BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Прызначаная дата правядзення Беларускага Еўрапейскага Форуму

08.09.2009
Прызначаная дата правядзення Беларускага Еўрапейскага Форуму
Сёння адбыўся чарговы аргкамітэт Беларускага еўрапейскага форуму пад кіраўніцтвам намесніка Руха “За Свабоду” Юрася Губарэвіча. Галоўным вынікам паседжання стала прызначэнне даты правядзення Форуму – мерапрыемства мае адбыцца 14 лістапада 2009 года.

Да пачатку лістапада ў Беларусі мусяць прайсці рэгіянальныя сходы, на якіх будуць вылучаныя дэлегаты на Беларускі еўрапейскі форум. Цяпер пададзена 86 заявак на правядзенне сходаў па ўсёй краіне. Першыя рэгіянальныя сходы ўжо адбыліся ў Смалявічах і Клецку. Ад гэтых рэгіёнаў дэлегамі былі абраныя сем чалавек.

Аргкамітэт Беларускага еўрапейскага форуму зацвердзіў квоту прадстаўнічасці дэлегатаў, ўзор сімволікі і дакументаў Форуму. Цягам бліжэйшага тыдня распачне працу сайт форума – на ім можна будзе не толькі знайсці інфармацыю пра само мерапрыемства, але і зарэгістраваць сябе як удзельніка рэгіянальнага сходу па вылучэнні дэлегатаў. Арганізатары разлічваюць, што агулам ў Форуме возьмуць удзел каля тысячы чалавек.

Бліжэйшым часам на Беларускі еўрапейскі форум таксама будуць запрошаныя замежныя госці: дэпутаты Еўрапейскага парламенту, прадстаўнікі іншых структураў Еўразвязу і дыпламатычнага корпусу краінаў ЕЗ і краінаў-удзельніц Усходняга Партнёрства, палітыкі, прадстаўляючыя нацыянальныя парламенты. Нагадаем, што адно з першых запрашэнняў было перададзенае Старшыні Еўрапейскага парламенту Ежы Бузэку непасрэдна ад лідэра Руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча.

Беларускі Еўрапейскі Форум – гэта ўнікальная інфарамацыйна-дыскусійная пляцоўка па пытаннях супрацоўніцтва Беларусі і Еўрапейскага Звязу. Гэта дыялог, удзел у якім можа ўзяць любы грамадзянін Беларусі: падзяліцца сваім бачаннем і даведацца пра меркаванне вядомых асобаў Беларусі і Еўропы.

Крызісныя з’явы ў дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, нестабільнасць стасункаў з Расіяй падштурхнулі ўлады да супрацоўніцтва з Еўрапейскім Звязам. Сёння мы бліжэй чым калі да змены геапалітычнага выбару Беларусі. Але толькі пры актыўным удзеле кожнага грамадзяніна Беларусі, падтрымцы з боку грамадзянскай супольнасці, пры палітычным плюралізме намаганні Еўрапейскага Звязу па вяртанні Беларусі ў еўрапейскую сям’ю дадуць плён.

Мэта Беларускага Еўрапейскага Форуму – падтрымаць паварот Беларусі ў бок Еўрапейскага Звязу, зрабіць незваротнымі працэсы еўрапеізацыі Беларусі, мабілізаваць прыхільнікаў і аб’яднаць патэнцыял беларускіх праеўрапейскіх сілаў.

Спасылка

Видео