BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Эўропа – у сэрцы Беларусі

11.10.2009
Эўропа – у сэрцы Беларусі

Убачыць Беларусь як эўрапейскую краіну прапануе Рух "За Свабоду", які арганізуе фотаконкурс з адпаведнаю назваю - "Эўрапейская Беларусь". Фотаконкурс прымеркаваны да правядзеньня Беларускага Эўрапейскага форуму.

Наколькі складана ўбачыць прыкметы эўрапейскай краіны ў сучаснай Беларусі спрабавала высьветліць Ганна Гарачка ў размове са слынным фотамастаком Георгіем Ліхтаровічам.

Г. Ліхтаровіч: Для мяне гэта не праблема. Беларусь, безумоўна, эўрапейская краіна. Тое, што засталося (хоць і вельмі мала), я маю на ўвазе, напрыклад, помнікі дойлідзтва, сьведчаць пра эўрапейскасьць Беларусі. На жаль, у мінулым часе. У цяперашнім часе мы захавалі, нягледзячы ні на што, краявіды, якім можа пазайздросьціць любая эўрапейская краіна. Хоць і тут праблемы - лясы высякаюцца, шкода наносіцца навакольнаму асяродзьдзю, шмат якія рэчкі сталі каналамі... Але ёсьць тое, што мы называем някранутай прыродай.

Гэта больш цяжкая задача паказаць эўрапейскую Беларусь, чым, напрыклад, наадварот, паказаць краіну, дзе жорсткая ўлада?..

Г. Ліхтаровіч: Безумоўна. Гэта лягчэй, бо шмат прыкладаў на кожным кроку. Але, нягледзячы на ўладу, беларусам ёсьць чым ганарыцца. Не Лукашэнка ж робіць тое, што нейкія прадпрыемствы маюць прыстойны выгляд. Гэта робяць беларусы, што жывуць на гэтай зямлі.

Як фотамастакі выбіраюць аб’екты для здымкаў?

Г. Ліхтаровіч: Вельмі па-рознаму. Кожны здымак унікальны. Невядома нават, ці ты выбраў сюжэт, ці ён цябе.

Добры здымак гэта той, што не патрабуе подпісу?

Г. Ліхтаровіч: Так. Можа быць геаграфічная назва, дзе знаходзіцца гэты аб’ект. Але назва заўжды прымушае гледача мысьліць у зададзеным накірунку, а гэта дрэнна. Трэба даваць і гледачу волю.

Да ўдзелу ў фотаконкурсе Рух "За Свабоду" запрашае ўсіх поўнагадовых грамадзянаў, бо пераможца атрымае галоўны прыз − культурна-адукацыйную паездку ў адну са сталіцаў краін Эўразвязу. 20 лепшых фотаздымкаў будуць экспанавацца падчас правядзеньня Беларускага Эўрапейскага форуму.

Спасылка

Видео