BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Будаўніцтва АЭС: ці прыслухаюцца да голасу грамадзкасьці?

17.09.2009
 Будаўніцтва АЭС: ці прыслухаюцца да голасу грамадзкасьці?

У 1998 годзе на 4-й канфэрэнцыі міністраў "Навакольнае асяродзьдзе для Эўропы", якая праходзіла ў горадзе Орхус (Данія), Рэспубліка Беларусь падпісала Канвэнцыю аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях, зьвязаных з навакольным асяродзьдзем (Орхуская канвэнцыя).

 

Да таго ж, краіна павінна выконваць і Канвэнцыю аб ацэнцы узьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце. Краіны, якія падпісалі ў Фінляндыі Канвэнцыю Эспа, абавязаныя інфармаваць адна адну, калі плянуемая дзейнасьць можа аказаць трансгранічнае ўзьдзеяньне.

 

Будаўніцтва АЭС у Беларусі – праблема, якая тычыцца ня толькі саміх беларусаў, але хвалюе і суседнія дзяржавы – Расею, Украіну, краіны Балтыі. Таму афіцыйныя беларускія ўлады вымушаныя выконваць міжнародныя патрабаваньні і дэмакратычныя працэдуры – раіцца з народам у прыняцьці лёсавызначальных рашэньняў.

Пляцоўка не зацьверджаная, але слуханьні прызначаны ў Астраўцы

 

Згодна з сацыялягічным дасьледаваньнем 2007 года (на якое спасылаюцца афіцыйныя улады), 59% жыхароў краіны падтрымліваюць будаўніцтва АЭС. Улады абяцаюць правесьці ў 2009 – 2010 гадах дадатковыя дасьледаваньні, якія дазволяць ўдакладніць гэтыя зьвесткі.

 

І хаця канчатковае рашэньне па выбару пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС яшчэ не прынятае, у якасьці магчымых пляцовак разглядаюцца тры – Кукшынаўская і Краснапалянская ў Магілёўскай вобласьці і Астравецкая –  у Гарадзенскай. Прыярытэтнай пляцоўкай зьяўляецца Астравецкая, якая зусім побач з межамі Эўразьвязу. Але, паводле вядучага інжынэра-тэхноляга  Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі Міхаіла Жука, пакуль рана казаць пра Астравец як пра канчатковы варыянт, неабходна дачакацца правядзеньня грамадзкіх слуханьняў.

 

Грамадзкія слуханьні па ацэнцы ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе заплянаваныя на 9 кастрычніка. Пройдуць яны ў гарадзкім пасёлку Астравец. Актывісты Антыядзернага беларускага руху выказваюць перасьцярогу, што слуханьні гэтыя – чыстая фармальнасьць, што ўлады даўно ўжо ўсё вырашылі, не раячыся з народам.

Вось толькі два аргумэнты.

Першы: 27 жніўня 2009 года на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым Аляксандар Лукашэнка заявіў: “У 2010 годзе мы прыступім да сумеснай працы па ўзьвядзеньню непасрэдна станцыі”.

Другі: у Астравецкім раёне на ўчастку ад вёскі Гоза да Міхалішак у накірунку Валейкуны ўжо вядуцца маштабныя дарожныя работы – а менавіта каля Валейкунаў знаходзіцца пляцоўка пад АЭС.

 

А як у суседзяў?

 

Грамадзкія слуханьні па ацэнцы ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе – звычайная міжнародная практыка. У суседняй Расеі, да прыкладу, год таму прайшлі грамадзкія слуханьні па выкарыстаньні, абясшкоджваньні і разьмяшчэньні радыёактыўных адкідаў на Новаваронежскай АЭС. 4 верасьня 2009 года адбыліся грамадзкія слуханьні па будаўніцтву Ніжагародзкай АЭС. Перад пачаткам газаправоду Nord Stream у Балтыйскім моры (а тут закраналіся інтарэсы Расеі, Фінляндыі, Швэцыі, Даніі і Нямеччыны) – было праведзена больш за 30 грамадзкіх слуханьняў у розных краінах. І слушныя заўвагі і меркаваньні экспэртаў былі ўлічаныя, першапачатковы праект быў істотна зьменены.  

 

Мінпрыроды – цалкам “за”

 

Мэта слуханьняў у Астраўцы, як дэкляруюць беларускія ўлады  – максымальна ўлічыць меркаваньні шырокіх колаў грамадзкасьці, навукоўцаў, экспэртаў па мінімізацыі нэгатыўнага ўплыву будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС на навакольнае асяродзьдзе. І зараз зацікаўленыя дзяржаўныя  інстытуты рыхтуюць свае ацэнкі, заўвагі і прапановы.

 

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя падрыхтавала ўжо сваю ацэнку: «У цэлым АЭС – экалягічна бясьпечная. У пэрыяд інжынэрнай падрыхтоўкі тэрыторыі і будаўніцтва магчымае нязначнае ўзьдзеяньне на глебу, расьліннасьць і жывёльны сьвет... Але пазначаныя зьмены не акажуць шкоднага ўплыву на экасыстэмы, што прылягаюць да межаў пляцоўкі станцыі».

 

«Навукоўцы – за без'ядзерную Беларусь» – супраць

 

Працуе над сваімі ацэнкамі, прапановамі і заўвагамі і грамадзкасьць. Увесну 2009 года арганізаваны грамадзкі рух «Навукоўцы – за без'ядзерную Беларусь», у складзе якога -- усясьветна вядомы адмыслоўца па вывучэньні тэктанічных разломаў і мікрасэйсмараянаваньню прафэсар Павал Антрушкевіч; ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін; ліквідатар, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Іван Нікітчанка, экс-прэзыдэнт НАН, акадэмік Аляксандар Вайтовіч, фізык-ядзершчык Ягор Фядзюшын. Яны зараз занятыя сур'ёзным навуковым абгрунтаваньнем, разьлікамі, вывучэньнем наступстваў. .

 

Ці абавязаныя ўлады прыслухацца да голасу грамадзкасьці?

 

Дацэнт катэдры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта Белдзяржунівэрсітэта, юрыст-кансультант Беларускага Орхускага цэнтру Алена Лаеўская кажа: “Цяжка сказаць, ці прыслухаюцца. Згодна з міжнароднымі канвэнцыямі ёсьць дакладнае патрабаваньне – арганізаваць грамадзкія слуханьні, зладзіць абмеркаваньне і выслухаць заўвагі людзей. Але ні ў воднай краіне сьвету няма патрабаваньняў, каб была ўлічаная кожная заўвага грамадзкасьці. Уся сусьветная практыка – і ў Эўропе, і ў Амэрыцы – пабудаваная менавіта на правядзеньні грамадзкіх слуханьняў на розных этапах”.

 

Як паказвае практыка, да некаторых заўваг прыслухоўваюцца, некаторыя проста ігнаруюць. Грамадзкія слуханьні – не адзіная магчымасьць, яны зьяўляюцца адным з многіх дэмакратычных інструмэнтаў. Не задаволеныя вынікамі слуханьняў грамадзяне маюць права зьвяртацца ў судовыя інстанцыі – ажно да міжнародных судоў, і патрабаваць адмены рашэньня, якое не адпавядае экалягічнаму заканадаўству. На жаль, грамадзяне Беларусі часьцяком успрымаюць саму судовую працэдуру як нэгатыў, дадатковыя складанасьці. Юрыст-кансультант Беларускага Орхускага цэнтру Алена Лаеўская лічыць, што гэтыя стэрэатыпы трэба ламаць: “Суд – гэта нармальная працэдура для вырашэньня канфлікту. Яшчэ адзін станоўчы момант, яшчэ адзін плюс судовай працэдуры – гэта распаўсюд інфармацыі, прыцягненьне ўвагі да праблемы, прыцягваньне да праблемы іншых людзей. Акрамя беларускага суду, ёсьць яшчэ Міжнародны камітэт па выкананьні Орхускай канвэнцыі. А Беларусь павінна выконваць свае міжнародныя абавязацельствы. Таму трэба дамагацца сваіх мэтаў і ісьці да канца. Ня трэба мець ілюзій, што да іх прыслухаюцца. Трэба шукаць экспэртаў, якія вельмі коратка, дакладна і пераканаўча сфармуюць супярэчлівасьці з дзеючым заканадаўствам. Патрэбныя навукова аргумэнтаваныя, пісьменныя заўвагі. Агульным палітызаваным лямантам, пікетамі можна толькі нашкодзіць”. 

 

На жаль, мала хто з грамадзянаў Беларусі ўсьведамляе сваё права на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе і верыць у сіду гэтага права, замацаванага артыкулам 46 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Людміла Корсак

[email protected]

Видео