BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Еўрасаюз можа аплаціць лячэнне грамадзян Беларусі ў Польшчы

02.09.2009
Еўрасаюз можа аплаціць лячэнне грамадзян Беларусі ў Польшчы
ЕC аплоціць 90% выдаткаў на рамонт і закупку самага сучаснага абсталявання беларускіх і польскіх бальніц, калі тыя пачнуць супрацоўнічаць. Польскія прэтэндэнты на еўрапейскія грошы — Цэнтр анкалогіі і бальніца імя Снядэцкага з Беластока — ужо запрасілі калегаў з Гродзеншчыны да сябе, каб абмеркаваць усе дэталі праекта.

Палякі падлічылі, што патрабуюць амаль 8 мільёнаў долараў на новую медтэхніку, карыстацца якой змогуць таксама і беларусы, якія жывуць у памежных рэгіёнах, запэўнілі Еўрарадыё ў адміністрацыі бальніцы імя Снядэцкага.

Супрацоўнік адміністрацыі:
"Праект менавіта ў тым і заключаецца, што беларускія грамадзяне мелі б свабодны доступ да нашай службы аховы здароўя і паслугаў".

Новае медыцынскае абсталяванне атрымаюць таксама і беларускія бальніцы. Яны самі павінны падлічыць неабходную суму. Усе гэтыя дэталі палякі і беларусы абмяркуюць у сярэдзіне верасня, паведаміў нам каардынатар праекта трансгранічнага супрацоўніцтва і дырэктар Дэпартамента рэгіянальнай палітыкі Падляскага ваяводства Веслаў Каміньскі.

Веслаў Каміньскі: "Мы плануем сустрэцца 15 верасня, каб паразмаўляць пра падрабязнасці. Трэба даведацца, што кожны бок лічыць неабходным, каб адрамантаваць бальнічныя памяшканні, дакупіць спецыяльнае абсталяванне, каб палепшыць якасць медыцынскіх паслугаў".

Акрамя гэтага праект двухбаковага супрацоўніцтва прадугледжвае абмен досведам і стажыроўкі лекараў. Беларускіх медыкаў ужо гатовыя прыняць у беластоцкім анкалагічным  Цэнтры. Польскія калегі хочуць таксама павучыцца ў нашых спецыялістаў.

Калі Еўрасаюз ухваліць праект, які запрапануюць польскі і беларускі бок, то яго пачнуць рэалізоўваць ужо ў будучым годзе. Нават калі Беласток да таго часу не ўвойдзе ў зону бязвізавага руху з нашай краінай, складанасцяў з візамі ў хворых беларусаў не будзе, упэўнены Веслаў Каміньскі.

Веслаў Каміньскі: "Думаю, што гэтую праблемы мы б вырашылі. У такіх справах і беларускія, і польскія ўлады заўсёды ішлі нам насустрач. Вядома, цяперашнія нормы ствараюць абмежаванні, але яны не стануць перашкодай для нас".

Дарэчы, наша краіна ўжо ўдзельнічае ў праекце трансгранічнага супрацоўніцтва з Літвой і Латвіяй. У яго межах за грошы Еўрасаюза сёлета адкрылі суперсучасны Цэнтр дыягностыкі спадчынных пухлінаў у Гродне. Спачатку ён разлічваўся толькі на жыхароў памежных рэгіёнаў, аднак туды можа звярнуцца кожны, даведаліся мы ад кіраўніка клінічнай лабараторыі Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы Алега Кузняцова.

Алег Кузняцоў: "Афіцыйна праект быў прадугледжаны для прыгранічных раёнаў, але мы яшчэ не адмовілі ні адной асобе, якая звярнулася да нас і з Віцебска, і з Гомеля, і з Брэста, і з Магілёва. Нікому не адмовілі".

Каб бясплатна абследвацца ў дыягнастычным Цэнтры, трэба запоўніць анкету. На яе падставе лекары вызначаць рызыку спадчыннай хваробы. Дагэтуль Цэнтр апытаў каля 12 тысяч асобаў. 1200 з іх будуць перыядычна абследаваць у Цэнтры.

Спасылка

Видео