BE RU EN
rss facebook twitter

Сяргей Мацкевіч

05.09.2010
Сяргей Мацкевіч
Па шчырасці, напачатку і я, сярод іншых, памылкова адносіў старшыню Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргея Мацкевіча да сваякоў вядомага палітолага Уладзіміра Мацкевіча. Даводзілася чуць і пра яго роднасныя сувязі з былым кіраўніком КДБ, таксама Мацкевічам. Такое вось знакамітае прозвішча. Як чалавек з добрым пачуццём гумару, Сяргей ніколі не абвяргае такога кшталту памылкі.

Сям’я «ворагаў народа»

Сяргей Мацкевіч нарадзіўся 1 жніўня 1964 года ў Пружанах. Менавіта з гэтай датай звязаны эпізод, які даволі красамоўна сведчыць пра ўзровень ведання дзяржаўнымі чыноўнікамі беларускай мовы. Калі яму выдавалі пашпарт, на «рускай» старонцы напісалі «1 августа», а на беларускай — «1 ліпеня».

У 1941 годзе дзеда Сяргея Сільвестра Дзмітрыевіча расстралялі ў Курапатах. Але яму пашанцавала — «недастрэлілі». Пакуль паранены дабіраўся да роднай хаты ў вёсцы Скібічы Драгічынскага раёна, пачалася вайна, а перад гэтым яго жонку, Марыю Андрэеўну, з будучым бацькам Сяргея, «саветы» паспелі выслаць у Барнаул. Вярнуліся толькі ў 1948 годзе.

Калі стала зразумела, што «вайна павярнулася ў другі бок», Сільвестр, хаця і не быў калабарантам, не стаў чакаць, пакуль «саветы» яго заб’юць канчаткова, і «пайшоў на Захад». Недзе ў Польшчы яго схапілі, адправілі ў нямецкі працоўны лагер, дзе дзед і сустрэў канец вайны. Потым быў лагер «фільтрацыйны». Каб не вяртацца ў СССР (шмат хто з такой нагоды абіраў самагубства), назваўся палякам і перабраўся ў Амерыку. У 1986 годзе там і памер.

Дарэчы, пра тое, што ён жывы і знаходзіцца ў ЗША, родныя даведаліся дзякуючы «Голасу Амерыкі», якому дзед распавёў пра свой лёс. Да бацькі Сяргея, на той час студэнта Інстытута народнай гаспадаркі, адразу прыйшлі з КДБ. А іх — яго, дзеда і бацькі — родную хату «рэквізавалі» і перавезлі ў Драгічын яшчэ раней. Нават пасля поўнай рэабілітацыі дзеда ў 1992 годзе, іх сям’я ні прабачэння, ні кампенсацыі не атрымала. Як і мноства іншых. Попел ахвяр сталінскіх рэпрэсій да гэтага часу грукае ў сэрцы нашчадкаў.

Ад падобнай інфармацыі Сяргея аберагалі шчыльна. Каб нічога не ведаў. Каб не пашкодзіць яго жыццю і кар’еры.

Шлях у жыццё

Ва ўмовах СССР рэдка хто з дзяцінства мэтанакіравана ішоў да сваёй мары. Большасць абірала толькі накірунак руху, а далей усё за іх вырашала дзяржава. Сяргей Мацкевіч спыніў свой выбар на факультэце фізікі БДУ не таму, што жадаў стаць знакамітым вучоным. Папросту дакладныя навукі ў школе яму даваліся лягчэй за гуманітарныя. Многія так робяць і зараз, але ў іх дзеяннях дамінуюць не эмоцыі, а практычнасць і выгода.

У БДУ ён паступіў у 1981 годзе, а ў 1986-м пачаў працаваць на знакамітым «Інтэграле», якому аддаў восем гадоў жыцця. Тыя, хто ведае найноўшую гісторыю, адразу заўважаць, што менавіта на гэты перыяд прыходзяцца найбольш значныя і кардынальныя змены, якія адбыліся ў нашым грамадстве.

Кітайцы не дарэмна лічаць, што жыць падчас нейкіх значных зменаў у грамадстве горш за ўсё, аднак ёсць тут не толькі «мінусы». З аднаго боку, малады спецыяліст не паспеў пазнаць савецкай «стабільнасці», дзе ўсё (да самай пенсіі) было разлічана існуючай уладай. З другога — атрымаў шанец дыхнуць вольным паветрам. Менавіта гэта і дало разуменне таго, што трэба шукаць новае, а не «тупа плыць па цячэнню».

Яшчэ падчас работы на «Інтэграле» Сяргей Мацкевіч скончыў курсы, якія рыхтавалі галоўных бухгалтараў і фінансавых менеджэраў малых прадпрыемстваў. У 1993 годзе звольніўся і рушыў у «свабоднае плаванне».

Акрамя іншага апошнія гады існавання Савецкага Саюзу і самы пачатак фарміравання дзяржаўнай незалежнасці Беларусі адзначаны новай хваляй нацыянальнага адраджэння. Калі да стварэння і дзейнасці «Талакі», «Майстроўні» пакаленне Сяргея Мацкевіча яшчэ «не дарасло», то з Перабудовай надышоў «іх час».

Першы крок Сяргея на гэтым шляху — пераход на беларускую мову. І не ў адзіноце, а разам з жонкай Тамарай, з якой яны пабраліся шлюбам адразу пасля заканчэння БДУ, дзе вучыліся ў адной групе.

Другі, у пэўным сэнсе, быў абумоўлены выпадковасцю. Калі ў 1996 годзе з нашай краіны «выганялі» фонд Сораса, частка яго «бэвушных» кампутараў перадавалася розным грамадскім арганізацыям, у тым ліку і «Супольнасці», якая запрасіла Сяргея Мацкевіча дапамагчы з афармленнем фінансавых дакументаў.

Тамара прыйшла ў «Супольнасць» пазней за мужа і займалася там настаўніцкімі справамі. У хуткім часе гэты накірунак набыў пэўную маштабнасць, і на яго аснове аформілася новая самастойная арганізацыя — Таварыства беларускай школы. І зараз Тамару Мацкевіч больш ведаюць не як сябра «Супольнасці», а як намесніцу старшыні ТБШ. Займаецца яна ў першую чаргу інфармацыйна-метадычным сайтам для настаўнікаў www.nastaunik.info.

Шлях у «трэці сектар»

Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр «Супольнасць» было створана ў 1995 годзе. За час існавання новай улады гэта быў пік росту колькасці недзяржаўных структур, якая потым, ад адной чарговай перарэгістрацыі да другой, нязменна зніжалася.

Ад стварэння «Супольнасці» і да 2002 года яе ўзначальваў вядомы палітык Вінцук Вячорка, але пасля прэзідэнцкіх выбараў–2001 і абрання старшынёй партыі БНФ ён прапанаваў на пасаду старшыні Рады Сяргея Мацкевіча. Прыклады, калі нехта з кіраўнікоў пакідае свае пасады па добрай волі, можна пералічыць па пальцах адной рукі. І апазіцыя тут не вельмі адрозніваецца ад улады.

Заўсёды, калі гаворка ідзе пра нейкую арганізацыю, лагічна ўзгадваць пра колькасць сяброў, але на гэты раз зробім выключэнне. Перш за ўсё таму, што звыклыя лічбы тут адпавядаюць рэчаіснасці даволі ўмоўна. Асноўная дзейнасць «Супольнасці» накіравана на кантакты з рознымі рэгіёнамі, пошук і падтрымку лакальных ініцыятываў. Таму мінскі офіс — далёка не ўся структура.

Акрамя таго, шмат хто з сяброў «Цэнтра «Супольнасць», саспяваючы для самастойнай працы, адгаліноўваўся і ствараў асобныя арганізацыі па накірунку сваёй дзейнасці, застаючыся ў партнёрскіх адносінах са сваёй alma mater.

Пра ўзаемаадносіны «трэцяга сектару» і палітычных партый сказана і напісана нямала. Асабліва пра тое што, апошнія імкнуцца «кіраваць» усімі формамі грамадскага супраціву. Трэба адзначыць, што час ад часу так і бывае. Асабліва калі ў склад недзяржаўных структур уваходзяць з большасці «чыстыя палітыкі». Гэта не рэдкасць і раней, і цяпер, калі людзі з партбілетамі ў кішэнях знаходзяцца ў складзе адразу некалькіх грамадскіх структур.

З той, аднак, істотнай розніцай, што калі 15–20 гадоў таму НДА ўзнікалі на базе нейкіх палітычна ангажаваных колаў, то апошнім часам яны ўсё больш і больш староняцца падобных стэрэатыпаў. Больш за тое, прынцыпова падкрэсліваюць, што не з’яўляюцца «філіямі» якіх-небудзь палітычных плыняў.

Шлях у будучыню

Магчыма, прагучыць пафасна, але я прынцыпова лічу, што пэўныя змены ў Беларусі будуць звязаны з узмацненнем грамадзянскай супольнасці. Маю на ўвазе кардынальныя змены, а не касметычныя. На мой погляд, новым уладам удалося павярнуць гісторыю нашай краіны назад перш за ўсё таму, што яны здолелі «падмяць» пад сябе значную частку беларускага грамадства, якое не паспела атрымаць імунітэт ад рознага кшталту папулісцкіх метадаў маніпулявання.

У 2004 годзе Сяргей Мацкевіч быў абраны старшынёй Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый (Асамблея НДА). Пасада вельмі падобная да прэзідэнцкай у краінах, якія абралі парламенцкую форму кіравання. У тым сэнсе, што тут сканцэнтраваныя па большай частцы прадстаўнічыя паўнамоцтвы і магчымасці даваць неабавязковыя для выканання парады, а рэальная ўлада знаходзіцца ў іншых. І гэта натуральна, бо ў дадзеным выпадку гаворка не ідзе пра «парасонкавую» структуру. Асамблея — хутчэй «сетка».

Тым, хто вырас у часы «дэмакратычнага цэнтралізму», даволі цяжка зразумець і ўспрыняць такую форму ўзаемадзеяння. У склад Асамблеі НДА на сёння ўваходзіць каля трохсот (пачыналі з дзвюх сотняў) зарэгістраваных і незарэгістраваных грамадскіх арганізацый розных накірункаў дзейнасці. Знайсці тут нейкі агульны назоўнік немагчыма па вызначэнню. Ды і не патрэбна, інакш атрымаецца не «трэці сектар», а нешта вельмі падобнае на тое, што адбываецца на дзяржаўным узроўні.

На жаль, нічога іншага ўладныя «вярхі» не разумеюць. Напрыклад, у красавіку гэтага года яшчэ раз афіцыйна пацвердзілі, што не бачаць ніякага сэнсу ў тым, каб грамадскія дзеячы ўдзельнічалі ў праграмах «Усходняга партнёрства». Маўляў, няма карысці, а супрацоўніцтва магчыма толькі з уладамі і толькі па тых праектах, на якія ёсць іх згода.

Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у свеце, дзе «за дзейнасць у складзе незарэгістраванай арганізацыі» (не рэгіструюць наўмысна) асуджаны аж 17 чалавек.

Каментары, як кажуць, залішнія. Здзіўляе нахрапістасць, з якой дзяржаўныя чыноўнікі адстойваюць свой пункт гледжання.

Такое ўражанне, што грошы ў выглядзе крэдытаў больш патрэбныя не кіраўніцтву беларускай краіны, а самім замежным палітыкам… Ва ўсякім выпадку, той, хто шукае падтрымку, так сябе не паводзіць. Калі хто-небудзь мне прывядзе хоць адзін станоўчы і рэальны (не прапагандысцкі) прыклад так званай «палітычнай лібералізацыі», то я яму буду вельмі ўдзячны.

Дарэчы, Сяргея Мацкевіча ў лістападзе мінулага года ў Бруселі абралі каардынатарам першай платформы (усяго чатыры) Форума грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» і спікерам гэтай структуры. Створана яна была для таго, каб узмацніць ролю грамадскага сектара ў працэсах «Усходняга партнёрства». Зрабіць яе больш значнай і істотнай.

Іншымі словамі, каб здзейсніць тое, супраць чаго і змагаюцца сучасныя беларускія ўлады. Яны ўвогуле з вялікай насцярожанасцю ставіцца да ўсяго таго, што не створана імі самімі. Нават калі гаворка ідзе пра абсалютную палітычную лаяльнасць. Сітуацыя нагадвае звычайны «чорна-белы» падзел, за якім, як вядома, можа прыйсці і абсалютная цемра. Каб гэтага не было, Сяргей Мацкевіч ужо 14 гадоў і займаецца «трэцім сектарам».

Крыніца: Аляксандр Тамковіч, Новы Час

Видео