BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Павал Латушка будзе займацца іміджам Беларусі за мяжой

11.10.2009
Павал Латушка будзе займацца іміджам Беларусі за мяжой
Міністар культуры Беларусі Павал Латушка лічыць, што  культура ёсьць адным з важнейшых фактараў у фармаваньні іміджу краіны па-за яе межамі. У сувязі з гэтым Латушка зьвяртае ўвагу на неабходнасьць пашырэньня міждзяржаўнага супрацоўніцтва, а таксама на стварэньне за мяжой шэрагу культурніцкіх беларускіх цэнтраў.

У наступным годзе Дні культуры Беларусі пройдуць у Кітаі, Славэніі й Вугоршчыне, у Расеі будзе аб’яўлены Год культуры Беларусі, а ў краінах-суседках – Польшчы, Летуве, Украіне, Латвіі – адбудзецца цэлы шэраг культурніцкіх акцый.

Міністар культуры Беларусі Павал Латушка лічыць, што неабходна пашыраць супрацоўніцтва ў галіне культуры з Польшчаю як краінаю, зь якой аб’ядноўвае багатая сумесная гісторыка-культурная спадчына.

Міністэрства культуры накіравала запрашэньне міністру культуры Польшчы наведаць Беларусь зь візытам. Плянуецца сумесна ажыцьцявіць інаўгурацыю Году Шапэна ў Беларусі, што мае быць абвешчана ў якасьці сусьветнай акцыі.

Павал Латушка: З Рэспублікай Польшча мы зацікаўленыя ў актыўнай працы міжурадавай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Дарэчы, апошняе пасяджэньне гэтай камісіі адбылося ў чэрвені ў Горадні на ўзроўні намесьнікаў міністраў культуры. Мы зацікаўленыя супрацоўнічаць у рэканструкцыі й рэстаўрацыі помнікаў, музэефікацыі аб’ектаў сумеснай гісторыка-культурнай спадчыны. Мы зацікаўленыя ва ўсталяваньні прамога супрацоўніцтва Нацыянальных музэяў і бібліятэк Беларусі й Польшчы, сумесным удзеле ў фэстывалях тэатраў, тэатраў народнага мастацтва й фальклёру. Будзем працаваць над унясеньнем Аўгустоўскага каналу ў Сьпіс сусьветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Таксама міністар спадзяецца завяршыць культурніцкую акцыю, якую распачаў яшчэ ў статусе пасла Беларусі ў Польшчы.

Павал Латушка: Спадзяемся, што польскі бок рэалізуе той праект, аб якім мне даводзілася дамаўляцца як паслу Беларусі ў Польшчы, і перадасьць беларускаму боку копію партрэтаў зь нясьвіскай калекцыі Радзівілаў, якія ў 1950-м годзе былі перададзеныя Польскай Народнай Рэспубліцы па рашэньню ўраду БССР.

Шчыльная супраца мае быць і зь летувіскім бокам. Напрыклад, адзін зь летувіскіх тэатраў будзе ўдзельнічаць у міжнародным тэатральным фэсьце “Панарама”, які 7 кастрычніка адчыніцца ў Менску, абмяркоўваецца варыянт прэзэнтацыі культур Беларусі й Летувы ў штаб-кватэры Эўразьвязу ў Брусэлі. Шэраг праектаў у сфэры культуры будзе рэалізаваны ў межах праграмы “Ўсходняе партнэрства”. У іх ліку – праца беларуска-летувіскай экспэртнай групы па культурнай спадчыне й стварэньне сумеснага беларуска-летувіскага мастацкага фільму, прысьвечанага 600-годзьдзю Грунвальдзкай бітвы.

Ужо ў гэтым месяцы пройдзе сумесная калегія Міністэрстваў культуры, спорту й турызму па пытаньні разьвіцьця айчыннага турызму. На ёй у шэрагу іншых будуць разгледжаныя беларуска-летувіскі праект “Замкі ВКЛ” і нацыянальны “Залатое кальцо Беларусі”.

Спасылка

Видео