BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ostgruppen: Беларусь дэманструе пагарду да ААН

09.06.2010
Ostgruppen: Беларусь дэманструе пагарду да ААН

Швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen заявіла, што афіцыйны Менск дэманструе "поўную пагарду ў дачыненьні да ААН і правоў чалавека".

Паводле лідэра арганізацыі Марціна Углы, "гэта абуральна і павінна выклікаць суровую крытыку з боку міжнароднай супольнасьці".

Як вынікае з заявы Östgruppen, Беларусь, як і ўсе іншыя дзяржавы, якія ратыфікавалі Пакт ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязана раз на чатыры гады рыхтаваць даклад пра тое, як ён выконваецца. Аднак апошнюю афіцыйную справаздачу зь Менску Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў атрымала ў 1997 годзе, то бок 13 гадоў таму.

У сувязі з гэтым беларускія праваабарончыя аб’яднаньньні "Вясна" і Беларускі Хэльсынскі камітэт зрабілі для ААН альтэрнатыўную справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека ў краіне. У дакладзе, у прыватнасьці, адзначаецца датычнасьць рэжыму да грубых і сыстэматычных парушэньняў дэмакратычных свабодаў у краіне, прыводзяцца факты скаргаў беларускіх грамадзянаў, якія сьведчаць пра ігнараваньне Менскам пэўных рашэньняў Камітэту правоў чалавека ААН.

Östgruppen падкрэсьліваюць, што хочуць недакладна пачуць адпаведную рэакцыю Швэцыі на нежаданьне Беларусі дзейнічаць у паводле нормаў ААН.

"Швэдзкі ўрад узяў на сябе вядучую ролю ў барацьбе за вольную і дэмакратычную Беларусь. Гэта азначае і абавязак рэагаваць на пазыцыю беларускіх уладаў, якія дэманстратыўна ігнаруюць важнасьць правоў чалавека", - адзначыў Марцін Угла.

Паводле швэдзкіх праваабаронцаў, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі "вялікім цяжарам кладзецца на ЭЗ, які ў сваіх апошніх рашэньнях выказаў Менску сваю падтрымку".

 

Крыніца: Радыё Свабода

 

Видео