BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусь стала менш міралюбнай

09.06.2010
Беларусь стала менш міралюбнай

У сёлетнім Сусьветным індэксе міралюбнасьці (Global Peace Index 2010) Беларусь апынулася на 105 месцы сярод 149 краінаў.

Чым ніжэй стаіць краіна ў гэтым штогадовым рэйтынгу, які рыхтуецца сусьветным Інстытутам эканомікі і міру ў Сыднэі (Аўстралія) у супрацоўніцтве з аналітычным цэнтрам брытанскага часопісу "Economist", тым менш міралюбная палітыка ў гэтай краіне.

Рэйтынг міралюбнасьці вызначаецца пасьля аналізу больш за 20 паказьнікаў палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага жыцьця краіны, уключаючы такія пытаньні, як удзел у збройных канфліктах, узровень самагубстваў, колькасьць людзей у паліцыі і службах бясьпекі, выдаткі на войска, гандаль зброяй ды ўзровень даступнасьці зброі для грамадзян.

Паводле сёлетняга досьледу, найбольш міралюбнымі краінамі зьяўляюцца Новая Зэляндыя, Ісьляндыя, Японія, Аўстрыя і Нарвэгія, а найменш міралюбнымі - Ірак, Самалі, Афганістан, Судан, Пакістан, Ізраіль і Расея.

З суседзяў Беларусі найлепшы рэйтынг міралюбнасьці - у Польшчы, якая апынулася на 29 месцы, Літва - на 42, Латвія - на 54, Украіна - на 97. Усе гэтыя краіны паводле абранага спосабу ацэнкі пераўзыходзяць Беларусь паводле ступені міралюбнасьці. Але Беларусь у сваю чаргу значна пераўзыходзіць Расею, якая апынулася амаль у самым канцы сьпісу - на 143 месцы.

 

ЗША ў гэтым рэйтынгу знаходзяцца на 85 месцы.

У параўнаньні зь леташнім Сусьветным індэксам міралюбнасьці паказьнік Беларусі крыху пагоршыўся: з 2,103 да 2,204. Беларусь бярэцца пад увагу у вызначэньні гэтага індэксу з 2008 году.

Сусьветны індэкс міралюбнасьці - Беларусь:

2008 - 2,194 (94 месца)
2009 - 2,103 (98 месца)
2010 - 2,204 (105 месца)

 

 

Крыніца: Ян Максімюк, Радыё Свабода

Видео