BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Удзел грамадзянскай супольнасці Беларусі ў ініцыятыве Усходняга партнэрства”: вынікі

26.04.2009
“Удзел грамадзянскай супольнасці Беларусі ў ініцыятыве Усходняга партнэрства”: вынікі

22 красавіка ў Менску адбылася канфэрэнцыя  “Удзел грамадзянскай супольнасці Беларусі ў ініцыятыве Усходняга партнэрства”, падчас якой прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусі ўпершыню сумесна абмеркавалі значэньне, мэханізмы і пэрспэктывы ініцыятывы Усходняга партнэрства для нашай краіны. Eurobelarus.info высьвятляе, як ацэньваюць вынікі канфэрэнцыі удзельнікі і арганізатары. Сёньняшні наш суразмоўца – Міраслаў Кобаса, старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня “Фонд імя Льва Сапегі”.


– Вынікамі канфэрэнцыі я задаволены. Грунтоўныя, цікавыя даклады былі, шэраг слушных прапановаў. У вельмі сьціслы тэрмін саму сустрэчу падрыхтавалі, вельмі прадстаўнічая атрымалася: сабраліся прадстаўнікі 80 арганізацый. Гэта сьведчыць пра тое, што ў Беларусі даволі магутны, зацікаўлены, працаздольны трэці сэктар. 

– Спадар Міраслаў, а чаму, на вашу думку, канфэрэнцыю праігнаравалі прадстаўнікі афіцыйных уладаў? Яны ж на словах дэкляруюць сваю зацікаўленасьць праграмай “Усходняга партнэрства”... 

– У нашай краіне заўсёды былі праблемы: улады вельмі насьцярожана ставяцца да трэцяга сэктару. І цягам 10-ці апошніх гадоў гэтыя праблемы толькі абвастраліся. Улады не прывыклі супрацоўнічаць, не прывыклі працаваць адкрыта, прыслухоўвацца да іншай думкі, не прывыклі прадстаўляць інфармацыю. Яны баяцца дыялёгу... 

Гэта азначае, што ад адной з чатырох плятформаў – Democracy, good governance and stability – пра добрае і якаснае кіраваньне – Беларусь можа і адмовіцца. І такое можа быць, і для мяне гэта ня стане нечаканасьцю. Гэта яшчэ раз сьведчыць пра праблемы, якія існуюць: непразрыстасьць дзеяньняў і рашэньняў улады, нежаданьне дыялёгу. Гэта – вынік цэнтралізаванай аўтарытарнай сыстэмы. 

– У рэзалюцыі канфэрэнцыі запісана аб намеры “зрабіць канфэрэнцыю стала дзейснай нацыянальнай плятформай і разглядаць яе як адну з формаў удзелу грамадзянскай супольнасьці ва Ўсходнім партнэрстве...” Што такое стала дзейсная плятформа? 

– Шмат хто задаваў пытаньні: што і як, якія структуры? Пакуль шмат няяснасьцяў і незразумеласьцяў. Калі ўжо будуць падпісаныя дакумэнты, прапісаныя абавязкі кожнай краіны, у тым ліку і Беларусі – тады ўжо можна будзе меркаваць, якія гэтыя мэханізмы будуць працаваць. Зараз жа можна толькі меркаваць, як далей будуць разьвівацца стасункі па кожнай з чатырох плятформаў Усходняга партнэрства. Да прыкладу, ствараюцца працоўныя групы, якія хацелі б працаваць у плятформе па энэргетычнай бясьпецы (Energy security). Ці плятформы “Дэмакратыя, добрае кіраваньне” (Democracy, good governance and stability); “Кантакты паміж людзьмі” (Contacts between people). Усе прапановы прымаюцца і выносяцца на абмеркаваньне Грамадзянскага форуму. 

Але пакуль цяжка плянаваць канкрэтныя рэчы. Думаю, мэханізм будзе знойдзены. Зацікаўленае абмеркаваньне на канфэрэнцыі, дзе гучалі розныя думкі – сьведчаньне таго, што ў беларускага трэцяга сэктара ёсьць інтарэс і патэнцыял працаваць у Форуме Ўсходняга партнэрства. Не ўсё залежыць ад нас. Шмат залежыць ад таго, якія дакумэнты будуць падпісаныя, якія мэханізмы прапісаныя. 

– Чаго чакае ад Форуму ваша грамадзкае аб’яднаньне – Фонд імя Льва Сапегі? 

– Нас у першую чаргу цікавіць плятформа “Дэмакратыя, добрае кіраваньне” (Democracy, good governance and stability). Самакіраваньне не уваходзіць  у сыстэму дзяржаўнай улады.  Працаваць ёсьць над чым. Зараз у парлямэнце чакае разгляду новая рэдакцыя  Закона аб мясцовым самакіраваньні. І тыя папраўкі, якія ўносяцца, аддаляюць нас ад Эўрапейскай  хартыі мясцовага самакіраваньня. Неабходна стварэньне Асацыяцыі мясцовых органаў улады. 

Калі Беларусь хоча уступіць у Раду Эўропы, трэба думаць пра тое, што неабходна падпісваць Эўрапейскую хартыю.  Для гэтага Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў павінен заслухаць даклад аб становішчы ў Беларусі – наколькі наша заканадаўства адпавядае прынцыпам і нормам Эўрапейскай  хартыі . І мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя. Краіна павінна пагадзіцца ня менш чым з 20 пунктамі з 30 Хартыі. 

Трэба наладжваць дыялёг з уладай. Чаму нельга наладзіць супрацоўніцтва? Не таму, што мясцовыя ўлады ня хочуць працаваць, у прыватнасьці, з нашым фондам.  Яны атрымліваюць адпаведныя сыгналы зьверху, ад вышэйшых  органаў улады: “Ня сьмець! Нельга!” Дзяржава паводзіць тут, мякка кажучы, нецывілізавана. А праз нашу арганізацыю, якая мае сувязі з мясцовым кіраваньнем многіх краінаў, якая мае добрых экспэртаў, можна наладзіць адукацыю ў гэтай галіне. 

– На Ваш погляд, Эўропа зацікаўленая ў Беларусі? 

– Эўропа – Эўропай, але... мы самі павінны разумець, што для нас гэта цудоўны шанец, каб пачаць з чыстага аркуша будаваць цывілізаваныя адносіны з уладнымі структурамі. Пытаньне насьпела. Дзяржава прайграе, калі будзе дзейнічаць сама па сабе, а людзі – самі па сабе… Калі ўлада адштурхоўвае трэці сэктар, яна робіцца менш устойлівай. Трэба прыслухоўвацца больш да людзей. Ну і ў дачыненьні з Эўропай патрэбна адкрытасьць, галоснасьць. Эўропа дае Беларусі шанец, і яго трэба скарыстаць. 

Гутарыла Людміла Корсак 
info@eurobelarus.info  

Видео