BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Заява прадстаўнікоў трэцяга сектара Беларусі, удзельнікаў Форума грамадзянскай супольнасці УП

04.10.2010
Заява прадстаўнікоў трэцяга сектара Беларусі, удзельнікаў Форума грамадзянскай супольнасці УП

Мы, прадстаўнікі грамадскага сектара Беларусі, удзельнікі працэсаў Усходняга партнёрства ў рамках Форума грамадзянскай супольнасці, з вялікай цікавасцю азнаёміліся з заявай кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і кіраўніка Грамадска-кансультатыўнага савета (ГКС) Уладзіміра Макея аб гатоўнасці ГКС прадстаўляць грамадскі сектар Беларусі на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Сам факт дадзенай заявы пацвярджае наяўнасць у беларускай дзяржавы цікавасці да ўдзелу ў праграме Усходняга партнёрства, што намі прынцыпова вітаецца. Разам з тым, ён сведчыць аб недастатковай інфармаванасці ГКС аб працэдурах адбору ўдзельнікаў на другі Форум грамадзянскай супольнасці, які адбудзецца ў Берліне 18-19 лістапада 2010 года, а таксама аб выніках працы, зробленай беларускімі грамадскімі арганізацыямі - удзельнікамі Форума на нацыянальным і агульнапраграмным узроўні за мінулыя паўтары гады.

Удзел грамадзянскай супольнасці Беларусі ва Усходнім партнёрстве пачаўся на папярэднім Форуме ў Брусэлі ў лістападзе 2009 года. На працягу апошняга года прадстаўнікі беларускіх арганізацый прынялі ўдзел у сустрэчах рабочых груп Форума грамадзянскай супольнасці, падрыхтавалі свае пісьмовыя прапановы па далейшаму развіццю Усходняга партнёрства, рэгулярна ўдзельнічалі ў тэматычных сустрэчах і кансультацыях са сваімі калегамі ўнутры краіны і за мяжой. Галоўнай падзеяй, якая адбылася на нацыянальным узроўні, стала правядзенне 5-6 ліпеня 2010 года ў Мінску Канферэнцыі «Дарожная карта Усходняга партнёрства для Беларусі». Вынікам дадзенай канферэнцыі стала стварэнне Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці. Такім чынам, грамадскі сектар Беларусі не толькі вырашыў задачу абмеркавання актуальнага парадку дня і рэкамендацыі беларускіх арганізацый да ўдзелу ў другім Форуме грамадзянскай супольнасці ў Берліне, але і стварыў адсутную інфраструктурную аснову сваёй дзейнасці. Дадзеная платформа з'яўляецца партнёрам на нацыянальным узроўні для кіраўніка органа Форума - Каардынацыйнага камітэта.

На працягу апошніх палутара гадоў развіцця праграмы Усходняга партнёрства прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, якія прымалі ўдзел у рабоце Форуму і стварэнні яго нацыянальнай платформы, рэгулярна сутыкаліся з незацікаўленасцю розных структур беларускай улады ў дыялогу з грамадзянскай супольнасцю ў рамках гэтай праграмы. У якасці прыкладу дастаткова ўспомніць лісты ад імя беларускай дзяржавы, адрасаваныя Еўрапейскай камісіі, у якіх адзначаецца непажаданасць удзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў сустрэчах тэматычных платформ Усходняга партнёрства. Адрасныя запрашэння прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, адказных за рэалізацыю працэсаў Усходняга партнёрства (у тым ліку кіраўніцтва ГКС), на канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы, якія праводзяцца сіламі грамадзянскай супольнасці, заставаліся без адказу. Факт безапеляцыйнага адлічэння з Беларускага дзяржаўнага універсітэта ўдзельніцы першага Форума грамадзянскай супольнасці Таццяны Шапуцькі таксама з'яўляецца пэўнага роду дэманстрацыяй адносін кіраўніцтва Беларусі да грамадзянскай супольнасці і ставіць пад сумнеў гатоўнасць беларускіх уладаў да канструктыўнага ўдзелу ў праграме Усходняга партнёрства.

Нягледзячы на гэта, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, будучы зацікаўленымі ў наладжванні канструктыўнага дыялогу з беларускай дзяржавай, а таксама з іншымі зацікаўленымі суб'ектамі ўнутры краіны, гатовыя разглядаць заяву кіраўніцтва ГКС як пазітыўны крок у напрамку ўмацавання і аздараўлення міжсектарных адносін. Даказаць абгрунтаванасць такой ацэнкі могуць толькі канкрэтныя дзеянні бакоў.

У сувязі з гэтым мы хочам прапанаваць кіраўніцтву ГКС існуючыя ў нас магчымасці для больш цеснага і канструктыўнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, запрашаем кіраўніцтва і членаў ГКС прыняць удзел у якасці гасцей у сустрэчы-кансультацыі удзельнікаў Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці, дэлегатаў першага і другога Форумаў, якая пройдзе ў Мінску напрыканцы кастрычніка 2010 года (час і месца ўдакладняюцца). На дадзенай сустрэчы плануецца абмеркаваць задачы і дзеянні беларускай дэлегацыі на Форуме ў Берліне, у кожнага яе ўдзельніка будзе магчымасць перадаць свайго роду наказ дэлегатам ад Беларусі, а таксама выказаць свае прапановы і заўвагі наконт далейшага развіцця Усходняга партнёрства ў цэлым і Форуму грамадзянскай супольнасці ў прыватнасці .

Сяргей Мацкевіч, Спікер Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, Асамблея НДА Беларусі
Улад Вялічка, Нацыянальны каардынатар ФГС ВП па Беларусі, Міжнародны кансорцыум ЕўраБеларусь

Дэлегаты першага і другога Форумаў грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства:

Алена Танкачова, Асветніцкае ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"
Ірына Сухій, ГА "Экадом"
Яраслаў Бекіш, Простае таварыства "Зялёная сетка"
Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі
Міраслаў Кобаса, АГА "Фонд імя Льва Сапегі"
Аляксандр Каралевіч, ГА "Адукацыйны цэнтр" ПОСТ "
Таццяна Гацура, Міжнародная Хельсінкская асацыяцыя па правах чалавека
Таццяна Пашэвалава, ГА "Цэнтр сацыяльных інавацый"
Сяргей Драздоўскі, ГА "Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў"
Віталь Сіліцкі, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў
Святлана Каралева, Агенцтва па развіцці грамадзянскайсупольнасці і супрацоўніцтва
Ірына Віданава, Мультымедыя-часопіс “34”
Аляксандр Мілінкевіч, ПГА “Рух “За свабоду”
Васіль Санковіч, Асацыяцыя агенцтв рэгіянальнага развіцця (БелАРДА)
Вольга Стужынская, Офіс "За дэмакратычную Беларусь", Брусэль

Тэкст заявы па-руску

Видео