BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Праект прамоцыі Польшчы за мяжой

14.08.2009
Праект прамоцыі Польшчы за мяжой
Польская арганізацыя турызму (POT) заключыла зь Міністэрствам эканомікі дамову аб дафінансаваньні праекту „Прамуем Польшчу разам”. Дзякуючы гэтаму арганізацыя атрымае 30 мільёнаў эўра на прамоцыю краіны за мяжой.

Як паясьняе старшыня Польскай арганізацыі турызму Рафал Шмыткэ, грошы будуць прызначаныя на мэдыйную прамоцыю Польшчы за мяжой. POT хоча рэклямаваць Польшчу ў якасьці прываблівага месца на правядзеньне водпуску ці выходных дзён.

Рафал Шмыткэ: Мэта праекту – прыцягнуць як найбольшую колькасьць замежных турыстаў у Польшчу. Як гэтага дасягнуць? Эўразьвязаўскія сродкі й грошы зь бюджэту хочам прызначыць на рознага роду праекты Польскай арганізацыі турызму. Няма такіх грошай, якія загарантавалі б дастатковую прамоцыю, асабліва калі гаворка ідзе пра настолькі магутны суб’ект, як Польшча. Да гэтай пары нашая дзяржава займае апошняе месца сярод эўразьвязаўскіх краінаў, калі гаворка ідзе пра прамоцыю турызму з бюджэтных сродкаў. Спадзяюся, што дафінансаваньне эўразьвязаўскімі сродкамі дапаможа нам рэалізаваць праекты магутнай прамоцыі на замежных рынках.
У першую чаргу мы засяродзімся на найважнейшых для нас рынках: нямецкім і вялікабрытанскім.

Што ўдалося дасягнуць да гэтай пары? Колькі Польшча зарабіла на гэткіх кампаніях?

Рафал Шмыткэ: Цяжка сказаць, колькі Польшча зарабіла ў выпадку канкрэтнай кампаніі. Дазвольце прадставіць некалькі статыстычных дадзеных. Можна назваць шмат турыстычных краінаў, напрыклад, Егіпет, Туніс, Гішпанію, але Польшча чамусьці не атаесамліваецца з турызмам. Тымчасам, паводле дадзеных, даходы з турызму ў Польшчы перавышаюць даходы зь сельскай гаспадаркі, а таксама з вуглездабываючай ці мэталюргічнай прамысловасьцяў. У 2008 годзе яны склалі каля 6% ВУП. Гэта паказвае, колькі грошай можа паступіць з турызму ў бюджэт дзяржавы ці бюджэты мясцовых уладаў пры стратэгічнай прамоцыі й зацікаўленьні з боку турыстаў, як польскіх, так і замежных.

Тады ў чым праблема: у прамоцыі, сьвядомасьці пакаляў ці адкрыцьці на турыстаў?

Рафал Шмыткэ: Праблема складаная. Зразумела, каб прамаваць, трэб мець што! Па гэтай справе цягам апошніх гадоў назіраецца выразны прагрэс. Гаворка ідзе пра падрыхтоўку турыстычнага прадукту на ўзроўні мясцовым. Узьнікае шмат прафэсійных турыстычных паслугаў, якіх мы не павінны саромецца. Трэба толькі паведаміць пра гэта магчымым кліентам. У турыстычнай галіне дзейнічаюць падобныя прынцыпы, як і ў іншых галінах прамысловасьці ці паслугаў. Кліента трэба зацікавіць і пераканаць, каб ён скарыстаўся прапанаванай паслугай. 

Ці праект „Прамуем Польшчу разам” зьвязаны зь цесным супрацоўніцтвам з установамі ў іншых краінах? Ці, напрыклад, рэклямны ролік на тэлеканале CNN таксама зьвязаны з праектам „Прамуем Польшчу разам”?

Рафал Шмыткэ : Рэклямны ролік у CNN - гэта працяг нашых дзеяньняў зь мінулага году. Упершыню мы пачалі супрацоўніцтва з тэлевізіяй CNN. Мінулагодні досьвед пераканаў нас працягваць супрацу. Усе нашыя прамацыйныя дзеяньні спалучаныя. Частку фінансуе дзяржаўны бюджэт, а частку эўразьвязаўскія сродкі. Аднак, самае галоўнае - гэта ідэя, як дайсьці да кліента, як яго зацікавіць.

Нашым суразмоўцам быў старшыня Польскай арганізацыі турызму Рафал Шмыткэ.
Нагадаем, што ў мінулым годзе арганізацыя правяла шырокамаштабную акцыю прамоцыі Польшчы на тэлеканале CNN International, якая працягвалася некалькі тыдняў.

Спасылка

Видео