BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Пачаўся набор кандыдатаў у польскія ВНУ

09.06.2010
Пачаўся набор кандыдатаў у польскія ВНУ

У Польшчы пачаўся сёлетні набор кандыдатаў на новы навучальны год - 2010/2011. Паводле дадзеных Міністэрства навукі й вышэйшай адукацыі, шмат сьведчыць пра тое, што мэнэджмэнт, пэдагогіка й юрыспрудэнцыя будуць надалей найбольш папулярнымі кірункамі вучобы ў польскіх ВНУ.

Нягледзячы на шматгадовыя тэндэнцыі, у мінаючым навучальным годзе сярод 20 найчасьцей выбіраных напрамкаў вучобы, сем складалі адмысловыя тэхнічныя спэцыялізацыі, напрыклад, будаўніцтва, інжынерыя навакольнага асяродзьдзя ці аўтаматыка, - сьведчаць дадзеныя Міністэрства навукі й вышэйшай адукацыі.

У мінулым годзе ў Варшаўскім палітэхнічным інстытуце за адно месца змагаліся 8 кандыдатаў. Агулам у групе першых 5 вучэльняў апынуліся чатыры палітэхнічныя інстытуты: Варшаўскі, Гданьскі, Лодзінскі й Познаньскі.

Яшчэ тры гады таму намер вучыцца ў Варшаўскім палітэхнічным інстытуце выказвала 8 800 кандыдатаў, летась іх было ўжо 12 тысячаў.

Варшаўскі палітэхнічны інстытут завершыў сёлетні набор на архітэктуру. На згаданым кірунку хоча вучыцца 800 кандыдатаў, а значыць, за адно месца будуць змагацца 8 чалавек.

Як у сытуацыі гэткай папулярнасьці выглядаюць шанцы замежных кандыдатаў стаць студэнтамі? Улады Варшаўскага палітэхнічнага інстытуту ўжо трэці год запар вырашылі прызначыць каля 50 бясплатных месцаў вучобы для студэнтаў звонку Эўразьвязу.

Як тлумачыць старшыня Камісіі па наборы палітэхнічнага інстытуту, згаданыя месцы будуць даступныя шляхам іспытаў. Сёлета ўпершыню экзамены будуць праходзіць у тым жа самым часе ня толькі ў Варшаўскім палітэхнічным інстытуце, але таксама ў Кіеве.

Зьбігнеў Манчыньскі: Гэта экзамен па матэматыцы (для ўсіх) ды па фізыцы або хіміі - на выбар. Згаданы конкурсны набор адбудзецца 7 ліпеня. Пра гэта паведамлялі ня толькі ўлады вучэльні, але таксама польскія консульствы. Нагадаю, што вучоба будзе праходзіць на польскай мове й яна будзе звольненая ад аплатаў, якія павінны ўносіць усе студэнты з краінаў звонку Эўразьвязу.

Гэткі шанец на бясплатную вучобу ўлады палітэхнічнага інстытуту прадстаўляюць замежнікам ужо трэці год. Як тлумачыць Зьбігнеў Манчыньскі, зацікаўленасьць была значная, але ня ўсе месцы былі запоўненыя. Найбольшае змаганьне праходзіла за месцы на найбольш папулярных факультэтах, як інфарматыка, будаўніцтва, электроніка.

Старшыня Камісіі па наборы ў палітэхнічны інстытут у Варшаве нагадвае, што замежныя студэнты звольненыя выключна ад аплаты за вучобу, але яны, паводле польскага заканадаўства, ня могуць атрымаць ад вучэльні ніякіх сродкаў ці сацыяльных стыпэндый на пражываньне ў Польшчы.

Тым ня менш, ёсьць яшчэ адзін спосаб скарыстацца бясплатнай вучобай у Польшчы - гаворка ідзе пра ўрадавую стыпэндыю.

Зьбігнеў Манчыньскі: На ўрадавую стыпэндыю набор праводзяць польскія консульствы й амбасады, і гэта яны ладзяць іспыты. Калі Бюро прызнавальнасьці адукацыі накіроўвае да нас урадавага стыпэндыста, то мы яго прымаем на вучобу ды не праводзім сваіх іспытаў. Гэткі студэнт карыстаецца ўрадавай стыпэндыяй і вызваленьнем ад аплаты за вучобу.

У мінулым навучальным годзе (2009/2010) урадавая стыпэндыя складала 900 злотых (каля 217 эўра). Студэнты атрымліваюць стыпэндыі выключна ў месяцах вучобы, не даўжэй, чым 10 месяцаў. У індывідуальных выпадках тэрмін, на які выдзяляецца стыпэндыя, можа быць зьменены.

Зьбігнеў Манчыньскі прызнае, што хаця бясплатныя месцы ў Варшаўскім палітэхнічным інстытуце прызначаны агулам для ўсіх замежных студэнтаў звонку Эўразьвязу, але найбольшае зацікаўленьня назіраецца сярод нашых усходніх суседзяў - з Украіны й Беларусі.

Зьбігнеў Манчыньскі: Тэарэтычна прапанова накіраваная да студэнтаў з усяго сьвету, але найбольшае зацікаўленьне назіраецца сярод студэнтаў з Украіны й Беларусі. З гэтых краінаў найчасьцей паходзяць таксама стыпэндысты польскага ўраду, якія спраўляюцца па-рознаму, але яны прымаюцца на вучобу, - распавядаў старшыня Камісіі па наборы Палітэхнічнага інстытуту ў Варшаве.

Найбольш папулярнымі факультэтамі ў Варшаўскім унівэрсытэце застаюцца традыцыйна міжнародныя адносіны, эканоміка, псыхалёгія, мэнэджмэнт і польская філялёгія. Напрыклад, у выпадку псыхалёгіі колькасьць кандыдатаў на адно месца перавышае 25 асобаў.

Прэс-сакратар Варшаўскага ўнівэрсытэту Анна Кажэква пераконвае, што яны папулярныя як сярод палякаў, так і сярод замежных студэнтаў.

Анна Кажэква: На самой справе ўжо многія гады, калі гаворка ідзе пра накірункі, якія лідыруюць па папулярнасьці, нічога не мяняецца. Сярод іншаземцаў найбольш папулярнымі зьяўляюцца міжнародныя адносіны, а сярод польскіх кандыдатаў: юрыдычны й псыхалягічны факультэты.

Анна Кажэква нагадае, што для іншаземцаў уведзена крыху іншая працэдура набору ў Варшаўскі унівэрсытэт, чым для палякаў.

Анна Кажэква: Перад усім яны прымушаныя прадставіць дыплём зь іспыту на атэстат сталасьці. Вядома, што згаданыя дыплёмы бываюць розныя ў залежнасьці ад краіны, таму UW у выпадку большасьці сваіх факультэтаў арганізоўвае невялікія экзамены: гаворка ідзе пра праверку, напрыклад, знаёмства польскай мовы й нейкія элемэнты тэматычных ведаў.

Анна Кажэква пераконвае, што большасьць іншаземцаў, якія пачынаюць вучобу ў Польшчы, фактычна заканчвае ВНУ, але таксама шмат залежыць ад краіны паходжаньня.

Анна Кажэква: Калі гаворка ідзе пра краіны з Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, то яны таксама добра падрыхтаваныя да вучобы на Варшаўскім унівэрсытэце, як кандыдаты з Польшчы. Сярод студэнтаў з замежжа ў нас пераважаюць студэнты зь Беларусі, Украіны й Расеі.

Частка зь іх, як тлумачыць прэс-сакратар Варшаўскага ўнівэрсытэту, вяртаецца дадому, частка застаецца ў Польшчы й тут працягвае прафэсійную кар’еру.

Трэба нагадаць, што іншаземцы за вучобу ў Варшаўскім унівэрсытэце павінны заплаціць. Цэны залежаць ад папулярнасьці дадзенага факультэту й яны вагаюцца ад 2 да 5 тысячаў эўра за год. Напрыклад, за год вучобы на факультэце біялёгіі трэба заплаціць 4 тысячы эўра, хіміі - 5 тысячаў.

Замежныя студэнты, апрача ўрадавай стыпэндыі, могуць скарыстацца таксама 30% ільготаў у аплатах за вучобу, калі яны дакажуць сваё польскае паходжаньне.

Апрача таго, заўсёды можна старацца за вызваленьне ад аплатаў у самога рэктара вучэльні шляхам індывідуальнага разгляду заявы.

 

Крыніца: Анна Задрожна, Польскае радыё для замежжа

Видео