BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Будзе прапанова - будуць і турысты

08.06.2010
Будзе прапанова - будуць і турысты

“Новыя шляхі” - семінар пад такім загалоўкам завершыў сваю працу ў Бельску-Падляшскім, але адначасова даў старт праекту, звязанаму з распрацоўкай новых культурна-турыстычных шляхоў.

На працягу трох дзён краязнаўцы з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны, Брэстчыны і Віцебшчыны абмяркоўвалі і вучыліся складаць маршруты, якія б здолелі прыцягнуць увагу патэнцыйных турыстаў да іх мясцовасцяў.

Па словах аднаго з арганізатараў, прадстаўніка Інстытута прыкладной гісторыі ў Франкфурце-на-Одэры пры Еўрапейскім універсітэце "Віядрына", Фелікса Акермана, чакаюцца практычныя вынікі рэалізацыі гэтага праекта:

- Мы спрабавалі стварыць такі дызайн праекта, каб былі дастаткова канкрэтныя вынікі ў выглядзе шляхоў, маршрутаў, якія складаюцца з канкрэтных месцаў, якія можна ўбачыць турыстам, ці беларускім, ці польскім, ці з іншых краін. Распрацаваныя шляхі будуць таксама выкладзеныя ў інтэрнэце.

У першы дзень працы краязнаўцы спрабавалі стварыць віртуальны музей з найважнейшымі артэфактамі свайго рэгіёну. Тут прагучалі розныя ідэі: ад стварэння музея, прысвечанага Першай сусветнай вайне да Алеі Славы ў Слоніме, Наваградку ды шэрагу іншых гарадоў, з якіх паходзяць славутыя людзі Беларусі. Другі дзень стаў максімальна практычным - краязнаўцы спрабавалі вывучыць на месцы і прадставіць цікавыя ў турыстычным плане аб’екты самаго Бельска.

Аднак, галоўнае, для чаго адмыслоўцы з  розных куткоў Беларусі сабраліся на Падляшшы - гэта распрацоўка турыстычных шляхоў у сваіх малых мясцовасцях.

І тут таксама не было недахопу ў прапановах. Напрыклад, настаўнік геаграфіі, краязнавец з Паставаў Ігар Пракаповіч хоча прывабіць турыстаў прапановай “шчасця”:

- Я прапанаваў праект “Шчаслівы горад”, маюцца на ўвазе Паставы. У нас быццам бы няма такога шчасця, а вось ёсць жа “Шчаслівы горад”, і хацелася б туды паехаць. У Паставах ёсць даволі многа цікавага: есць гарадзішча, каля якога зараз стаіць касцёл Святога Антонія Падуанскага; ёсць забудова рынкавай плошчы канца 18-га стагоддзя Антонія Тызенгаўза ў барочным стылі; палац Тызенгаўза захаваўся і знаходзіцца ў добрым стане; Стары млын з Домам рамёстваў. Едзьце ў Паставы, а я вас сустрэну.

Краязнавец з Крэва Аляксандр Камінскі адзначае, што ў мястэчку мала што захавалася: замак амаль разбураны, касцёл перароблены, але засталася надзвычай цікавая гісторыя:

- Калі прыязджаюць турысты, то проста пачуць інфармацыю - тут знаходзіўся касцёл, тут стаяла тое ці іншае - нецікава. Каб зацікавіць у асноўным маладое пакаленне, мы прыдумалі гульню-вандроўку “Крэўскі кірмаш”. Турысты прыязджаюць і быццам купляюць пэўныя звесткі пра Крэва; у сваю чаргу яны сваёй актыўнасцю і сваімі ведамі зарабляюць грошы - талеры. Гэта ж кірмаш, трэба, каб нейкія грашовыя адносіны былі. Праводзяцца розныя забавы, напрыклад, хто першы ўзбярэцца на гарадзішча, або хто першы знойдзе нямецкага вартаўніка часоў першай сусветнай вайны ў бліндажах і забярэ сакрэтныя матэрыялы.

Таксама прагучалі ідэі стварэння шляху Яўхіма Карскага ў Гародні, Элізы Ажэшкі на Мількаўшчыне ды іншыя. Аднак, гэта пакуль што папярэднія прапановы, паколькі краязнаўцы па вяртанні дамоў працягнуць сваю працу над стварэннем культурна-турыстычных шляхоў. Вынікі гэтай працы будуць падводзіцца ў кастрычніку.

Па словах краязнаўцы, намесніка старшыні РГА Фонд імя Льва Сапегі Уладзіміра Хільмановіча, у праекце ўдзельнічаюць сапраўды заангажаваныя ў сваю справу людзі:

- Наколькі вялікім патэнцыялам інтэлектуальным, патэнцыялам заангажаванасці і энтузіазму валодаюць гэтыя людзі, краязнаўцы. Яны ў кожным разе будуць прасоўваць свае ідэі на тым узроўні, на якім гэта магчыма будзе зрабіць: ставіць помнікі, крыжы, распрацоўваць маршруты. Усё гэта вялікі патэнцыял, які можа быць рэалізаваны пры дэмакратызацыі грамадства, і можа быць узяты ў некаторай ступені сённяшняй уладай, калі яна захоча звярнуцца да сапраўды людзей кампетэнтных, людзей-знаўцаў гісторыі лакальных малых мясцовасцяў.

Праект "Новыя шляхі" рэалізуецца Франкфурцкім інстытутам прыкладной гісторыі супольна з Гродзенскай абласной радай Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

У якасці парнёраў выступілі Еўрапейскі універсітэт “Віядрына”, Беларускі Саюз у Польшчы і РГА “Фонд імя Л. Сапегі”.

Праект фінансуецца ў межах праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага міністэрства па эканамічаму супрацоўніцтву і развіццю ФРГ.



Крыніца: Яна Запольская, Радыё Рацыя

Видео