BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Лех Качыньскі ратыфікаваў Лісабонскую дамову

11.10.2009
Лех Качыньскі ратыфікаваў Лісабонскую дамову

Лех Качыньскі ратыфікаваў сёньня Лісабонскую дамову. Цырымонія адбылася ў Прэзыдэнцкім палацы ў Варшаве. У ёй узялі ўдзел прэм’ер-міністар Дональд Туск, прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк, старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу, а таксама прэм’ер-міністар Швэцыі Фрэдрык Райнфэльдт.

Гэты крок прэзыдэнт Польшчы павінен быў зрабіць яшчэ летась. Тады перашкодзілі вынікі рэфэрэндуму ў Ірляндыі, пасьля абвяшчэньня якіх Лех Качыньскі заявіў, што такі подпіс цяпер немэтазгодны. Але калі Дублін паабяцаў правесьці паўторны рэфэрэндум, Качыньскі заявіў, што Польшча ратыфікуе дамову на другі дзень пасьля ірляндзкага рэфэрэндуму.

Больш за тыдзень пасьля абвяшчэньня вынікаў рэфэрэндуму ў Ірляндыі спатрэбілася польскаму прэзыдэнту, каб нарэшце падпісаць дакумэнт, зьмест якога ён, дарэчы, сам абмяркоўваў. А да таго ж, пасьля заканчэньня дэбатаў, назваў вынік перамоваў посьпехам Польшчы.

Сёньня таксама не абыйшлося безь сюрпрызаў. Асадка прэзыдэнта не хацела пісаць, калі Качыньскі нахіліўся над дакумэнтам. Але гэтым разам пытаньне было вырашана імгненна й галава дзяржавы атрымаў новую асадку.

Найперш Лех Качыньскі пасьпяшаўся абвергнуць сьцьверджаньне польскай апазыцыі, што калі б Ірляндыя не ратыфікавала Лісабонскага трактату, то й ён бы ніколі гэтага не зрабіў.

Л. Качыньскі: Польшча была й будзе сувэрэннай краінай. Полькі й палякі, а не ірляндцы, павінны вырашаць: ратыфікаваць дамову, ці не. Гэта было й ёсьць нашым рашэньнем. У Эўразьвязе, пасьля ратыфікацыі Лісабонскай дамовы, у самых важных справах цяпер будзе абавязваць прынцып адзінадумства.

Прэзыдэнт таксама дадаў, што дамова не абмяжуе кіраўніцтва краіны ў працэсе прыняцьця рашэньняў, і ня будзе ўяўляць абсалютна ніякай пагрозы для нацыянальнай самасьвядомасьці палякаў.

Дональд Туск у сваім выступе падкрэсьліў, што ратыфікацыя Польшчай Лісабонскай дамовы зьяўляецца лягічным працягам рашэньня палякаў аб уваходзе ў Эўразьвяз.

Д. Туск: Інтуіцыя, веды й гістарычны досьвед падказвалі палякам, што сапраўдная бясьпека, сапраўдная сувэрэннасьць, якая здольная абараніць народ у моманце небясьпекі, і ўвогуле бясьпека ў кожным аспэкце, ад самых простых справаў да энэргетычнай бясьпекі, будзе лепш забясьпечаная ў супольнасьці.

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк заявіў, што Лісабонская дамова павялічвае вагу эўрапейскай супольнасьці.

Е. Бузэк: Гэтая дамова вельмі важная для нас, яна дае нам новую сілу, новы спосаб дзеяньня ў Эўразьвязе. Эўрапарлямэнт, які я прадстаўляю, будзе мець больш паўнамоцтваў, а гэта сьведчыць пра дэмакратычную моц Эўразьвязу. Дэпутатаў ЭП абіралі 500 млн. грамадзянаў Эўропы.

Галава Эўрапейскага парлямэнту заклікаў таксама браць пад увагу меркаваньне апанэнтаў Лісабонскай дамовы.

Е. Бузэк: Трэба слухаць іх голас і чуць іхны пасыл. Дзякуючы нашай адкрытасьці на тых, хто думае інакш, мы будзем мацнейшымі. Мы будзем салідарнымі. Трэба пісаць нашую эўрапейскую гісторыю разам. Усе мы – 500 млн. эўрапейцаў.

Але, каб Лісабонская дамова стала дзейным дакумэнтам, патрэбны яшчэ подпіс прэзыдэнта Чэхіі. Вацлаў Кляўс, прынцыповы апанэнт гэтага дакумэнту, пакуль не сьпяшаецца яго падпісваць. Чэскі лідэр абяцае зрабіць гэта толькі ў тым выпадку, калі ў дакумэнт будуць дадазеныя два сказы пра тое, што яго краіну будзе абавязваць так званая Хартыя асноўных правоў. У практыцы гэта азначае, што міжнародны суд ня зможа ануляваць аніводнага запісу чэскага заканадаўства.

Хартыя была адхіленая з увагі на пазыцыю Польшчы й Вялікабрытаніі, якія адмовіліся падпісваць дакумэнт. Лёндан матываваў сваё рашэньне абаронай сацыяльных і прафсаюзных правоў сваіх грамадзян, якія б страцілі на прыняцьці Хартыі. Польшча, у сваю чаргу, тлумачыла непрыняцьце Хартыі нежаданьнем пагаджацца на пэўныя грамадзкія запісы, такія, як, напрыклад, гомаксуальныя шлюбы.

Вацлаў Кляўс жадае цяпер, каб Брусэль зрабіў выключэньне для Чэхіі, якое ў свой час было зроблена для Польшчы й Вялікабрытаніі.

Cпасылка

 

Видео