BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларускія дыплёмы на Захадзе не ў пашане

09.06.2010
Беларускія дыплёмы на Захадзе не ў пашане

У вядомым сьпісе 200 найлепшых унівэрсытэтаў сьвету беларускіх навучальных установаў няма і не было раней. Моладзь, якая плянуе працаваць на захадзе на высокакваліфікаваных працах, разьлічвае найперш на дыплём заходніх унівэрсытэтаў. Але беларусы абіраюць замежную адукацыю ў самых розных сфэрах і тады, калі яны не плянуюць эміграцыю і рыхтуюцца працаваць у Беларусі.

Працу зь беларускім дыплёмам у некаторых заходніх краінах, асабліва ў тэхнічнай сфэры, знайсьці, можна, хаця тут вызначальную ролю адыгрывае не сам дыплём, а здольнасьці і веды, якія абавязкова спраўдзяць.

У Канадзе, Аўстраліі ці Новай Зэляндыі, да прыкладу, калі не працадаўцам, то эміграцыйным офісам беларускі дыплём можа быць прызнаны. Да прыкладу, Антось Арцёменка з Аўстраліі адзначае, што са сваім беларускім дыплёмам з БДУ знайшоў выдатную працу:

"Я працую сыстэмным адміністратарам. Linux, Windows, сеткі, сэрвэры... Праца проста выдатная. Так шмат магчымасьцяў вучыцца, і расьці, выдатная праца, і дыплём прызналі, але, канешне, ж увесь час удасканальваюся".

Новыя тэхналёгіі

У ЗША беларускі дыплём працадаўцы не прызнаюць, але атрыманы дыплём ці адзнакі за частку тэрміну вучобы, напрыклад, некалькі гадоў, у беларускім ВНУ можа стацца падставай для атрыманьня крэдытаў пры вучобе ў амэрыканскім унівэрсытэце. Іншымі словамі, студэнту залічаць прадметы, якія вывучаліся ў Беларусі і тады трэба здаваць меней курсаў. Рыгор Арашковіч сёлета пачаў вывучаць кампутарную справу ў Калюмбійскім унівэрсытэце ў Нью-Ёрку, чые дыплёмы высока цэняцца. Дарэчы, тут вучыўся і цяперашні прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

"Наколькі я памятаю, першыя 20-30 найлепшых ВНУ сьвету - гэта амэрыканскія каледжы, пасьля ідуць эўрапейскія, брытанскія, нямецкія. І ні ў кога няма сумневаў, што амэрыканская адукацыя цэніцца ня толькі ў самой Амэрыцы. Чаму? Напэўна, таму, што тут вельмі сур'ёзны падыход да падрыхтоўкі студэнтаў. Тут немагчыма сьпісаць, у тым ліку і таму, што праца студэнтаў - самастойная, крэатыўная. Таксама ў амэрыканцаў ёсьць такая рыса - як толькі зьяўляюцца нейкія новыя тэхналёгіі, яны адразу ж зьяўляюцца ў адукацыі, можна сказаць, усё напічкана самымі новымі тэхналёгіямі, якіх у той жа Беларусі яшчэ нідзе няма, ня тое, што ва ўнівэрсытэтах, а ўвогуле нідзе".
 

Залежыць ад студэнта, а не ад хабараў

У краінах Эўразьвязу можна пацьвердзіць беларускі дыплём, прайсьці адпаведную працэдуру з дадатковай здачай экзамэнаў, - то бок, трэба дадаткова нешта яшчэ вывучаць. Але беларусы едуць у заходнія ВНУ і ў тых выпадках, калі плянуюць працаваць далей на радзіме.

Павал Хівук вывучае грамадзянскае будаўніцтва ў Францыі, ён перакананы, што яго будучы францускі дыплём, а галоўнае веды і досьвед, найлепшыя і для працы ў Беларусі, і на захадзе, а на радзіме навучальныя ўстановы ня здольныя даць добрую адукацыю ў гэтай сфэры. У Францыі, адзначае Павал, усё залежыць ад самога студэнта, а не ад хабараў ці сваякоў, як у Беларусі.

"Нам увесь час уводзяць у вушы, што нашая адукацыя ў Беларусі самая лепшая. Вось я тут сутыкнуўся з гэтым. У Беларусі я скончыў тэхнікум, гэта тое ж, што тут - інстытут, калі браць фармальна. Але які ўзровень тут, гэта цяжка перадаць. Тут ідзе насамрэч падрыхтоўка спэцыялістаў.

А ў нас, у Беларусі, рыхтуюць невядома каго - людзей з дыплёмам, але якія нічога не ўмеюць. Не тое, што нашая беларуская сыстэма такая ўжо кепская, але проста гэта вынік таго, да чаго яе давялі.

Вынік таго, што хабары бяруць, прапіхваюць сваіх людзей, выкладчыкі ня хочуць нармальна выкладаць, спэцыялістаў не хапае, бо нармальныя выкладчыкі не ідуць працаваць у такую сыстэму.

Канешне, нашыя дыплёмы ня будуць прызнаваць, хто ж іх прызнае, калі ў іх узровень такі! Я спачатку абураўся. Чаму эквівалент майго тэхнікума напісалі не інстытут, як належала б, а прафэсійны ліцэй. Гэта як нашае ПТВ, а то й ніжэй. Я спачатку абураўся, а потым зразумеў, чаму. Таму, калі я раней казаў, што маю зь Беларусі дыплём, зараз пра гэта і не нагадваю".

 

Гнуткасьць, якой няма ў Беларусі

Яшчэ адзін аспэкт, прывабны для беларускай моладзі ў заходняй адукацыі - магчымасьць зьмены спэцыяльнасьці ў часе вучобы без страты цалкам усіх раней праведзеных ва ўнівэрсытэце гадоў.

Ягор Дарашкевіч мае досьвед вучобы у Італіі, па сыстэме міжнароднага бакаляўрыяту ў Адрыятычным Каледжы Аб'яднанага сьвету, пасьля ўнівэрсытэцкія курсы ў Францыі і ЗША. Цяпер ён вучыцца ва ўнівэрсытэце Сэнт Лоўрэнс у ЗША.

"Што мае амэрыканская адукацыя такога, чаго няма ў Беларусі... Ведаеце, амэрыканская адукацыя нашмат больш гнуткая, чым беларуская. Мне ня трэба было прымаць вельмі важнае рашэньне, калі мне было яшчэ 17 гадоў, калі я толькі скончыў школу, і вырашаць, што я хачу рабіць са сваім жыцьцём і вывучаць. Амэрыканскі каледж даў мне два гады, каб выбраць свой накірунак, даў магчымасьць паспрабаваць розныя накірункі, і для мяне гэта было вельмі важна".

 

Крыніца: Тацяна Поклад, Радыё Свабода

Видео