BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Саветнік дыпмісіі ФРГ: Каб стаць больш самабытнымі, беларусы павінны размаўляць на сваёй мове

21.08.2009
Саветнік дыпмісіі ФРГ: Каб стаць больш самабытнымі, беларусы павінны размаўляць на сваёй мове
У жніўні сканчаецца трохгадовы тэрмін працы ў Беларусі намесніка амбасадара Германіі ў Беларусi Фрыда Нільзена. За гэты час пры непасрэдным ўдзеле саветніка германскай дыпмісіі ў розных гарадах краіны былі наладжаны канцэрты, выставы і кінапаказы, якія сталі адметнай часткай культурнага жыцця. Пра тое, якой гер Нільзен убачыў Беларусь, якія нашы стравы ўпадабаў і як правільна па-нямецку — Belarus ці Weißrussland, дыпламат распавёў у эфіры Радыё TUT.BY. "Беларусам трэба часцей пахваляцца"

— Што вы ведалі пра Беларусь да прыезду ў нашу краіну і як змянілася вашае ўяўленне праз тры гады працы тут?
 
— Канечне, раней чуў, што Беларусь існуе, але гэта была адзіная еўрапейская краіна, аб якой я нiчога не ведаў. Таму і вырашыў запоўніць прагал пры ўмове, што Міністэрства замежных спраў Германii аплаціць тры гады майго знаходжання тут.
 
Мне падаецца, што за гэты час Беларусь стала больш беларускай, што не можа не радаваць. У прыватнасці, гэта лёгка заўважыць па беларускамоўных плакатах, аб’явах, якіх раней увогуле не было.
 
Думаю, за гэтыя тры гады і Беларусь з Германіяй сталі бліжэй адна да адной. У пачатку 2007-га сітуацыя ў палітыцы і культуры была зусім іншай. Цяпер у нашай краіне ўведзена больш стыпендый для беларусаў, павялічылася колькасць праграм універсітэцкага абмена. Мяне гэта вельмі радуе.
 
— Ці ўбачылі вы падобныя рысы паміж беларусамі і немцамі?
— Сам я нарадзіўся ў Паўночнай Германіі, недалёка ад мяжы з Даніяй. Там таксама, як і ў Беларусі, гавораць няшмат. Напрыклад, у маёй сям’і былі выпадкі, калі, напрыклад, за сталом у нядзелю не казалі адзін аднаму ні слова.
 
Апроч гэтага, я лічу, што беларусы — вельмі годныя, прыстойныя і сціплыя людзі. Часам, я думаю, вам варта быць больш імпульсіўнымі, часцей пахвалявацца чым-небудзь.
 
— У вашых вачах, Беларусь належыць больш да заходняй, еўрапейскай цывілізацыі ці да ўсходняй?
 
— Беларусы павінны самі вырашыць, да якой цывілізацыі яны бліжэй. Але беларуская мова мне падаецца падобнай да польскай, а значыць, еўрапейскай.
 
Акрамя таго, архітэктурныя стылі вашых храмаў, напрыклад, барока, нагадваюць мне будынкі Баварыі. Мае асабістае адчуванне, што я жыў тут, як у Цэнтральнай Еўропе. Беларусь стаіць на моцным культурным заходнім падмурку.
 
— Дарэчы, за тры гады ў Беларусі ці не ўзнікла жаданне вывучыць беларускую (расійскую) мову, каб лепш разумець нашую рэчаіснасць і людзей?
 
— Я вырашыў зараз вучыць беларускую мову.
 
 
"Без інфраструктуры - нікуды"

— Беларускія ўлады ламаюць галаву, распрацоўваючы дактрыну нацыянальнага турызму. Чым, на вашу думку, Беларусь можа зацікавіць замежнікаў?
 
— Хачу падкрэсліць, што Беларусь можа быць вельмі прываблівай для замежнікаў. У вас ёсць прасторныя ландшафты, дзе сустрэнеш не так многа людзей. Беларусь вельмі прыгожая, блакітная і зялёная – гэта вельмі падабаецца турыстам.
 
Не так даўно я быў на маляўнічых Браслаўскіх азёрах. Там не было ні тэнісу, ні пляцоўкі для гольфа. У першыя дні гэта ўспрымалася спакойна, але турыстычная інфраструктура неабходна. І, на маю думку, яе не так складана стварыць. Трэба пабудаваць невялікія ўтульныя гатэлі на еўрапейскі ўзор. З гэтай задачай могуць цудоўна справіцца прыватныя прадпрымальнікі. Самі людзі могуць зрабіць сабе прывабныя лецішчы, сядзібы і зарабляць на гэтым. Напрыклад, мой сябра не так даўно адпачываў з дзецьмі на адным лецішчы пад Полацкам, недалёка ад мяжы з Латвiяй. Паводле ягоных слоў, больш прыемнага адпачынку ў яго жыцці яшчэ не было.
 
— Вы згадалі пра Браслаў… Які куточак Беларусі вы ўпадабалі найбольш?
 
— Што да ландшафту, то мне падабаюцца краявіды каля Прыпяці. Там можна атрымаць асалоду, пракаціўшыся на чоўне і паназіраўшы за птушкамі, якіх няма больш нідзе ў свеце. Яшчэ мне вельмі спадабаўся гатэль на рацэ Бярэзіне ў Бабруйску. З бакоў яго абступіў лес — такі зялёны і роўны, што здалёк падаецца возерам.
 
З гарадоў мне больш за ўсе прыглянуўся Пінск і Гродна. Дарэчы, Мінск можа завабіць замежнікаў сваёй сацыялістычнай архітэктурай, але, у любым выпадку, у сталіцы павінна быць больш гатэляў.


"Дранікі могуць быць і нятлустымі"

— Многія замежнікі, якія бываюць у Беларусі, адзначаюць, што наша ежа вельмі смачная, але тлустая, 

што не ўсім падабаецца. Якія стравы беларускай кухні спадабаліся вам найбольш?
 
— Вельмі многія. З супоў, канечне, халаднік. Апроч гэтага, дранікі, пельмені і торт “Напалеон”. А тлустасць страў залежыць ад таго, якім чынам іх гатуюць. Натуральна, у беларускай традыцыі — тлустыя дранікі, бо ў ранейшыя часы, калі прыходзілася вельмі цяжка працаваць, менавіта з тлушчу атрымлівалі неабходную для гэтага энэргію. Аднак тыя ж дранікі могуць быць і нятлустымі.
 
— Нямецкае піва лічыцца адным з лепшых у свеце. Ці ацанілі беларускае?
 
— За тыя тры гады, што я тут жыў, стасункі паміж Беларуссю і Германіяй сталі даволі цеснымі. Такім жа цесным стаў і мой пояс — гэта праз вашу кухню і напоі. У Беларусі ёсць сваё смачнае піва. Таму зусім не абавязкова імпартаваць сюды нямецкае, што добра і для вашага гандлю. Лічу, што некаторыя беларускія гатункі піва можна было б экспартаваць у Гамбург. Я б далучыўся да гэтага бiзнэсу.
 
 
"Немцам можна павучыцца ў беларусаў"
 
— У Швецыі цяпер разгортваецца грамадская кампанія, актывісты якой патрабуюць ад урадавых установаў і СМІ выкарыстоўваць афіцыйную назву нашай краіны (Belarus) замест гістарычнай (Vitrussland). На вашу думку, як па-нямецку больш правільна: Belarus ці Weißrussland?
 
— Я стараюся ўжываць Belarus, але час ад часу кажу і Weißrussland. Думаю, не варта перабольшваць значэнне гэтых назваў. Калі беларусы хочуць стаць больш самабытнымі, беларускімі, трэба гаварыць на сваёй мове і падтрымлiваць свае традыцыі. Беларуская мова вельмі прыгожая і меладычная, хацелася б часцей яе чуць. Таму тое, як мы называем краіну, безумоўна, важна, але не настолькі, як павага да сваіх каранёў.
 
— Што вы распавядзёце сваім нямецкім знаёмым і калегам пра нашу краіну па вяртанні?
 
— Беларусь не так далёка ад нас, практычна суседняя краіна. Канечне, я скажу, каб яны прыехалі сюды і на ўласныя вочы паглядзелі на прыгажосць беларускіх земляў і беларускіх людзей. У Германіі людзі пачынаюць нервавацца, калі аўтобус спазняецца на некалькі секунд. Беларусы ж ставяцца да ўсяго рахмана, спакойна, нават калі дзесяць гадзін запар ідзе дождж. Я думаю, што нам, немцам, можна павучыцца ў вас гэтай разважлівасці.
 
— Ці было нешта такое, што вам вельмі не спадабалася ў Беларусі, ад чаго вы адчувалі сябе не вельмі камфортна?
 
— Не, нічога такога не магу прыгадаць. Беларусь вельмі ўзбагаціла мяне ў культурным плане.
 
— Ці ёсць у вас жаданне прыехаць сюды зноў праз нейкі час? Што вы не паспелі зрабіць у Беларусі?
 
— Увосень мы плануем правесці ў Беларусі чарговы “Тыдзень Германii”. Таксама я прыеду на Мінскі форум. Акрамя гэтага, мару ажыццявіць падарожжа на чоўне з Віцебска — праз Полацк, Даўгаўпілс, Рыгу. Ва ўсіх касцёлах, якія будуць сустракацца на нашым шляху, я жадаў бы правесці арганныя канцэрты. Хацелася б павандраваць і іншым маршрутам, праз гарады, якія валодалі ў сярэднявеччы Магдэбургскім правам — Навагрудак, Гродна, Каўнас. Гэты шлях найбольш яскрава паказвае нашу агульную культуру і прыналежнасць да заходняй цывілізацыі.

Cпасылка

 

 

Видео