BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Я.Левандоўскі: Бюракратычныя патрабаваньні тармозяць Усходняе партнэрства

19.09.2010
Я.Левандоўскі: Бюракратычныя патрабаваньні тармозяць Усходняе партнэрства

Новы Сонч і Крыніца на поўдні Польшчы ў гэтыя дні прымаюць у сябе прадстаўнікоў сьвету палітыкі й бізнэсу. Нагадаем, у Новым Сончы праходзіць Форум маладых лідэраў, а ў Крыніцы – Эканамічны форум.

Адметным фактам зьяўляецца тое, што важныя пэрсоны зь першых старонак газэтаў ахвотна сустракаюцца з моладзьдзю. Што цікава, яны дакараюць маладзёнаў у празьмернай дыпляматыі й паліткарэктнасьці, зазначаючы, што важныя глябальныя пытаньні можна ды нават трэба вырашаць без напружанасьці й часам з пачуцьцём гумару. Гэтакай жа думкі прытрымліваецца камісар па пытаньнях фінансавага плянаваньня й бюджэту Эўрапейскай камісіі Януш Левандоўскі.

Рэп.: Спадар камісар! Пачаўся форум у Крыніцы, дзе вядучыя палітыкі й бізнэсоўцы вырашаюць пытаньні глябальнага маштабу. А непадалёк сустракаюцца маладыя лідэры. Ці Вы згодны з тым, што расьце новая эўрапейская эліта, можа нават больш здольная й таленавітая, чым цяперашняя?

Януш Левандоўскі: Увогуле трэба сказаць, што тут дзейнічае своеасаблівы трохкутнік: у Крыніцы працуюць VIP-ы разнастайнга калібру, у Новым Сончы сустракаецца моладзь, а ў Тарнаве адбываецца Форум рэгіёнаў. І гэта вельмі добры трохкутнік, які можа шмат паказаць Эўропе. А Эўропа знаходзіцца і ў Бруселі, і на нацыяналным узроўні, а таксама на ўзроўні рэгіянальным. Будучыня Эўропы - у руках моладзі. Я на моладзь ускладаю вялікія надзеі, якую я асабіста называю пакаленьнем „Erasmusa” - эўрапейскай праграмы абмену моладзьдзю паміж ВНУ. На маю думку, гэта вельмі пазытыўная праграма, і я асабіста стараўся знайсьці больш эўрапейскіх сродкаў на яе далейшую рэалізацыю да 2013 году. Але пазьней яна таксама будзе адбывацца, будзе больш сродкаў, гэта я магу абяцаць ужо сёньня.
 
Рэп.: Хацелася б вярнуцца непасрэдна да пытаньня аб моладзі...

Януш Левандоўскі: Гэта мабільнае пакаленьне, якое добра арыентуецца ў розных пытаньнях так бы мовіць непасрэдна, а не па газэтах ці тэлевізіі. Я спадзяюся зьменаў іміджу Эўропы дзякуючы гэтаму пакаленьню, аднак мы надалей знаходзімся ў крызысе, які ў першую чаргу адчувае маладое пакаленьне. Справа ў тым, што на рынках працы складана страціць працу, паколькі за працаўніком стаяць прафсаюзы, а маладому пакаленьню складана знайсьці працу, прыкладам чаго можа быць Гішпанія ды іншыя краіны. І ў гэтым выпадку праяўляецца двухполюснасьць паміж спадзяваньнямі й рэальнасьцю, якая перакрэсьлівае жыцьцёвыя пляны многіх людзей. А пляны – гэта, перш за ўсё, знайсьці нармальную працу пасьля заканчэньня ВНУ. Але мы павінны проста перачакаць гэты крызыс.

Рэп.: У форуме прымае ўдзел шмат моладзі з краін Центральна-Ўсходняй Эўропы, былых савецкіх рэспублікаў, ахопленых праектам „Усходняга партнэрства”, у прыватнасьці, Беларусі. Саму ідэю стварэньня гэтага праекту яны вельмі хваляць, аднак пытаюцца, чаму рэалізацыя праекту альбо зацягваецца, альбо адбываецца вельмі павольна. Моладзь хвалюе гэтае пытаньне...

Януш Левандоўскі: Ня ўсё так проста. Сапраўды, гэты праект быў галаслоўным, пакуль не атрымаў фінансавую падтрымку. Заўсёды так адбываецца, што калі нешта абяцаецца, і адначасова няма бюджэтнай лініі, то ўсё гэта толькі пустыя словы. Мая роля палягае на тым, каб здабыць гэтыя сродкі. На сёньняшні дзень грошы ёсьць, але няма адпаведных праектаў. Эўрапейская камісія ўвяла вялікія патрабаваньні да патэнцыйных атрымальнікаў эўрапейскіх грантаў, можна сказаць, патрабаваньні бюракратычнага характару. Людзі з Заходняй Эўропы навучыліся іх выконваць, новадалучаныя краіны таксама. У сваю чаргу ініцыятарам праектаў з-за ўсходняй мяжы Эўразьвязу яшчэ складана прызвычаіцца да патрабаваньняў і іх выконваць. І ў гэтым заключаецца ўся праблема, паколькі без выкананьня ўмоваў ня могуць быць прызначаныя сродкі на рэалізацыю праектаў. Паўтару: сродкі ёсьць, але няма адпаведных праектаў, паколькі ўсе прадстаўленыя да гэтае пары праекты „праляцелі” празь сіта ў Брусэлі.

Рэп.: Вы размаўлялі з моладзьдзю, але зададзеныя Вам пытаньні былі зусім “нямоладзевыя”, яны датычылі бюджэту Эўразьвязу на наступныя гады ці энэргетычнай бясьпекі Эўропы, таксама прагучалі цікавыя прапановы. Як Вы думаеце, існуе шанец на іх рэалізацыю?

Януш Левандоўскі: Яны мяне, можна сказаць, праэкзаменавалі, карыстаючыся сваім прывілеем. Я паведаміў ім адну прынцыповую праўду, што неабходна зрабіць усё магчымае, каб сытуацыя ў Эўропе не пагаршалася, і тады мы зможам дасягнуць кампраміс, у тым ліку ў працах над будучым бюджэтам і выкарыстаньнем сродкаў з Эўрафондаў.

Рэп.: Ну, экзамен, Вы здалі выдатна, але ці былі пытаньні, як гэта бывае на экзаменах, дзе зьявіліся складанасьці з адказам?

Януш Левандоўскі: У маладосьці свае прывілеі, дазволена быць непасрэдным і ня быць занадта паліткарэктным. Яны былі нават занадта паліткарэктныя, можа яшчэ раскруцяцца. З кожным годам акрамя старых бывальцаў прыязджаюць новыя ўдзельнікі, паступова яны асвояцца й будуць больш непасрэдныя. І гэтак павінна быць.

Крыніца: Караліна Русіновіч, Польскае радыё для замежжа

Видео