BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Зварот Рады беларускай інтэлігенцыі да Саміта еўрапейскіх дзяржаў па праблемам Усходняга партнёрства

06.05.2009
Зварот Рады беларускай інтэлігенцыі да Саміта еўрапейскіх дзяржаў па праблемам Усходняга партнёрства

Рада беларускай інтэлігенцыі звярнулася да ўдзельнікаў Саміта еўрапейскіх дзяржаў па праблемах Усходняга партнёрства ў Празе. Уручыць зварот мае экс-кандыдат на прэзідэнты Беларусі Аляксандар Казулін.

Тэкст звароту:

Шаноўнае спадарства, 

Рада беларускай інтэлігенцыі лічыць удзел у ініцыятыве Усходняга партнёрства вельмі важным для нашай краіны. Беларусь у чарговы раз атрымлівае шанец уключэння ў агульнаеўрапейскія працэсы. Але галоўнае -  як для нас, так і для Еўропы,  – гэта не толькі вырашэнне бягучых эканамічных праблем ці дасягненне нейкіх геапалітычных мэтаў, але і дэмакратычнае рэфармаванне краіны. Без гэтага выкананне праграмы Усходняга партнёрства ў Беларусі проста немагчымае. 

У гісторыі Еўропы дастаткова прыкладаў, калі ігнараванне такіх фундаментальных  каштоўнасцяў, як свабода сумлення і выказвання, справядлівыя выбары, вяршынства закона, права меншасцяў, з-за недальнабачнасці і маладушша пэўных палітычных асобаў,  ці дзеля дасягнення нейкіх прагматычных мэтаў, прыводзіла да катастроф, якія руйнавалі не толькі жаданыя прагматычныя мэты, але і забіралі мільёны чалавечых жыццяў. 

Мы вельмі ўдзячныя краінам Еўразвязу за салідарнасць і падтрымку змагання беларускай грамадскасці супраць рэстаўрацыі таталітарнай сістэмы ў нашай краіне. Мы з разуменнем ставіліся да такіх захадаў, як абарона палітвязняў і падтрымка дэмакратычнага руху, непрызнанне вынікаў беларускіх выбараў, якія праводзіліся з грубымі парушэннямі, ці забарону на ўезд у Еўразвяз шэрагу беларускіх чыноўнікаў, якія спрычыніліся да рэпрэсій супраць дэмакратычнай супольнасці. Гэта бачылася, як лагічная і сумленная рэакцыя на парушэнне базавых нормаў еўрапейскага суіснавання. Менавіта такая салідарнасць, такое прынцыповае стаўленне да таталітарызму і прывяло напрыканцы ХХ стагоддзя да перамогі дэмакратыі ў шматлікіх краінах Усходняй Еўропы, якія з’яўляюцца сёння чальцамі Еўразвязу. 

Але, на наш погляд, апошнім часам палітыка Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі кардынальна мяняецца. Прынцыповасць і цьвёрдасць ператвараецца ў талерантнасць, якая робіцца ўсё больш падобнай на беспрынцыпнасць. Нават былыя дысідэнты ў краінах, якія нядаўна змагаліся за незалежнасць і дэмакратыю, перасеўшы ў міністэрскія фатэлі, пачынаюць разважаць пра існаванне рэчаў больш важных, чым дэмакратычныя каштоўнасці. 

Менавіта таму мы выступаем супраць падзялення Усходняга партнёрства на палітычны і прагмаычны ўзроўні. Перамовы па зместу праграмы “з чыстага ліста”, пры ігнараванні невыканання беларускім рэжымам 12 умоў Еўразвязу і без удзелу прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці, пакідаюць ва ўмовах маральнага гетта дэмакратычна скіраваных грамадзян Беларусі, шматлікіх дзеячоў навукі, культуры і мастацтва, якія не жадаюць служыць інтэлектуальнымі лакеямі рэжыму і імкнуцца на справе спрыяць мэтам, закладзеным у праграме партнёрства. 

Мы лічым, што рэальным сведчаннем сапраўднасці намераў беларускага кіраўніцтва па лібералізацыі сітуацыі ў краіне павінна быць спыненне рэпрэсій па палітычных матывах, магчымасць рэгістрацыі і працы грамадскіх аб’яднанняў, такіх як Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі гуманітарны ліцэй, магчымасць рэгістрацыі і распаўсюду беларускай незалежнай прэсы, акрэдытацыя тэлеканала Белсат. 

Мы заяўляем пра свой цвёрды намер заставацца вернымі названым вышэй гуманістычным і дэмакратычным прынцыпам, якія закладзеныя ў падмурак еўрапейскай цывілізацыі і, незалежна ад вынікаў Саміту, будзем замагацца за іх дясягненне. Мы спадзяемся, што Еўразвяз, у асобах удзельнікаў Саміта,  выпрацуе такія ўмовы, якія на справе спрыялі б усталяванню гэтых прынцыпаў у краінах, якія будуць удзельнічаць у Праграме Усходняга партнёрства. 
 

Сябры Рады беларускай інтэлігенцыі: 

Ул. Колас

З. Мiхнюк

Л. Злотнiкаў

С. Законнiкаў

А. Гуляеў

У. Халiп

В. Iпатава

Я. Фядзюшын

Р. Гарэцкi

I. Нiкiтчанка

З. Бандарэнка

А. Анiсiм

А. Лозка

З. Сiдаровiч

В. Голубеў  

3 мая 2009г. 

Мінск


Видео