BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Дэмакратыя, належнае кіраваньне і стабільнасьць”

15.05.2009
“Дэмакратыя, належнае кіраваньне і стабільнасьць”

У Праграме Усходняга партнэрства прадугледжаны чатыры тэматычныя платформы, якія коратка можна сфармуляваць такім чынам: дэмакратызацыя, эканамічная інтэграцыя, энэргетычная бясьпека, кантакты паміж людзьмі. Дакумэнты, прынятыя ў Празе 7 траўня падчас інаўгурацыйнага саміту Ўсходняга партнэрства, таксама ўхваляюць ідэю стварэньня парлямэнцкай асамблеі Усходняга партнёрства ("Эўрагняздо") і Форуму грамадзянскай супольнасьці. Адзін з найбольш важных для Беларусі накірункаў зь пералічаных чатырох – “Дэмакратыя, належнае кіраваньне і стабільнасьць” (Democracy, good governance and stability).

Як можа разьвівацца супрацоўніцтва ў гэтай галіне, ці сапраўды беларускія ўлады гатовыя шчыльна, адкрыта, празрыста супрацоўнічаць з Эўропай? Ці насамрэч афіцыйны Менск стаў на шлях лібэралізацыі? За першы тыдзень, што прайшоў пасьля праскага саміту, палітыкі рознага ўзроўню і арыентацыі, сродкі масавай інфармацыі выказвалі дыямэтральна процілеглыя думкі. Грамадзтва падзялілася на так званых “эўрааптымістаў” і “эўраскептыкаў”. Як толькі не называлі Усходняе партнэрства: і “Усходнім пазёрствам”, і “Усходняе партнэрства” - 7 старонак бязглузьдзіцы” (дарэчы, так ахарактэрызавала дакумэнты, прынятыя ў Празе, уплывовае амэрыканскае выданьне «The Wall Street Journal»). 

Ці ёсьць пэрспэктывы супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Эўрапейскага Зьвязу ў плятформе “Дэмакратыя, належнае кіраваньне і стабільнасьць” (Democracy, good governance and stability)?

Анатоль Лябедзька: “Пакуль шклянка хутчэй напалову пустая, чым поўная” 

Сустаршыня Аб'яднаных дэмакратычных сіл Беларусі, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выказаў такое меркаваньне: “Калі ўявіць, што Ўсходняе партнэрства – гэта шклянка, і трэба адказаць на пытаньне, яна напалову пустая ці напалову поўная, то на сёньняшні дзень я сказаў бы, што яна напалову пустая. Ёсьць сама шклянка, ёсьць абалонка, ёсьць нейкія межы, але што туды будзе наліта, чым яна будзе запоўненая -на сёньня няма адказу ні ў Менску, ні нават у самім Брусэлі. Усё будзе залежыць ад таго, па-першае, ці будуць створаныя працоўныя групы, якія па кожнай плятформе, па кожным кірунку будуць займацца дэталёвымі  распрацоўкамі зь месцаў, а таксама інструмэнтамі рэалізацыі таго, чым будзе напоўнена гэтая плятформа. Таксама многае будзе залежыць ад таго, ці будуць уключаныя ў гэтыя працоўныя групы ня толькі прадстаўнікі ўладных структур, але і прадстаўнікі апазыцыі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Вось калі будзе прынята палітычнае рашэньне, што патрэбныя менавіта такія працоўныя групы, і фармавацца яны будуць на парытэтных пачатках, куды ўвойдуць ня толькі экспэрты з Эўропы, а і зь Беларусі, ад улады і апазыцыі, тады мы можам гаварыць пра штосьці канкрэтнае. Што, магчыма, нейкі шанец і ёсьць на станоўчыя перамены. Калі ж гэтага не адбудзецца, то, хутчэй за ўсё, бюракраты з Эўропы пойдуць па кароткаму накірунку: тыя інструмэнты, якія выкарыстоўваліся да праграмы ТАСІS, будуць выкарыстаныя і зараз. Гэта азначае, што ўладзе аддадуць ініцыятыву. І гэта будзе, урэшце рэшт, азначаць адно: кансэрвацыю, а не перамены".

Міраслаў Кобаса: “Многае залежыць ад беларускіх уладаў”
 

Старшыня Беларускага грамадзкага аб'яднаньня “Фонд імя Льва Сапегі” Міраслаў Кобаса заўважыў, што ў Беларусі афіцыйныя ўлады традыцыйна ставяцца да трэцяга сэктару, да ініцыятываў грамадзянскай супольнасьці вельмі насьцярожана, а  да апазцыі – наагул нецярпіма. І цягам 10-ці апошніх гадоў гэтыя праблемы толькі абвастраліся. Улады не прывыклі супрацоўнічаць, не прывыклі працаваць адкрыта, прыслухоўвацца да іншай думкі, не прывыклі прадстаўляць інфармацыю. Калі і далей так будзе працягвацца, адна з чатырох плятформаў - Democracy, good governance and stability - пра добрае і якаснае кіраваньне - можа апынуцца ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю пад пагрозай зрыву: “І такое можа быць, і для мяне гэта ня стане нечаканасьцю. Гэта яшчэ раз сьведчыць пра праблемы, якія існуюць: непразрыстасьць дзеяньняў і рашэньняў улады, нежаданьне дыялёгу. Гэта -  вынік цэнтралізаванай аўтарытарнай сыстэмы. Наш Фонд імя Льва Сапегі ўжо цягам 17 гадоў займаецца праблемамі мясцовага самакіраваньня. Самакіраваньне не ўваходзіць  у сыстэму дзяржаўнай улады.  Працаваць ёсьць над чым. І многае залежыць ад беларускіх уладаў, ад жаданьня пайсьці на адкрыты  і шчыры дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю. Таксама многае залежыць ад цьвёрдай, прынцыповай пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу, які павінен патрабаваць ад афіцыйнага Менску ўсіх сваіх умоваў”.  

Людміла Корсак

[email protected]

Видео