BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Добрасуседзтва - 2010”

09.06.2010
“Добрасуседзтва - 2010”

9 чэрвеня ў Менску адбудзецца 14-й Польска-беларускі эканамічны форум “Добрасуседзтва”.  У сустрэчы прыме ўдзел каля 100 бізнэсоўцаў, прадстаўнікоў юрыдычных кампаній і дзяржкіраваньня зь Беларусі, больш за 30 удзельнікаў з польскага боку, у тым ліку чакаецца выступ намесьнікаў міністраў эканомікі й сельскай гаспадаркі.

"Польскія бізнэсоўцы едуць у Менск, між іншым, дзеля таго, каб даведацца, як зьмяняюцца ўмовы бізнэсу ў Беларусі, якім чынам да гэтага падрыхтавацца. У двухбаковым супрацоўніцтве ёсьць яшчэ нямала праблем", - кажа Юзэф Лахоўскі, старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Ю. Лахоўскі: Галоўным чынам мы будзем размаўляць пра тое, як інвэставаць у Беларусі, што дапамагае, а што перашкаджае. Адной з важнейшых тэмаў будзе супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. Гэта зьвязана з выставай БелАгра, якая пачынаецца сёньня. Паявяцца таксама складаныя пытаньні. Гэта датычыць экспарту: у беларускі бок – мяса, у польскі зь Беларусі – калійнай солі. Назіраецца нямала праблем у абарачэньні сельскагаспадарчай прадукцыяй. Як вядома, сельская гаспадарка й яе прадукты – гэта нэўральгічная галіна для кожнай краіны.

Важным пытаньнем, якое будзе абмяркоўвацца на форуме, зьяўляецца сытуацыя польска-беларускай эканамічнай супрацы пасьля 1 ліпеня, калі пачне дзейнічаць Мытны саюз Беларусі, Расеі й Казахстану. З аднаго боку, падпісаньне дамовы дазволіць польскім прадпрымальнікам мець больш адкрыты доступ на расейскі ці казахстанскі рынак, але зь іншага боку, Мытны саюз можа выклікаць і ўскладненьні.

Ю. Лахоўскі: Трэба даведацца, што нас чакае 1 ліпеня. Ці будзе лепш, ці горш. А калі горш, то ў якім месцы гандлёвага абарачэньня могуць узьнікаць нейкія праблемы. З аднаго боку, гандляваць будзе прасьцей – пасьля перасячэньня беларускай мяжы тавар будзе адразу ў мытнай прасторы Расеі й Казахстану. Гэта вялікі крок наперад. Але, зь іншага боку, можа аказацца, што зь Беларусьсю прыйдзецца гандляваць не на ўмовах польска-беларускіх дамоваў, а на ўмовах Расеі. А гэтыя ўмовы для нас невядомыя. І таму мы зладзілі форум, каб загадзя гэта абмеркаваць. Спадзяюся, што заўтра, пасьля сустрэчы ў Менску, мы будзем ужо ведаць, што нас чакае.

Падчас Польска-беларускага эканамічнага форуму будзе таксама абмяркоўвацца супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі, між іншым, будаўніцтва вугальнай электрастанцыі ў Польшчы непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю.

"Польскія бізнэсоўцы едуць у Менск перш за ўсё дзеля таго, каб даведацца, якім чынам зьмяняецца беларускае заканадаўства", – гаворыць адзін з удзельнікаў форуму Дарыюш Стэнпень.

Д. Стэнпень: Нас перш за ўсё цікавіць інфармацыя на тэму заканадаўства, стандартызацыі ў Беларусі, якім чынам можна ўводзіць новыя тавары. Наша фірма прысутнічае на беларускім рынку ўжо каля году, а цяпер мы хацелі б разьвіваць бізнэс. Мой аддзел фірмы толькі плянуе ўвайсьці на беларускі рынак, іншыя ўжо працуюць. На маю думку, гэта пэрспэктыўны рынак, вынікі супрацы пазытыўныя.

Ці такія эканамічныя сустрэчы, як гэты польска-беларускі форум,  сапраўды дапамагаюць прадпрымальнікам весьці бізнэс? І ці замежным бізнэсоўцам, у тым ліку польскім, лёгка ўвайсьці на беларускі рынак? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Арцёма Шаркова зь Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў. Ён адзначае, што ўмовы павінны быць аднолькавыя для ўсіх бізнэсоўцаў, а ў Беларусі лепшыя магчымасьці атрымлівае той, хто мае кантакты з уладай.

А. Шаркоў: Форумы эканамічныя дапамагаюць, але што тычыцца канкрэтна гэтага форуму, то ён даволі спэцыфічны. Яго арыентацыя – гэта перш за ўсё сельская гаспадарка. Польскія прадпрымальнікі даволі актыўна хочуць інвэставаць у беларускую эканоміку, адкрываць свае прадстаўніцтвы, хаця ў нашай дзяржаве ёсьць перашкоды, якія спыняюць гэтую дзейнасьць. Але польскі бізнэс імкнецца інвэставаць актыўна. Галоўнае, каб былі агульныя ўмовы для любога бізнэсу – ці гэта польскі, беларускі, ці яшчэ які-небудзь. Умовы павінны быць аднолькавыя, а яны зараз вельмі адрозьніваюцца. І адрозьніваюцца ў першую чаргу ў залежнасьці ад таго, хто прывёў гэты бізнэс. Калі ён прыйшоў у краіну пад патранажам улады – гэта адна сытуацыя, а калі самастойна – гэта зусім іншае.

На гэты закід Арцёма Шаркова Юзэф Лахоўскі прапануе, каб зьвяртацца да яго арганізацыі ў тым выпадку, калі хтосьці з польскіх прадпрымальнікаў намераны адкрыць або разьвіваць бізнэс у Беларусі.

 

Крыніца: Польскае радыё для замежжа

Видео