават сакратарыяту і працуюць вельмі шмат, але на валанцёрскай аснове, відавочна не хапае, каб закрыць сабой усе існуючыя “дзіркі”. Хочацца спадзявацца, што гэта праца будзе бачна, а наступны склад КК будзе працаваць на іншай інстытуцыянальнай базе.

Падрыхтавана Уладам Вялічка
[email protected]   

 

Видео