BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Амбасадар Эдмінас Багдонас: “Літва цёпла вітае і ўхваляе Усходняе партнэрства”

15.05.2009
Амбасадар Эдмінас Багдонас: “Літва цёпла вітае і ўхваляе Усходняе партнэрства”

Iнтэрвію амбасадара Літвы ў Беларусі Эдмінаса Багдонаса eurobelarus.info.

– Спадар амбасадар, як вы ацэньваеце ініцыятыву Усходняга партнэрства, удзел у ёй Беларусі? 

– Літва цёпла вітае і ўхваляе гэтую праграму. Гэта і наша ініцыятыва, хоць яна і называецца польска-швэдзкай ініцыятывай. Мы лічым гэты шлях ня толькі правільным палітычна, але ён выгадны. Для Беларусі шлях супрацоўніцтва з Эўропай у Празе быў ухвалены. Афіцыйны Менск прыняў прапанову Эўразьвязу, грамадзянская супольнасьць таксама. І таму цяпер самае галоўнае – як гэта будзе, якія канкрэтныя захады, крокі адбудуцца, якое канкрэтнае напаўненьне пасьледуе за падпісанымі дакумэнтамі і дэклярацыямі. Як будзе ўвасабляцца ў жыцьцё ўсё падпісанае – вось тут пытаньні.  

– У якіх канкрэтных кірунках супрацоўніцтва Беларусі ў праграме Усходняга партнэрства зацікаўленая суседняя Літва? 

– Мы больш за ўсё зацікаўленыя ў стабільным рэгіёне, у стабільнай сытуацыі ва ўсіх сфэрах. Вельмі важная стабільнасьць у энэргетычнай сыстэме. Ні вы ня можаце быць незалежнымі, ні мы, Літва, ні нават Расея як асобна ўзятыя краіны, ні тая ж самая Эўропа. Гэта ўсё ўзаемазьвязана. Наша адзіная мэта – каб і ўсе асобна ўзятыя краіны, так і Эўропа ў цэлым былі прагназаваным стабільным рэгіёнам. Праграма Усходняга партнэрства закранае шмат інфраструктурных праблем, чалавечых пытаньняў – тыя візавыя пытаньні, энэргетычная бясьпека. То бок у Дэклярацыі ёсьць усё. І ня трэба казаць, што ў краінаў-удзельніц праграмы ёсьць толькі фінансавая зацікаўленасьць. Праграма гэта абсалютна малабюджэтная. Таму што 600 мільёнаў эўра на даволі вялікую прастору, на шэсьць дзяржаваў - гэта, натуральна, няшмат. Але гэта толькі пачатак шляху. І трэба шукаць шляхі супрацоўніцтва менавіта ўзаемавыгаднага. А варыянтаў вельмі і вельмі шмат.  

– Хоць праграма Усходняга партнэрства і не абяцала хуткай адмены візавага рэжыму, але беларусаў вельмі цікавіць спрашчэньне атрыманьня Шэнгенскіх віз і асабліва зьніжэньне коштаў. Не сакрэт, што зараз кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў (60 эўра) істотна вышэйшы, чым для расейцаў ці ўкраінцаў (35 эўра). Ці можна спадзявацца на нейкія зрухі ў гэтым пытаньні? 

– Крыўдна, што самым галоўным у супрацоўніцтве многія лічаць візавае пытаньне. Самае галоўнае – гэта жаданьне, жаданьне быць сябрамі Эўрапейскай супольнасьці. У якіх эўрапейскіх структурах – гэта ўжо другаснае пытаньне. У першую чаргу важныя стратэгічныя пытаньні, а візавае пытаньне – другаснае. Калі мы дамаўляемся, калі мы разумеем адзін аднаго, рашэньне можа быць прынятае вельмі хутка. 

Што тычыцца Літоўскай амбасады, то чвэрць шэнгенскіх візаў мы выдаем для беларусаў бясплатна (для ўдзельнікаў культурніцкіх, адукацыйных праграм, спартоўцаў, дзяцей).  А Літва заўсёды выступае за зьніжэньне кошту віз, за спрашчэньне перасячэньня мяжы для беларусаў. Таму ёсьць адна вельмі прыемная навіна для нашых беларускіх суседзяў. 12-14 чэрвеня на мяжы Літвы і Беларусі, на тэрыторыі замка Нарвіліскіс пройдзе трэці Міжнародны музычны фэстываль “Be2gether”. Традыцыйна туды хочуць трапіць тысячы беларусаў, але шмат каго стрымлівае менавіта візавая праблема. Сёлета тыя грамадзяне Беларусі, якія купляюць квіткі на фэстываль “Be2gether”, што ў перакладзе азначае “Будзьма разам” і зьвяртаюцца ў літоўскую амбасаду, візу атрымліваюць бясплатна.

Гутарыла Людміла Корсак

[email protected]

Видео