BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Дэмакратызацыя Беларусі: міт ці рэальнасьць?

30.04.2009
Дэмакратызацыя Беларусі: міт ці рэальнасьць?
Жадаючы палепшыць стасункі з афіцыйным Менскам, Эўразьвяз можа назаўсёды пахаваць шанцы на дэмакратызацыю Беларусі. Такое меркаваньне выказаў Анатоль Лябедзька на міжнароднай канфэрэнцыі “Дэмакратызацыя Беларусі: міт ці рэальнасьць?”, якая прайшла 29 красавіка ў Варшаве.Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазыцыі, палітыкі з краінаў Эўразьвязу, а таксама кіраўнікі шэрагу эўрапейскіх ды амэрыканскіх дасьледчых цэнтраў спрабавалі адказаць на пытаньне: ці здольны Эўразьвяз зрабіць Беларусь свабоднай? Стэфан Малерыюс, старшыня беларускага прадстаўніцтва фонду імя Конрада Адэнаўэра заявіў, што ў Беларусі ня варта чакаць дэмакратычнай рэвалюцыі. Таму трэба максымальна ўцягнуць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў супрацоўніцтва з Эўропай, а гэта, ў сваю чаргу, паступова прывядзе да незваротных зьменаў у сыстэме ўлады. Прысутныя на канфэрэнцыі беларускія палітыкі былі скептычна настаўленыя да такога сцэнару. Аляксандар Лукашэнка намераны захаваць татальны кантроль над жыцьцём у краіне, а ад Эўропы яму патрэбныя толькі грошы – пра гэта заявілі Анатоль Лябедзька ды Аляксей Янукевіч. Вывад Аляксандра Лукашэнкі зь міжнароднай ізаляцыі ўжо стварыў пэўныя цяжкасьці для беларускіх дэмакратычных палітыкаў. Пра гэта распавядае намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч. А. Янукевіч: Пасьля пацяпленьня адносінаў з Эўразьвязам Аляксандар Лукашэнка выглядае як асоба, якая здольная наладзіць стасункі з Захадам. Раней у гэтай ролі выступалі толькі дэмакраты. Яго візыт да Папы Рымскага таксама зрабіў няпэўнай нашую апору на маральныя каштоўнасьці. Натуральна, нам трэба шукаць новыя тэмы, на якіх мы будзем грунтаваць сваю падтрымку ў грамадзтве. Эўропа хоча дэмакратызаваць Беларусь праз дыялёг, але ня мае ніякага пляну дасягненьня такой мэты. Пра гэта кажа Андрэй Дзьмітрыеў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. А. Дзьмітрыеў: Бракуе адзінага падыходу й адзіных вызначэньняў прагрэсу лібэралізацыі. Калі мы размаўляем пра дэмакратыю, мы павінныя вызначыцца, што мы ўвогуле дэмакратыяй лічым, а таксама якія пасьлядоўныя крокі трэба рабіць, каб дасягнуць нашай мэты. Мы падтрымліваем удзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве, але да гэтай праграмы трэба дадаць “дарожную мапу”. Шэраг эўрапейскіх экспэртаў выказаўся супраць выпрацаваньня “дарожнай мапы” па разьвіцьці стасункаў з Лукашэнкам. Яны лічаць, што такі плян будзе занадта зьвязваць рукі эўрапейскім краінам. Калі Эўразьвяз ня вызначыць, што зьяўляецца сапраўднай дэмакратызацыяй, то ня выключана, што ў будучым ён прызнае нават рэжым “кіраванай дэмакратыі”, які намераны збудаваць у Беларусі Лукашэнка. Пра небясьпеку такога сцэнару казаў Анатоль Лябедзька. А. Лябедзька: “Кіраваная дэмакратыя” паводле расейскага ўзору – гэта тое, што можа быць прынятае значнай часткай Эўропы. Для нас гэта абсалютна непрымальны шлях, бо вядзе ён да кансэрвацыі сытуацыі ў Беларусі. Дыстанцыя да сапраўднай дэмакратыі толькі павялічыцца, а не скараціцца. Я не хацеў бы жыць пры строі, у якім Лукашэнка будзе прызначаць і мясцовых кіраўнікоў уладаў, і дэпутатаў. Няхай нават сярод іх знойдзецца дзесятак людзей з дэмакратычных структураў, але выбіраць іх будзе не народ, а Лукашэнка. Сваё бачаньне стратэгіі Эўразьвязу ў стасунку да Беларусі нам прадставіў Рональд Фродэнштэйн, экспэрт з Цэнтра эўрпейскіх дасьедваньняў. Р. Фродэнштэйн: Нам патрэбная дарожная мапа – плян з канкрэтнымі патрабаваньнямі й тэрмінамі іх рэалізацыі. У выпадку невыкананьня ўмоваў належыць вярнуцца да палітыкі ізаляцыі. Гэта маё меркаваньне, якое не падзяляюць усе сёньняшнія выступоўцы. Адначасова нічога не перашкаджае нам размаўляць з прагматыкамі з асяродзьдзя прэзыдэнта Лукашэнкі. На маю думку, Лукашэнка ня зьменіцца, ён неаднаразова заяўляў, што не дапусьціць да пераменаў у Беларусі. Але паглядзім – раптам ён памыляецца. Канфэрэнцыя дазваляе зрабіць выснову, што сёньня ў асяродзьдзі палітыкаў і экспэртаў Эўразьвязу існуюць два погляды на тое, як трэба будаваць адносіны з афіцыйным Менскам. Згодна зь першым, эканамічнае супрацоўніцтва з рэжымам павінна быць узалежнена ад выкананьня ім умоваў, запісаных у “дарожнай мапе”. Згодна з другім поглядам, трэба максымальна разьвіць эканамічныя ды палітычныя кантакты зь беларускімі ўладамі, каб уцягнуць іх ў эўрапейскую арбіту, і пры гэтым не патрабаваць хуткіх рэформаў. Калі першая стратэгія можа не задаволіць афіцыйны Менск, то другая можа прывесьці да катастрафічных наступстваў. Суцяшае тое, што ўсе ўдзельнікі канфэрэнцыі былі салідарныя ў адным: Эўразьвяз павінен працягваць падтрымку беларускіх дэмакратычных палітыкаў ды грамадзянскіх ініцыятываў. Аляксандар Папко
Видео