BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Чаму ў Беларусі грамадзкія слуханьні - рэдкасьць?

01.10.2009
Чаму ў Беларусі грамадзкія слуханьні - рэдкасьць?

Грамадзкія слуханьні - гэта мэханізм удзелу грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, якія могуць адбіцца на здароўі, ладзе жыцьця яе чальцоў і аказаць нэгатыўнае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе. Згодна з Асноўным Законам - Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь - кожны грамадзянін мае права на неабмежаваны доступ да інфармацыі, акрамя інфармацыі, што ўтрымлівае дзяржаўную таямніцу.  

Навошта патрэбна раіцца з грамадзтвам? 

Мэта грамадзкіх слуханьняў - інфармаваньне зацікаўленай грамадзкасьці, свабоднае, адкрытае абмеркаваньне розных пунктаў погляду на праблему і выпрацоўка кампрамісных, узаемапрымальных рашэньняў. Павінна быць дакладная фармулёўка тэмы слуханьняў; абавязковы распаўсюд папярэдняй інфармацыі; даступнасьць дакумэнтаванай інфармацыі. Па выніках слуханьняў складаецца выніковы дакумэнт, які адлюстроўвае як згоду бакоў, што ўдзельнічаюць у слуханьнях, так і рознагалосьсі, нязгоду, крытычныя заўвагі, альтэрнатыўныя прапановы.  

Грамадзкія слуханьні патрабуюць ад ініцыятараў даволі значных і істотных арганізацыйных і інфармацыйных рэсурсаў. Неабходны таксама практычны досьвед узаемадзеяньня з органамі ўлады, сродкамі масавай інфармацыі, экспэртная база.  

У дэмакратычных краінах грамадзкія слуханьні практыкуюцца палітычнымі ведамствамі пры прыняцьці якіх-небудзь мясцовых законапраектаў, норм, заканадаўчых дакумэнтаў, а таксама пры сур'ёзнай забудове, разьмяшчэньні прамысловых аб'ектаў. Згодна з Орхускай канвэнцыяй аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях, зьвязаных з навакольным асяродзьдзем, краіны, якія да яе далучыліся, абавязкова павінны праводзіць грамадзкія слуханьні, да прыкладу, па разьмяшчэньні АЭС. У Беларусі такія папярэднія слуханьні па ацэнцы ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе адбудуцца 9 кастрычніка ў Астраўцы.  

У правядзеньні грамадзкіх слуханьняў звычайна ўдзельнічаюць два бакі - непасрэдна грамадзкасьць, куды ўваходзяць прадстаўнікі органаў мясцовага самакіраваньня, дэпутаты і “не грамадзкасьць” - прадстаўнікі ўлады, ініцыятары слуханьняў, заказчыкі і выканаўцы нейкіх праектаў, незалежныя экспэрты.  

Роля грамадзкасьці, звычайных грамадзянаў - знаёмства з дакумэнтамі, абмеркаваньне ўсіх плюсоў і мінусаў, заўвагі, альтэрнатыўныя прапановы.

У выніку правядзеньня грамадзкіх слуханьняў фармулююцца рашэньні і рэкамэндацыі, якія накіроўваюцца ў вышэйшыя інстанцыі, органы ўлады.

Асноўныя прынцыпы правядзеньня слуханьняў

Ёсьць агульнапрынятыя асноўныя прынцыпы правядзеньня грамадзкіх слуханьняў:

  • прыцягненьне кваліфікаваных экспэртаў;
  • забесьпячэньне незалежнага аналізу праблем (да прыкладу, правядзеньне экалягічнай экспэртызы);
  • канцэнтрацыя на супастаўленьні ў першую чаргу правераных фактаў;
  • абмеркаваньне праблем на раньняй стадыі іх разгляду органамі ўлады;
  • забесьпячэньне прадстаўніцтва на слуханьнях і інфармаваньня пра іх вынікі ўсіх зацікаўленых грамадзкіх груп;
  • забесьпячэньне прысутнасьці на слуханьнях і інфармаваньня пра іх вынікі прадстаўнікоў уладаў, у кампэтэнцыю якіх уваходзіць рашэньне праблем, якія абмяркоўваюцца;
  • вынясеньне на абмеркаваньне альтэрнатыўных меркаваньняў і праектаў.

Афіцыйная ўлада ігнаруе грамадзкія слуханьні?

У Беларусі, на жаль, грамадзкія слуханьні пакуль зьява даволі рэдкая. Бадай, адзіны прыклад можна ўзгадаць. 20 ліпеня ўпершыню адбыліся грамадзкія слуханьні па тэме “Грамадзянская супольнасьць і дзяржава: мэханізмы ўзаемадзеяньня”. Слуханьні былі арганізаваныя па ініцыятыве шэрагу лідэраў грамадзкіх арганізацый - Уладзіслава Вялічкі, Уладзімера Мацкевіча, Тацяны Пашавалавай, Алены Танкачовай, Алеся Бяляцкага, Жанны Літвіной, Віталя Сіліцкага, Ігара Лялькова ды іншых. Але з боку Грамадзка-кансультацыйнай Рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта на слуханьні прыйшлі толькі, па сутнасьці, прадстаўнікі трэцяга сэктару, якія ўвайшлі ў гэтую Раду: Алег Гулак, Жанна Грынюк, Уладзімер Нісьцюк, Аляксандар Ярашук. Прадстаўнікоў улады на тых слуханьнях не было. І хоць пэрыядычна Рада зьбіраецца на паседжаньні, абмяркоўвае нейкія пытаньні, шчыльнага ўзаемадзеяньня з трэцім сэктарам, з грамадзянскай супольнасьці не назіраецца... 

Улады ведаюць лепш, што народу трэба? 

Асьветніцкае грамадзкае аб'яднаньне “Фонд імя Льва Сапегі” прапануе правесьці грамадзкія слуханьні па праекту Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь”. Праект гэтага закону ў першым чытаньні прыняты 11 чэрвеня 2009. Мяркуецца, што ён будзе вынесены на разгляд на восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў і будзе прыняты ў другім чытаньні. Але ніякага абмеркаваньня ня тое, што з народам - нават з дэпутатамі мясцовых Саветаў не было. Праект распрацавалі ў Адміністрацыі прэзыдэнта і прадставілі на разгляд дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. А дэпутаты асабліва і не ўнікалі ў сутнасьць... 

Экспэрты Фонду імя Сапегі падрыхтавалі інфармацыйную запіску да праекту Закона, якая складаецца з трох частак: канцэптуальных заўвагаў і прапановаў; паартыкульных зьмяненьняў, дапаўненьняў і іх абгрунтаваньняў; высноваў і прапановаў. У трэцяй частцы “Высновы і прапановы” запісана: “Нягледзячы на вялікую значнасьць законапраекту для кожнага грамадзяніна, не было арганізавана яго шырокага абмеркаваньня ня толькі сярод грамадзянаў, але і сярод дэпутатаў мясцовых Саветаў.  

Беларускі законапраект супярэчыць Эўрапейскай хартыі мясцовага самакіраваньня 

Старшыня праўленьня Фонду імя Сапегі Міраслаў Кобаса перакананы, што ў Беларусі няма рэальнага самакіраваньня, за людзей ўсе рашэньні прымае улада.А Закон аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні закранае інтарэсы кожнага грамадзяніна. Людзі павінны самі вырашаць многія лякальныя пытаньні, прымаць рашэньні, да прыкладу, што будаваць ў іх мясцовасьці, удзельнічаць у абмеркаваньні жыцьцёва важных пытаньняў для свайго населенага пункту. А ў цяперашнім праекце закона чорным па беламу запісана, што на першым месцы агульнадзяржаўныя інтарэсы, а потым ужо інтарэсы грамадзянаў. Не прапісана дакладна ў праекце закона права на атрыманьне інфармацыі. І такіх супярэчнасьцяў Эўрапейскай хартыі мясцовага самакіраваньня, якую падпісалі 48 краінаў, у праекце Закона “Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь” шмат. Вось толькі ці прыслухаюцца ўлады к прапанове зладзіць грамадзкія слуханьні па абмеркаваньні законапраекту? 

Людміла Корсак

[email protected]

 

Видео