BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У Мінск прывязуць Анджэя Вайду і Гая Рычы

04.05.2010
У Мінск прывязуць Анджэя Вайду і Гая Рычы
15 краін Еўрасаюза пазнаёмяць беларусаў са сваім кінематографам у межах “Тыдня еўрапейскага кіно”.
Міжнародны кінафестываль “Тыдзень еўрапейскага кіно” адкрыецца ў Мінску 10 траўня, пасля чаго наведае Магілёў і Бабруйск. Паводле аднаго з арганізатараў кінафоруму другога сакратара амбасады Чэхіі спадара Марціна Чэха, мэта фестывалю ― пазнаёміць беларусаў з творамі еўрапейскіх рэжысёраў не толькі жыхароў сталіцы.

Марцін Чэх: “Я лічу, што розныя людзі глядзяць на свет з розных пунктаў гледжання. І меркаванне жыхароў сталіцы адрозніваецца ад думак жыхароў меншых гарадоў. Таму мы хацелі знайсці паразуменне не толькі з мінчанамі, але і з рэгіёнамі”.

17 фільмаў з 15 краін Еўрасаюза і адну беларускую кінастужку змогуць паглядзець аматары добрага кіно, патрапіўшы на фестываль. Па словах Марціна Чэха, фільмы павінны распавесці беларусам пра багацце культур краін Еўропы і паказаць жыццё звычайных еўрапейцаў, перажыванні і ўнутраны свет якіх даражэйшыя за палітычныя з’явы.

Марцін Чэх: “Мы хочам паказаць, што культура еўрапейскіх краін вельмі багатая. Што апроч стэрэатыпных з’яў, там ёсць шмат цікавых рэчаў. Напрыклад, Чэхію ведаюць у свеце перадусім дзякуючы чэшскаму піву, прадуктам альбо спартоўцам. Мы абралі зусім іншы чэшскі фільм для фэсту, які распавядае пра чэшскія легенды ХІХ стагоддзя. Я заўважыў, што беларусы таксама шануюць свой фальклор. Чэшскі фальклор не такі вядомы, як чэшскае піва, ён можа стаць сапраўдным адкрыццём для беларусаў”.

Дарэчы, фільм “Букет”, які прадставіць на фестывалі еўрапейскага кіно ў Мінску амбасада Чэхіі, падчас з’яўлення на экраны ў сваёй краіне займаў першае месца па наведвальнасці. Марцін Чэх падкрэслівае моцныя нацыянальныя традыцыі чэшскага кінематографа, сумуе ў Мінску па чэшскіх фільмах і не можа знайсці ў крамах беларускую кінапрадукцыю.

Марцін Чэх: “На жаль, у беларускіх крамах я не бачыў ніводнага чэшскага фільма. Не ведаю чаму. Да таго ж, я хацеў набыць у крамах беларускія фільмы. Я пытаў у краме, што б мне параілі паглядзець беларускае. Аднак у крамах немагчыма нічога падобнага набыць. Тым не менш, цяпер мне параілі сайт у інтэрнэце, на якім можна набыць беларускія кінастужкі. Збіраюся гэтым скарыстацца”.

Без сюрпрызаў “Тыдзень еўрапейскага кіно” не абыдзецца. Марцін Чэх абяцае наведвальнікам сустрэчу з двума вядомымі еўрапейскімі кінарэжысёрамі. Да таго ж, у межах фестывалю адбудзецца фотавыстава, якая пазнаёміць беларусаў з вынікамі конкурсу фотаздымкаў “Еўропа нашымі вачыма”.

60 фотаздымкаў з 1600 абрала журы для дэманстрацыі на выставе, якая адкрыецца падчас кінафестывалю ў кінатэатры “Перамога”. Гледачы фэсту таксама атрымаюць магчымасць прагаласаваць за лепшы, на іх погляд, фотаздымак.

Марцін Чэх: “Напрыканцы фестывалю мы абярэм лепшы фотаздымак і ўзнагародзім яго аўтара. Пераможца атрымае лічбавы планшэт для апрацоўкі фотаздымкаў”.

Арганізатары кінафестывалю, прадстаўнікі 15 амбасад краін Еўропы ў Мінску, спадзяюцца, што кожны наведвальнік знойдзе для сябе нешта цікавае, і мерапрыемства прынясе новыя імпульсы для супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза.

Праграма фестывалю:
10 траўня, панядзелак.
18.30. Рака жыцця(рэж. І. Бышнеў). Беларусь   
21.00. Ідыёт(рэж.П. Ліён). Францыя   
11 траўня, аўторак.
18.30. Полымя і Цытрон(рэж.О.К. Мэдсэн). Данія
21.00. Ікаўка(рэж. Г. Палфі). Вугоршчына
12 траўня, серада.
18.30. Абаронцы Рыгі(рэж. А. Граўба). Латвія
21.00. Партніхі(рэж.Л. Тодараў). Балгарыя
13 траўня, чацвер.
18.30. Георг(рэж.П. Сім). Эстонія
21.00. Аір(рэж. А. Вайда). Польшча
14 траўня, пятніца.
18.30. Слёзы красавіка(рэж. А. Лаўхіміес). Фінляндыя
21.00. Перад вяртаннем на зямлю(рэж.А. Матэліс). Літва
15 траўня, субота.
18.30. Букет(рэж. Ф.Брабец). Чэхія
21.00. Сонечная алея(рэж. Л. Хаўстман). Германія
16 траўня, нядзеля.
14.00. Фільм для дзяцей. Камарыная гісторыя.
18.30. Дазволь мне ўвайсці(рэж. Т. Альфрэдсан). Швецыя
21.00. Лінія фронту(рэж. Д. Глісон). Ірландыя.
17 траўня, панядзелак.
18.30. Шэрлак Холмс(рэж. Гай Рычы). Велікабрытанія
21.00. Вайсковае рамяство(рэж. Э.Олмі). Італія
Видео