BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Дэклярацыя адзінства культуры*

01.03.2010
Дэклярацыя адзінства культуры*

Гэта — агульнае меркаваньне, да якога прыйшлі прадстаўнікі розных беларускіх інтэлектуальных плыняў і асяродкаў на спатканьні** ў Марыяшпрынгу пад Гётынгенам*** (Нямеччына) у лютым 2010 году.

Нас, дзейных асобаў культурнага працэсу на Радзіме, не падзяляе й ня робіць міжсобку ворагамі нічога, што сыходзіла б зь беларускай культуры, традыцыі, мовы і мэнталітэту.

Мы ўсьведамляем, што найвышэйшая мэта сучаснай культурнай палітыкі - фармаваньне беларускай нацыі ва ўмовах глябальнага сьвету. Усе падзелы паміж намі сыходзяць зь іншых сфэраў грамадзкага і дзяржаўнага ўладкаваньня.

Канфлікты і напружанасьць у культуры пачалі акрэсьлівацца яшчэ ў канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Часам яны мелі сацыяльнае паходжаньне, калі, да прыкладу, народны пісьменьнік Янка Брыль мусіў публічна апраўдвацца, чаму ён “есьць хлеб рабочых і сялян”. Часам яны насілі прапагандысцкі характар, калі насельніцтва запалохвалася “таталітарнай беларусізацыяй” і з жахам прыгадвала беларусізацыю 1920-х гадоў, якая скончылася вялікай крывёю яе ініцыятараў. Часам гэта былі гульні “каралеўскага двара”, які арганізацыйна разводзіў творцаў на лягеры сваіх і чужых. Паэты, музыкі і мастакі “маркіраваліся” не паводле іх таленту і культурнага даробку, а паводле лаяльнасьці або нелаяльнасьці да ўладаў. Пры гэтым “маркіроўшчыкі” найчасьцей заставаліся ананімнымі. Дзякуючы ўсяму гэтаму ў саміх панятках мовы, нацыі і культуры быў пасеяны канфлікт.

Сёньня мы прызнаем, што гэты канфлікт вычарпаны. Тыя гістарычныя этапы, на якіх ён штучна падтрымліваўся, пройдзеныя. Беларуская нацыя мусіць завершыць працэс свайго фармаваньня перад абліччам глябалізацыі, каб стаць яе ўдзельніцай, а не ахвярай. Пад сілу гэтая задача толькі адзінай беларускай культуры.

Мы ўсьведамляем, што не культура павінна быць закладніцай палітыкі, а сама палітыка ёсьць інтэгральнай часткай культуры. Беларусізацыю мы разумеем як зьмест працэсу эўрапеізацыі. Існаваць паміж Польшчай і Балтыяй з аднаго боку і Расеяй з другога як роўныя сярод роўных - мы можам толькі ў гэткай самай нацыянальнай, культурнай, цывілізацыйнай кандыцыі, а ня ў стане эвалюцыйна ніжэйшага і недафармаванага.

Палова з нас гаворыць па-беларуску, а палова па-расейску. Палова падтрымлівае афіцыйную палітыку, палова крытыкуе яе. Палова супрацоўнічае зь дзяржаўнымі структурамі, палова працуе ў недзяржаўным сэктары. Але ўсё гэта ніякім чынам не ўплывае на зьмест нашых думак, што ўсе скіраваныя да адзінства і грунтуюцца на глыбокай любові да нашае Радзімы-Беларусі і прасякнутыя клопатам пра яе заўтрашні дзень.

Канфліктнасьць, якая панавала ў сфэры мовы, культуры і нацыятворчасьці доўгія гады, мела вынікам зьніжэньне агульнага ўзроўню актуальнай культуры. Яна захварэла на правінцыялізм і другаснасьць, калі цэнтры і першаўзоры культуры ў сьвядомасьці дзейных асобаў знаходзяцца не ў Беларусі, а дзесьці за мяжой - у Расеі ці на Захадзе. На нашу думку, гэтая другаснасьць будзе пераадоленая разам зь вяртаньнем да прынцыпу адзінства культуры.

Каб нашы словы не засталіся пустой дэклярацыяй, мы прапануем усім суб’ектам культуры ў Беларусі далучыцца да нашай ініцыятывы Адзінства Культуры, якую мы назвалі Гётынгенскім працэсам.

Гётынген-2010,

[email protected]

*Гэты тэкст напісаны па-беларуску клясычным правапісам, але можа распаўсюджвацца і любым іншым правапісам і на любой іншай мове.

**Арганізацыйна-дзейнасная гульня “Сфэра культуры: ацэнка стану, пэрспэктывы разьвіцьця” адбылася 8-13 лютага 2010 году. Апроч групы мэтадолягаў на чале з Уладзімерам Мацкевічам (”Цэнтар сацыяльных інавацыяў”, АГТ), у ёй удзельнічалі прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў Тацяна Пашавалава, Ірына Сухій, Аляксандар Каралевіч, Валянцін Гефтэр, прадстаўнікі СМІ Аляксей Братачкін, Дзьмітры Карэнка, Сяргей Макарэвіч, Аляксей Андрэеў, Андрэй Расінскі, сацыёлягі Сяргей Гоцін і Аляксей Ластоўскі, а таксама літаратары, музыкі, мастакі Валянцін Акудовіч, Севярын Квяткоўскі, Ясь Калмыкоў, Міхал Анемпадыстаў, Аляксей Лосік, Алег Хаменка, Ганна Кісьліцына, Сяргей Дубавец, Настасься Хмель.

***Горад у Ніжняй Саксоніі са старымі ўнівэрсытэцкімі традыцыямі, адкуль выйшла каля пяцідзесяці ляўрэатаў прэміі Нобэля.

ГЁТЫНГЕНСКІ ПРАЦЭС

каляндар культуры

Было б дзіўна, калі б, запрасіўшы да Адзінства Культуры, мы не прапанавалі мэханізмаў, празь якія кожны, хто падзяляе гэтыя думкі, мог далучыцца і дэкляраваць сваю пазыцыю.

Наш першы мэханізм мы назвалі Календаром Культуры. Ён прызначаны да ўсіх без выключэньня трансьлятараў культуры - мас-мэдыя, імпрэзаў і праектаў. Гаворка ідзе пра аб’яднаньне ўсіх беларускіх “экранаў” трансьляцыі - ад вечарыны ў сельскім клюбе да беларускага тэлеканалу, ад старонак масавай газэты да прыватнай старонкі ў інтэрнэце, ад канцэрту на сталічным стадыёне да асабістае камунікацыі.

Безь якога-кольвек умяшаньня ў сувэрэнітэт трансьлятараў, мы прапануем усім адгукнуцца на нашу дэклярацыю Календаром Культуры. У пэўны дзень мы ўсе ў той форме, якую пажадаем, будзем прыгадваць тых самых дзейных асобаў культуры, хто сёньня рэальна і прызнана спрычыняецца да яе багацьця і здабыткаў, незалежна ад таго, у які “лягер” яго запісала пагалоска. Няхай гэты дзень будзе днём нараджэньня актуальнага беларускага творцы і пасьпяховага мэнэджэра.

Хтосьці ў гэты дзень згадае яго адным радком, хтосьці зробіць зь ім інтэрвію, апублікуе фотасэсію, крытычны артыкул ці дакумэнтальны фільм, надрукуе ці пакажа нешта зь ягоных твораў. Кожны з трансьлятараў выбера тую форму, якая блізкая яму. Галоўнае тое, што імя актуальнага творцы ў гэты дзень прагучыць на сотнях і тысячах малых і вялікіх “экранаў” і ў выніку зьявіцца на самым вялікім “экране” грамадзкае ўвагі беларусаў. Урэшце гэта паспрыяе яднаньню ня толькі ўдзельнікаў культурнага працэсу, але і ўсёй беларускай нацыі вакол такіх зразумелых паняткаў, як “наш культурны герой”, “дзень нараджэньня”, “выдатны твор мастацтва”.

Каляндар Культуры - толькі першы крок, першая практычная ініцыятыва Гётынгенскага працэсу.

Калі гэта спатрэбіцца, інфармацыйную дапамогу вам акажа сайт “Будзьма разам!”

[email protected]

КАЛЯНДАР КУЛЬТУРЫ

Прапанаваны сьпіс ня можа быць поўным, бо жывы культурны працэс увесь час прыносіць новыя здабыткі і пазбаўляецца ад таго, што страціла актуальнасьць. Мы спадзяемся, што вы самі ўнесяце ў гэты сьпіс дадатковыя імёны. Адно крытэрыем адбору мусіць быць цэнтраванасьць творцы ці мэнэджэра не на Расеі ці Захадзе, а на Беларусі, і, натуральна, відавочная каштоўнасьць самога творцы, ягонага даробку і вобразу. Для азначэньня мы абралі словы “ўнікальны”, “пасьпяховы” і “актуальны” - той, што на слыху.

5 студзеня 1965 году нарадзіўся Артур Клінаў, мастак, беларускі культурны герой, стваральнік папулярных вобразаў “Горад Сонца”, “Партызан” і іншых.

13 студзеня 1961 году нарадзіўся Генадзь Сагановіч, стваральнік часопіса “Беларускі Гістарычны Агляд”, адзінага прафэсійнага гістарычнага выданьня зь Беларусі, якое чытаюць ва ўнівэрсытэцкіх колах усяго сьвету.

9 лютага 1959 году нарадзіўся Віктар Шалкевіч, актуальны беларускі бард

13 лютага 1973 году нарадзіўся Андрэй Хадановіч, пасьпяховы папулярызатар беларускай літаратуры.

21 лютага 1947 году нарадзіўся Міхаіл Фінберг, пасьпяховы мэнэджэр музычных праектаў.

24 лютага 1953 нарадзілася Алена Адамчык, стваральніца пасьпяховых праектаў у фотамастацтве.

24 лютага 1935 году нарадзіўся Рыгор Барадулін, клясык беларускай літаратуры.

09 сакавіка 1962 нарадзіўся Гэнік Лойка, стваральнік унікальных скульптурных пленэраў “Легенды зь пяску”.

10 сакавіка 1940 году нарадзіўся Аляксей Марачкін, мастак, пачынальнік нацыянальнага культурнага адраджэньня ў найноўшай гісторыі Беларусі.

16 сакавіка 1964 году нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў, стваральнік пасьпяховых культурных праектаў, мюзыкла “Народны альбом” і мноства папулярных песень.

4 красавіка 1967 году нарадзіўся Алег Хаменка, стваральнік фольк-мадэрну - новага кірунку ў сучаснай музыцы, лідэр папулярнага гурта “Палац”.

13 красавіка 1960 нарадзіўся Генадзь Мацур, мэтр беларускай каліграфіі, пасьпяховы кніжны дызайнэр.

14 красавіка нарадзілася Арына Вячорка, заснавальніца рыцарскага руху ў Беларусі, мэнэджэр пасьпяховых музычных праектаў (“Музыка Літвы і Кароны”, “Музыка храмаў Беларусі” і інш.)

18 красавіка 1976 году нарадзіўся Ўладзімер Пугач, лідэр папулярнага гурта J-Mors

21 красавіка 1968 году нарадзіўся Аляксей Андрэеў, стваральнік часопіса “Маналог”, пасьпяховы папулярызатар беларускай культуры ў расейскамоўным сьвеце.

28 красавіка 1986 году нарадзіўся Віталь Рыжкоў, найбольш пасьпяховы з маладых беларускіх паэтаў.

15 траўня 1960 году нарадзіўся Кірыла Насаеў, харавы дырыжор, аўтар пасьпяховых музычных праектаў (“Унія”, “Музыка Літвы і Кароны”, “Менка” і інш.)

18 траўня 1972 году нарадзіўся Аляксандар Кулінковіч, лідэр папулярнага гурта “Нэўрадзюбэль”

29 траўня нарадзілася Сьвятлана Зелянкоўская, прызнаная дзіва беларускага тэатру і кіно.

9 чэрвеня 1958 году нарадзіўся Алесь Камоцкі, актуальны беларускі бард.

18 чэрвеня 1950 году нарадзіўся Валянцін Акудовіч, актуальны беларускі філёзаф, стваральнік унікальнага вобразу беларускага філёзафа, зразумелага шырокай публіцы.

5 ліпеня нарадзілася Людміла Рублеўская, пасьпяховы папулярызатар беларускай культуры.

17 ліпеня 1959 году нарадзіўся Барыс Пятровіч, першы беларускі літаратар, які атрымаў прызнаньне ў Швэцыі.

20 ліпеня 1971 году нарадзіўся Зьміцер Вайцюшкевіч, актуальны беларускі бард.

6 жніўня 1957 году нарадзіўся Мікалай Пінігін, стваральнік аншлягавага беларускага тэатру.

7 жніўня 1932 году нарадзіўся Адам Мальдзіс, пасьпяховы папулярызатар беларускае культуры.

20 жніўня нарадзілася Ірына Дубянецкая, актуальны філёзаф, адзіная ў Беларусі жанчына - доктар багаслоўя.

25 жніўня 1953 году нарадзіўся Ўладзімер Арлоў, найбольш пасьпяховы папулярызатар беларускай гісторыі.

8 верасьня нарадзілася Ганна Кісьліцына, найбольш пасьпяховы папулярызатар беларускай літаратуры.

14 верасьня 1965 году нарадзіўся Лявон Вольскі, стваральнік пасьпяховых музычных праектаў (“НРМ”, “Крамбамбуля” і інш.)

10 кастрычніка 1957 нарадзіўся Леанід Дранько-Майсюк, найбольш пасьпяховы папулярызатар беларускага слова.

1 лістапада 1969 году нарадзіўся Зьміцер Бартосік, актуальны беларускі бард.

15 лістапада 1947 году нарадзіўся Анатоль Ярмоленка, лідэр пасьпяховага гурта “Сябры”.

22 лістапада 1974 нарадзіўся Зміцер Сасноўскі, лідэр папулярнага гурта “Стары Ольса”.

26 лістапада 1961 нарадзіўся Віктар Аслюк, найбольш пасьпяховы беларускі кінадакумэнталіст.

30 лістапада 1971 году нарадзіўся Андрэй Кудзіненка, стваральнік беларускага кіно (“Акупацыя. Містэрыі”, “Масакра”).

5 сьнежня нарадзілася Алена Казанцава, пасьпяховая беларуская паэтка, якая піша па-расейску.

5 снежня 1947 году нарадзіўся Алесь Разанаў, стваральнік беларускага паэтычнага авангарду.

16 снежня 1955 году нарадзіўся Слава Корань, лідэр папулярнага гурта “Уліс”.

24 снежня 1967 нарадзіўся Яўген Калмыкоў, прадусар папулярнага гурта “Ляпіс Трубяцкой”.

29 снежня 1957 нарадзіўся Зміцер Колас, найбольш пасьпяховы папулярызатар сусьветнай інтэлектуальнай спадчыны па-беларуску, перакладчык і выдавец.

Гётынгенскі працэс

Cпасылка

 

Видео