BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У.Мацкевіч: «Ніякіх ілюзіяў у Эўропы адносна лібэралізацыі ў Беларусі няма”

17.04.2009
У.Мацкевіч: «Ніякіх ілюзіяў у Эўропы адносна лібэралізацыі ў Беларусі няма”
На пытаньні www.eurobelarus.info адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

– Эўрапейскія палітыкі даволі доўга вагаліся: запрашаць Беларусь паўнавартасным сябрам у праграму Ўсходняэўрапейскага партнэрства ці не. У лютым нашу краіну наведала цэлае «сузор'е» чыноўнікаў высокага рангу з розных уплывовых структур. Няўжо яны шчыра паверылі ў дэмакратызацыю, лібэралізацыю Беларусі?

– Не. Ніякім чынам, ніхто ні ўва што не паверыў. У эўрапейскіх структурах ня вельмі добра ведалі Беларусь, але зараз, калі паўстала пытаньне аб уключэньні Беларусі паўнавартасным сябрам Усходнеэўрапейскага партнэрства, эўрапейскія чыноўнікі пачалі інтэнсіўна зьбіраць інфармацыю пра Беларусь, яны раіліся з сур’ёзнымі экспэртамі. Тымі «касмэтычнымі» захадамі, якія рабіў беларускі ўрад, нікога ў зман увесьці не ўдаецца. Ніякіх ілюзіяў у Эўропы адносна лібэралізацыі ў Беларусі няма. Таму ўключэньне Беларусі ў праграму трэба разглядаць не як узнагароду, не як прыз за лібэралізацыю, дэмакратызацыю. Размова можа весьціся як раз пра мэханізм дэмакратызацыі і набліжэньне нашай краіны, нашага грамадзтва да эўрапейскіх стандартаў. І менавіта такім чынам да гэтага трэба ставіцца. 

– Чаго Эўразьвяз чакае ад Беларусі?


– Сёньня Эўразьвяз расчараваны ў магчымасьцях грамадзянскай супольнасьці і беларускай апазыцыі павярнуць пэўным чынам краіну да дэмакратычных зьменаў. Таму Эўразьвяз пачынае ўмацоўваць свае намаганьні. Але, каб эўрапейскія краіны маглі паспрыяць дэмакратызацыі Беларусі, патрэбны легітымныя прававыя мэханізмы. А гэта магчыма толькі тады, калі Беларусь будзе інтэгравана ў двухбаковыя добрасуседзкія адносіны і інтэграваная ў агульнаэўрапейскія працэсы. Праграма Ўсходнеэўрапейскага партнэрства і ёсьць такі мэханізм інтэграваньня шасьці постсавецкіх краінаў у новую Эўропу. І НЕўключэньне Беларусі ў праграму азначала б, што яна цалкам пакідаецца па-за цывілізацыйнымі працэсамі найбольш разьвітага ў сусьвеце рэгіёну.

Да таго ж, вельмі важны і геастратэгічны фактар – блізасьць да Эўропы. Літву, да прыкладу, Беларусь цалкам аддзяляе ад усходу. Таму нават яе памежнае палажэньне не дапускае ігнараваньне Эўразьвязам таго, што адбываецца ўнутры краіны.

Як ні парадаксальна, далучэньню Беларусі да праграмы паспрыялі 3 крызісы: эканамічны, усясьветны, і крызіс, зьвязаны са зьнешнепалітычнымі імпэрскімі амбіцыямі Расеі (маецца на ўвазе Паўночны Каўказ, расейска-грузінскі канфлікт). Вось гэтыя тры крызысы падштурхнулі тыя марудныя працэсы паміж Беларусьсю і Эўропай, якія цягнуліся шмат гадоў безвынікова.

– Беларускія афіцыйныя ўлады віталі запрашэньне Беларусі ў праграму. На якія выгоды і перавагі яны разьлічваюць?

– Першае, на што яны разьлічваюць – эканамічнае спрыяньне. Таму што магчымасьці разьвіцьця беларускай эканомікі праз усход, праз гандаль з Расеяй ужо вычарпаны. Зразумела, пэўная залежнасьць самой Беларусі і краінаў Эўразьвязу ад пастаўкі энэрганосьбітаў існуе і будзе існаваць яшчэ шмат гадоў. Але магчымасьці ўнутранага рынку Расеі для інтэнсыфікацыі беларускага экспарту амаль дайшлі да мяжы і таксама вычарпаны. Таму далейшае разьвіцьцё беларускай эканомікі патрабуе выхаду на эўрапейскія рынкі. Што да гандлю з эўрапейскімі краінамі, мы тут ня можам пахваліцца нейкімі посьпехамі, Эўропа для Беларусі – вельмі неразьвіты рынак. Нам неабходна выходзіць на эўрапейскія рынкі. А гэта неабходнасьць, у сваю чаргу, будзе выклікаць прывядзеньне беларускай прамысловасьці, індустрыі, сельскай гаспадаркі да эўрапейскіх стандартаў. І нам гэты імпульс вельмі неабходны.

 – Якая тут роля Масквы? Яна ж адчувае, што ў выпадку збліжэньня з Эўропай Беларусь будзе адыходзіць ад уплыву Расеі...

– Масква вельмі насьцярожана ставіцца да эўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў, яна ня можа адмовіцца ад свайго ўплыву. І Беларусь, і Украіна, і каўказскія краіны Расея разглядае як сфэру менавіта свайго ўплыву і сфэру сваіх жыцьцёвых інтарэсаў. Таму ціск Масквы на праграму Ўсходнеэўрапейскага партнэрства відавочны і, магчыма, ён яшчэ не максымальны. Далейшае паглыбленьне праграмы можа выклікаць яшчэ больш радыкальныя крокі.

На сёньняшні дзень Масква вымушана мірыцца з новай ініцыятывай Эўропы. Але калі мы паглядзім на фармаваньне зьместу праграмы, мы ўбачым, што глыбіня паменшылася ў параўнаньні з самым пачаткам (калі ў траўні летась гэта была польска-швэдзкая ініцыятыва). Пазьней, пад уплывам Масквы і пры спрыяньні нямецкага ўраду, зьмест гэтай дактрыны памякчэў. Я думаю, і надалей Масква будзе працягваць свае дыпляматычныя высілкі, каб нэўтралізаваць гэтую ініцыятыву.

Тым больш, што ў кожнай з шасьці краінаў, якія ўваходзяць у праграму, да яе рознае стаўленьне. Да прыкладу, Украіна прасунулася досыць далёка ва ўзгадненьні з Эўропай сваіх пытаньняў па розных пазыцыях, і для Украіны Усходняе партнэрства – гэта не радыкальны, не рашучы крок наперад. Для астатніх краінаў гэта вялікі штуршок для ўнутранай мадэрнізацыі . З другога боку, ні Малдова, ні Азэрбайджан з Армэніяй не выказваюць асаблівага энтузіязму ад новай ініцыятывы Эўропы. Таму што Малдова досыць шчыльна ўключана ў працэс інтэграцыі Чарнаморскага рэгіёну, і ўрад Вароніна лічыць тыя праграмы дастаткова распрацаванымі. Азэрбайджан і Армэнія ня хочуць губляць добрыя адносіны з Масквой. Ну, і Беларусь, якая хоча гуляць на два фронты. У гэтым сэнсе Украіна з Грузіяй становяцца лідэрамі , а астатнія краіны – ар’ергард, і вось гэтая няўзгодненасьць таксама шкодзіць, каб праграма Ўсходнеэўрапейскага партнэрства набыла выразныя рысы.
 
– Відавочна, што кіраўнік Беларусі вядзе, так бы мовіць, падвойную гульню. Ён хоча і з Эўропай зблізіцца, і з Масквой не сапсаваць адносіны. Да чаго можа прывесьці гэта балянсаваньне?


– Лукашэнка разумее неабходнасьць больш шчыльных стасункаў з Эўропай.  Ён будзе імкнуцца да гэтага  І нават здольны пераканаць Крэмль у тым, што гэта Беларусі  неабходна. І ніякія расейскія контразахады ці контрапрапановы ня змогуць адхіліць Беларусь ад заходняга накірунку. Іншая справа, што Масква вельмі клапоціцца пра свае геастратэгічныя і ваенныя інтарэсы ў Беларусі... Таму, зразумела, Масква будзе рэагаваць нэрвова. І кожны крок Беларусі да больш шчыльных стасункаў з Эўропай будзе выклікаць адпаведны адказ з Масквы.

– Дагэтуль застаецца няпэўным пытаньне: ці запросяць Аляксандра Лукашэнку ў Прагу на саміт Усходнеэўрапейскага партнэрства?

– Гэта вельмі далікатнае пытаньне і вельмі супярэчлівае. Таму што, з аднаго боку, Беларусь неабходна далучаць да праграмы. З другога – усе ведаюць, што Беларусь – апошняя дыктатура ў Эўропе. І таму, калі далучаць, то як быць з санкцыямі супраць беларускіх чыноўнікаў і прэзыдэнта? Нелягічна ўключаць краіну ў шчыльную інтэграцыю і працягваць санкцыі. З другога боку, запрашэньне кіраўніка азначае прызнаньне таго, што краіна ўстала на дэмакратычныя шлях. Таму эўрапейскія чыноўнікі яшчэ спрачаюцца і вагаюцца.

Што тычыцца Лукашэнкі, ён можа скарыстацца запрашэньнем ва ўнутранай прапагандзе, калі яго запросяць. Калі не запросяць – і гэта выкарыстае сабе ў плюс. Абодва варыянты – спрэчныя. Рашэньне павінна быць прынятае ў самым хуткім часе. З другога боку, ваганьні, сумненьні, якія ёсьць у эўрапейцаў, могуць быць выкарыстаныя, так бы мовіць, з дасьледчымі, выведніцкімі функцыямі: наколькі сур’ёзна  беларускі ўрад, кіраўнік краіны ўспрымаюць прапановы Ўсходнеэўрапейскага партнэрства. Ці захоча ён сам ехаць, ці будзе прымаць нейкія намаганьні, каб атрымаць гэтае запрашэньне ў Прагу? Гэтыя, здавалася б, простыя дзеяньні становяцца знакавымі, сымбалічнымі. І гэты сымбалізм ёсьць найбольш праблематычнай, далікатнай акалічнасьцю сытуацыі.

– Праграма Ўсходнеэўрапейскага партнэрства прадугледжвае шырокі ўдзел грамадзянскай супольнасьці. Чаму тут менавіта трэцяга сэктару, а не апазыцыі,  палітычных партый?


– Стала відавочна, што апазыцыйныя палітыкі не рэпрэзэнтуюць цалкам усю апазыцыю, усіх нязгодных з урадам, з рэжымам. Таму значная частка грамадзянскай супольнасьці зараз уздымае свой уласны голас, што да беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў. І тут голас трэцяга сэктару, канфэсійных структур можа быць вырашальным. Голас грамадзянскай супольнасьці павінен гучаць, узмацняцца. І нездарма ва Ўсходнеэўрапейскім партнэрстве прадугледжаны Грамадзянскі форум. І ня толькі ўрады будуць прадстаўляць свае краіны ў праграме, але і ўжо сфармаваная грамадзянская супольнасьць. Вядома, што грамадзянская супольнасьць мае голас не ўва ўсіх краінах з гэтых шасьці. Але што тычыцца беларускага трэцяга сэктару, то ён ужо больш-менш акрэп, мае свае амбіцыі, акрэсьленую пазыцыю на ўдзел у “Дарожнай мапе”, інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць. 

Гутарыла Людміла Корсак

[email protected]
Видео