BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусь ва Ўсходнім партнэрстве: хто выйграе?

17.04.2009
Беларусь ва Ўсходнім партнэрстве: хто выйграе?

На пытаньні www.eurobelarus.info адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

– З абвяшчэньня ідэі Ўсходняга партнэрства ў траўні мінулага году да прыняцьця праграмы прайшло даволі шмат часу. Чаму так доўга прымалася канчатковае рашэньне?  

Сам праект “Усходняга партнэрства” яшчэ толькі выкрышталізоўваецца. Як будзе выглядаць гэта новая праграма – дагэтуль, я думаю, не зусім зразумела нават самім дзеячам Эўразьвязу. З аднаго боку, гэта новы крок, гэта спроба ангажаваць постсавецкія краіны, якія зараз апынуліся ў сытуацыі няпэўнасьці (таму што гэта былая зона ўплыву Расеі, на якую яна і зараз прэтэндуе). Зь іншага боку, Эўразьвяз, напалоханы леташняй каўказскай вайной, зразумеў, што калі ён ня возьме ініцыятыву ў свае рукі і не пачне на гэтым пляцдарме больш актыўна гуляць, то ў пэрспэктыве ён можа мець вялікія непрыемнасьці: Расея зь яе непрадказальнасьцю, зь яе імпэрскімі інстынктамі Эўропу палохае.  

Таму адзін бок пытаньня – жаданьне стымуляваць беларускае кіраўніцтва, каб рухалася да рэформаў. А другі бок пытаньня – знайсьці адэкватную канцэпцыю самой гэтай праграмы, праекту Ўсходняга партнэрства.

А пакуль агучаная толькі ідэя праграмы. Будуць распрацоўвацца двухбаковыя індывідуальныя пляны для кожнай краіны. Эўразьвяз будзе вылучаць свае патрабаваньні.  

Чаго Эўразьвяз чакае ад Беларусі?

Праблемы на відавоку. Хоць і прыгожа гучыць, што нам прапануюць зону вольнага гандлю з Эўропай, але пакуль нельга састыкаваць гэтыя дзьве сыстэмы. Беларуская эканоміка яшчэ шмат у чым трымаецца на адміністрацыйных мэтадах, рынкавыя рэформы непасьлядоўныя, крок наперад – два назад. І пакуль Беларусь ня ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, ні пра якую зону вольнага гандлю з Эўразьвязам гаворку весьці бессэнсоўна. Будуць вылучацца ўмовы эканамічнага кшталту, у заканадаўчай сфэры.  

– Вялікі масіў беларускага заканадаўства таксама трэба падганяць пад стандарты Эўразьвязу. Гэта вялікі аб’ём працы. І не па ўсіх пытаньнях беларускае кіраўніцтва будзе ахвотна ісьці насустрач. Таму, магчыма, будзе абраны такі абмежаваны фармат удзелу ва Ўсходнім партнэрстве. З аднаго боку, Брусэль ня зможа ўлучыць “сырую” яшчэ краіну. З другога боку, і беларускае кіраўніцтва будзе вельмі выбарачна падыходзіць да праграмаў.

Яно хоча весьці прагматычнае партнэрства ў такіх сфэрах, як інвэстыцыі, міграцыя, уладкаваньне межаў, энэргатранзіт – то бок, у тых сфэрах, якія падаюцца больш нэўтральнымі, у тым сэнсе, што не вымагаюць нейкіх крокаў у напрамку палітычнай лібэралізацыі. Хаця гэтыя працэсы ўзаемазьвязаныя, і само эканамічнае рэгуляваньне, калі яго рабіць комплексна, падштурхоўвае да зьменаў у надбудове палітычнай. Таму беларускі бок дастаткова насьцярожана ставіцца да гэтых пэрспэктываў.

– МЗС Беларусі пазытыўна ацаніў далучэньне Беларусі да Ўсходняга партнэрства . Хто ў Беларусі можа выйграць: афіцыйныя ўлады, апазыцыя?.. Просты народ?

Як ні парадаксальна, гэта выйгрыш для ўсёй Беларусі. І тут штучна нельга падзяляць, што выйграе апазыцыя, а што – улады. Гэта працэс дыялектычны. З аднаго боку (і на гэтым акцэнтуе ўвагу частка апазыцыі), гэта легітымацыя рэжыму, ён атрымае інвэстыцыі, крэдыты. Але ж трэба разумець, што ў краіну будуць ісьці грошы, новыя тэхналёгіі ў краіну, беларусы будуць атрымліваць новыя працоўныя месцы, досьвед, больш высокія стандарты дысцыпліны. Самі па сабе кантакты, магчымасьць езьдзіць па Эўропе, бачыць эўрапейскі лад жыцьця – гэта таксама мае вялікае значэньне. Па вялікім рахунку, гэта гістарычная падзея для Беларусі – я не пабаюся тут патэтыкі. Канечне, пакуль гэта патэнцыйнае вакно для магчымасьцяў. Але гэта сапраўды пералом. Бо стагодзьдзі Беларусь знаходзіцца на разломе паміж дзьвюма цывілізацыямі, і зараз яе цягнуць у два бакі. З аднаго боку – Масква, з другога – Эўропа. Але, магчыма, гэта пачатак вяртаньня ў рэчышча эўрапейскай цывілізацыі, да якой нашы землі гістарычна належаць. Варта бачыць гэта гістарычнае значэньне для лёсу Беларусі. І некаторым самым радыкальным апанэнтам рэжыму трэба разумець, што сваё адмоўнае стаўленьне да пэўных пэрсаналіяў нельга пераносіць на праблему геапалітычнага і гістарычнага выбару Беларусі. Таму што правадыры прыходзяць і сыходзяць, а калі Беларусь уцягнецца ў агульнаэўрапейскі кантэкст, гэта ўжо будзе незваротна. Эўрапейскае партнэрства можа тым якарам, які будзе трымаць Беларусь, і ў нейкі вырашальны момант дапаможа ёй супрацьстаяць паўзучай расейскай экспансіі.  

Масква пачала моцную контргульню супраць праграмы Ўсходняга партнэрства. Якія выгады і ў чым небясьпека гэтай гульні?

– Натуральна, Маскве не падабаецца Ўсходняе партнэрства, і расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў у Брусэлі мякка, дыпляматычна даў зразумець, што, маўляў, “гэта кананічная наша тэрыторыя, і з нашай зоны ўплыву Эўразьвяз хоча забраць гэтыя краіны”. Канечне, загадаць Лукашэнку ня йсьці ва Ўсходняе партнэрства Масква ня можа, ёсьць нейкія рамкі міжнароднага палітэсу. Я думаю, Расея будзе старацца мінімізаваць удзел Беларусі. Таму што з гэтых шасьці краінаў ёсьць, як мінімум, тры, на якія можна эфэктыўна ціснуць: гэта Армэнія, Малдова і Беларусь. З розных прычынаў яны моцна залежаць ад Масквы. Зь Беларусьсю тут усё зразумела: энэргетычная, эканамічная, цяпер і фінансавая залежнасьць...

Адна з вудаў, якія закідае зараз Масква – гэта прызнаньне мяцежных грузінскіх правінцыяў. Калі Беларусь прызнае Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, яна сапсуе стасункі з Брусэлем, а таксама з Грузіяй, якая запрошаная ва Ўсходняе партнэрства. А прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі ўжо сказаў, што калі Беларусь прызнае гэтыя аўтаноміі, ён ня паляціць у Прагу, калі туды будзе запрошаны беларускі прэзыдэнт. Калізія ўжо закладаецца і, такім чынам, Масква хоча сапсаваць усю абедню.

Кіраўнік Беларусі мае свае інтарэсы і ў Расеі, і ў Эўропе, і спрабуе гуляць, супрацьпастаўляючы Маскву і Брусэль. Як доўга ён будзе манэўраваць, балянсаваць?

–У Лукашэнкі няма іншага выйсьця, як толькі манэўраваць. З аднаго боку, ён адчувае расейскую небясьпеку, і таму шукае апірышча ў Эўропе. Зь іншага боку, ён разумее хітры плян Эўропы, якая крыху “прыглушыла” свае патрабаваньні да дэмакратыі, да правоў чалавека. Але ён разумее, што Эўропа хоча яго ўзяць “ціхай сапай”. Менавіта таму і былі рэзкія выказваньні, маўляў, “мы з Салянам так добра пагутарылі, ніякіх умоваў не было. А тут зноў нас пачынаюць тузаць і патрабаваць нейкіх незразумелых рэчаў...” Калі падсумоўваць, то, канечне, Лукашэнка будзе манэўраваць...

Тут варта адзначыць і яшчэ адзін важны момант. Гэта праграма мае даволі сьціплае фінансаваньне – 600 мільёнаў эўра на 6 краінаў. А Масква можа адным махам даць крэдыт на некалькі мільярдаў даляраў. Хаця тут усё ня так адназначна, таму што расейскія крэдыты – гэта ўзмацненьне фінансавай залежнасьці. Што да эўрапейскіх грошай, гэта ж ня тыя грошы, якія па кішэнях будуць раздавацца. Гэта вакно магчымасьцяў, найперш. Гэта ў пэрспэктыве – далучэньне да эўрапейскага рынку, да перадавых тэхналёгіяў, да інвэстыцыяў. Гэта дае непараўнальна большыя магчымасьці і будзе вымярацца значна большымі сумамі ў выніку, чым гэтыя 600 мільёнаў эўра. Таму будзе працягвацца гэта балянсаваньне.

Я праглядаю кожны дзень загалоўкі: “Лукашэнка паміж молатам і кавадлам”, “Лукашэнка ў шпагаце”, “Лукашэнка між двух агнёў” і гэтак далей... Тут ёсьць момант штучнай драматызацыі, таму што насамрэч, як ні парадаксальна, ні Расея, ні Эўропа ня маюць моцнай палітыкі ў беларускім пытаньні.

Старая Эўропа глядзіць з насьцярогай на непрадказальную і імпульсіўную Расею, якая можа адмачыць любы нумар: то напасьці на Грузію, то Ўкраіне газ перакрыць... Такая Расея, канечне, непакоіць Эўропу.

Зь іншага боку, Масква будзе заўсёды глядзець з насьцярогай на дзеяньні Захаду і бачыць нейкі падвох, замах на яе кананічныя, як ёй здаецца, тэрыторыі. А паколькі гэтыя супярэчнасьці запраграмаваныя на даволі доўгі час, на цэлую гістарычную эпоху, то заўжды будзе магчымасьць балянсаваць, гуляць на супярэчнасьцях паміж двума цэнтрамі сілы і атрымліваць нейкія дывідэнды.

Канечне, тут ёсьць рызыка пасьлізнуцца, таму што балянсаваньне заўжды рызыкоўна. Але, па-першае, Лукашэнка мае вялікі досьлед: ён ужо 15 гадоў балянсуе. І па-другое, тут няма іншага выйсьця, таму што гэтая ўлада адважыцца на рэзкі адрыў ад Масквы і на фарсіраванае вяртаньне ў Эўропу, у кантэкст эўрапейскай цывілізацыі, на жаль, ня можа. Гэта, відаць, задача наступнага ўраду. Але калі Ўсходняе партнэрства закладзе нейкі падмурак пад гэты магчымы ў пэрспэктыве трэнд Беларусі, то гэта будзе станоўчай зьявай.

Ваш прагноз: ці запросяць Лукашэнку на інаўгурацыйны саміт Усходняга партнэрства ў Прагу?

Болей шанцаў, што запросяць. Іншая рэч, што гэта можа быць зроблена ў такой форме, запрашэньне будзе сфармулявана так, каб беларускі кіраўнік ад яго адмовіўся і паслаў замест сябе міністра замежных спраў. Магчыма, самому Лукашэнку тактычна выгадней не паляцець ў Прагу, каб не раздражняць Маскву. Тады ён перад Масквой выглядае чысьценькім: маўляў, я сам нічога не падпісваў ... А разам з тым гэты цягнік Усходняга партнэрства пакрысе кранецца і будзе набіраць ход. Магчыма, гэта быў бы сапраўды аптымальны варыянт. І ваўкі сытыя, і козы цэлыя.

Людміла Корсак

[email protected]
Видео