BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусы сталі менш ездзіць на працу за мяжу

14.08.2009
Беларусы сталі менш ездзіць на працу за мяжу

З-за крызісу большасць еўрапейскіх краін закрываюць свае працоўныя рынкі. Сёлета колькасць беларусаў, якія выяжджаюць на працу за мяжу істотна знізілася. Пра гэта заявіў намеснік начальніка ўпраўлення знешняй працоўнай міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Татура.

Еўрарадыё вырашыла высветліць, якія магчымасці для працы за мяжой застаюцца ў нашых суайчыннікаў. Па кансультацыю мы звярнуліся ў агенцыю па працаўладкаванню за мяжой “Джэтэкспа”.

Па словах яе супрацоўніцы, сёлета для жадаючых выехаць на працу за мяжу сапраўды стварыліся не самыя спрыяльныя ўмовы. У сувязі з крызісам большасць еўрапейскіх краінаў закрываюць свае працоўныя рынкі для эмігрантаў.

Супрацоўніца “Джэтэкспа”: “У нас былі моладзевыя студэнцкія праграмы для працы ў сельскай гаспадарцы ў Вялікабрытаніі, напрыклад. Вялікабрытанія цалкам перагледзела сваё стаўленне да эмігрантаў і да прыцягнення працоўнай сілы. То бок у прынцыпе Вялікабрытанія не выдае так лёгка працоўныя дазволы грамадзянам не Еўрасаюза”.

У Злучаныя Штаты нашыя суайчыннікі таксама пачалі ездзіць радзей. Што праўда, эміграцыйнае заканадаўства там ніхто не мяняў, але самі працадаўцы, у сувязі з крызісам, не могуць запрашаць такой колькасці працоўных, як раней.

Ёсць і іншая прычына зніжэння папулярнасці Штатаў — беларусы, з-за крызісу, не так ахвотна выдаюць 1500-2000 тысячы долараў, на тое, каб іх дзеці-студэнты маглі паехаць на 3 месяцы па праграмах кшталту “work&travel”. Пра гэта нам распавёў супрацоўнік цэнтру міжнароднага абмену ў Мінску:

Справа ў тым, што студэнты, яны ж утрыманцы, аплату праграмы уносяць іх бацькі. Адпаведна, калі праблемы ў бацькоў на працы, то і студэнтаў менш выязджае. У параўнанні з мінулым годам лічба была ніжэй. На адсоткаў 30-40”.

Як відаць, з пачаткам сусветнага фінансавага крызісу, традыцыйныя накірункі працоўнай эміграцыі, аблюбаваныя нашымі суайчыннікамі, становяцца бадай недасяжнай марай. Але калі вы сур’ёзна настроіліся на тое, каб выехаць у далёкі свет у пошуках шчасця — варыянты знайсці можна. Тая ж агенцыя “Джэтэкспо”, пасля закрыцця брытанскага працоўнага рынку перанакіравалася на Аб’яднаныя Арабскія Эміраты:

Мы займаемся асноўнымі накірункамі, працай у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, у Катары”.

Трэба прызнаць што, праца ў ААЭ выглядае не так прывабна, як у Злучаных Штатах, альбо нават Еўропе. Заробкі, на якія могуць разлічваць нашыя суайчыннікі, вагаюцца ад 500 да 1000 долараў, кліматычныя умовы — 40 градусаў у ценю і вышэй, ды і працоўная дамова падпісваецца мінімум на два гады, што аўтаматычна ставіць крыж на спробах студэнтаў атрымаць хаця б такую працу.

Спасылка

Видео