BE RU EN
rss facebook twitter

"АЭС у Беларусі і Калінінградзкай вобласьці – палітычная аблога Літвы"

27.04.2010
"АЭС у Беларусі і Калінінградзкай вобласьці – палітычная аблога Літвы"
Атамныя электрастанцыі, якія плянуюць пабудаваць недалёка ад мяжы Літвы з Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю – гэта своеасаблівая аблога Літвы ў палітычных мэтах, заявіў экс-прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус.

Аднак ён лічыць, што атамная электрастанцыя – гэта абавязковая ўмова энэргетычнай незалежнасьці Літвы, і нібыта вылучацца на фоне іншых краін было б не толькі неразумна, але і небясьпечна, паведамляе DELFI.

"Тут мы ўжо сутыкаемся з высокай палітыкай. Будаўніцтва такіх электрастанцый з аднаго боку, а з другога – своеасаблівая аблога Літвы ў палітычных мэтах", – адказаў Адамкус на пытаньне журналістаў аб плянах будаўніцтва АЭС у Беларусі і Калінінградзкай вобласьці.

Ён скрытыкаваў пляны Беларусі, якая мае намер будаваць побач з Літвой атамную электрастанцыю. "Будаўніцтва Беларускай АЭС побач з літоўскай сталіцай цяжка патлумачыць, бо вакол поўна тэрыторый, дзе канцэнтрацыя людзей менш. У некаторых выпадках трэба прытрымлівацца пэўных законаў бясьпекі", – сказаў Адамкус.
Экс-прэзыдэнт сказаў, што бачыць чыста палітычны аспэкт ў плянах Беларусі, аднак ён паўтарае, што як і 20 гадоў таму, лічыць, што АЭС – гэта самая чыстая крыніца энэргіі. Літва без АЭС ня зможа абысьціся, практычна ўвесь сьвет ідзе шляхам атамнай энэргетыкі.

"Нам вылучацца было б ня толькі неразумна, але і небясьпечна. Я яшчэ раз кажу – без энэргетычнай бясьпекі ня будзе палітычнай бясьпекі. Калі мы разумныя, хочам стварыць сваю дзяржаву, свабодных людзей і быць незалежнымі, то трэба стварыць умовы для незалежнасьці ад энэргіі. Без энэргіі мы не створым сваю эканоміку, свой дабрабыт ", – сказаў Адамкус.

DELFI нагадвае, што Балтыйская АЭС павінна запрацаваць у Калінінградзкай вобласьці ў 2016 годзе. Яшчэ адну АЭС плянуе пабудаваць Беларусь, менш чым у 20 кілямэтрах ад мяжы з Літвой.

Спасылка

Видео