BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Энэргетычная бясьпека: Беларусь цалкам залежыць ад Расеі

16.04.2009
Энэргетычная бясьпека: Беларусь цалкам залежыць ад Расеі

Уласныя паліўна-энэргетычныя рэсурсы Беларусі складаюць 15%, астатнія 85% экспартуюцца зь іншых краінаў. Пры гэтым імпарт паліўна-энэргетычных рэсурсаў не дывэрсыфікаваны: практычна ўвесь спажываемы ў краіне газ – 95%, а таксама большая частка нафты завозяцца з адной дзяржавы – Расейскай Фэдэрацыі.

 

Структура валавога спажываньня паліўна-энэргетычных рэсурсаў не мяняецца цягам апошніх гадоў і выглядае прыкладна такім чынам: 60% складае расейскі газ; 23% – нафта і нафтапрадукты; 6% – імпартаваная электраэнэргія; каля 10% – мясцовыя віды паліва (торф, пілаваньні, біямаса).

 

 

Такая структура паліўна-энэргетычнага балянсу краіны зьяўляецца небясьпечнай, паколькі парушаецца адразу некалькі прынцыпаў правядзеньня энэргетычнай палітыкі –наяўнасьць у сумарным спажываньні розных відаў паліва: нафты, прыроднага газу, каменнага вугля прыкладна ў аднолькавых суадносінах; дывэрсыфікацыя пастаўшчыкоў, то бок доля кожнай краіны ў агульным аб'ёме не павінна перавышаць 40%, ды іншыя. Да таго ж, Расея пастаянна павышае кошты на газ. Да якіх сур'ёзных наступстваў прыводзяць «газавыя войны», і Беларусь, і Украіна, і Заходняя Эўропа ўжо адчулі. Некалькі гадоў запар на пачатку году, калі падпісваюцца газавыя кантракты, многія краіны ліхаманіць...

 

 

Дзяржаўныя праграмы

 

 

У Беларусі цягам апошніх гадоў прынятыя розныя дакумэнты і праграмы: Указамі прэзыдэнта зацьверджаны «Капцэпцыя энэргетычнай бясьпекі і павышэньня энэргетычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь»; Дырэктыва №3 «Эканомія і беражлівасьць – галоўныя фактары эканамічнай бясьпекі дзяржавы»; «Дзяржаўная комплексная праграма мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў Беларускай энэргетычнай сыстэмы, энэргазьберажэньня і павелічэньня долі выкарыстаньня ў рэспубліцы ўласных паліўна-энэргетычных рэсурсаў, разьвіцьцю нетрадыцыйных аднаўляемых крыніц энэргіі» ды іншыя.

 

 

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка пэрыядычна робіць заявы,  што энэргетычная бясьпека Беларусі павінна базіравацца перш за ўсё на ўласных рэсурсах, што ў краіне важна разьвіваць такія накірункі, як выкарыстаньне аднаўляемых крыніц энэргіі (вецер, рэкі, біямаса, геатэрмальныя рэсурсы, мясцовыя віды паліва).

 

 

Паводле старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, да 2020 году доля прыроднага газу ў энэргетычным балянсе мае скараціцца да 50%. Цяпер ад гэтай арганічнай сыравіны, што пастаўляецца з Расеі, Беларусь залежыць на 95%: “У балянс паліўна-энэргетычных рэсурсаў у параўнаньні з папярэдняй Канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі прапануецца ўвесьці вугаль — 2 мільёны тонаў умоўнага паліва ў разьліку на 2020 год, а таксама ядзерную энэргетыку. Апроч таго, мы плянуем да 2015 году ўвесьці ў паліўна-энэргетычны балянс яшчэ 100 тысяч тонаў умоўнага паліва, атрыманага ад перапрацоўкі бурых вугляў, якія плянуем распрацоўваць на базе нашых радовішчаў”.

 

 

Фундамэнты Канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі

 

 

Найпершы падмурак – сяброўства і партнэрства з усімі суседзямі, уключна з Расеяй. Але, на думку незалежных экспэртаў, у сфэры энэргарэсурсаў адносіны павінны быць рынкавымі. Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук кажа: «Ніякіх падачак, асаблівых рэжымаў, датацыяў, прывілеяў і адновінаў кшталту «нафта ў абмен на пацалункі». Чым хутчэй адбудзецца пераход Беларусі на ўсясьветныя цэны энэргарэсурсаў, тым хутчэй адмовіцца ад складаных і неэфэктыўных схем па перакрыжаванаму субсідаваньню, тым хутчэй і таньней будзе наш шлях у эліту ўсясьветнага канкурэнтнага бізнэсу».

 

 

Дывэрсыфікацыя і разьвіцьцё адкрытага канкурэнтнага рынку ўнутры краіны

 

 

Паводле сусьветнага досьведу, спажыўцы павінны мець права выбіраць пастаўшчыкоў (ня толькі «Газпрам», «Лукойл» і «Раснафту»), дамаўляцца наўпрост (мінуючы пасярэднікаў у асобах Белтрансгазу ці Белнафтахіму)

 

 

Дывэрсіфікацыя тычыцца і саміх відаў рэсурсаў. Вытворцы электраэнэргіі павінны самі выбіраць від паліва, на якім ім працаваць. Прычым, кантракты павінны заключацца не міністэрствамі і ведамствамі, а самімі камэрцыйнымі арганізацыямі. Хтосьці будзе купляць энэргію у Літве, хтосьці – ва Ўкраіне, Польшчы. Хтосьці вырашыць працаваць на біяпаліве, сонечнай ці ветравой энэргіі.

 

 

Выкарыстаньне мясцовых відаў паліва

 

 

Для гэтага патрэбны інвэстыцыі, накіраваныя на рост выкарыстаньня мясцовых і аднаўляльных відаў паліва.

 

 

Але калі беларусы перавядуць «усё, што можна, на ўласныя крыніцы энэргіі, возьмуць дровы і будуць тапіць», як загадаў кіраўнік дзяржавы, наўрад ці гэта стане дзейсным сродкам супраць энэргетычнай залежнасьці краіны. Пераход на біяпаліва, на рапс – гэта даволі дорага. І нават зьяўленьне атамнай электрастанцыі ня вырашыць праблему кардынальна, лічыць намесьнік кіраўніка дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая.

 

 

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі

 

 

15 студзеня 2008 года на паседжаньні Рады Бясьпекі  прынята палітычнае рашэньне аб будаўніцтве ўласнай атамнай электрастанцыі. Паводле разьлікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, увядзеньне ў энэргабалянс АЭС сумарнай электрычнай магутнасьцю 2 тысячы МВт дазволіць задаволіць каля 25% патрэбы краіны ў электраэнэргіі і прывядзе да зьніжэньня яе сабекошту на 13% за кошт скарачэньня затрат на паліва. Ужо абраная пляцоўка пад будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці.

 

Прычым, краіна не адмовіцца ад будаўніцтва АЭС нават з-за ўсясьветнага фінансава-эканамічнага крызісу, заявіў 7 красавіка Аляксандар Лукашэнка: «Атамную станцыю, як бы ні цяжка было, мы будзем будаваць. На маім узроўні пытаньне пра тое, каб адкласьці будаўніцтва АЭС на год-два, не разглядалася, і мы пакуль не зьбіраемся гэта адкладаць».

 

 

Скарачэньне спажываньня электраэнэргіі

 

 

Экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Алена Ракава кажа: «Статыстыка сьведчыць: вытворчасьць аднаго даляру ВУП патрабуе ў Беларусі ў 4 – 5 разоў больш энэргарэсурсаў, чым у заходніх краінах. Да таго ж, Беларусь спажывае больш за 30 мільёнаў тон умоўнага паліўнага эквіваленту, то бок прыкладна 3 тоны на аднаго чалавека, у той час як сярэдні эўрапейскі паказьнік – 1 тона». Беларусь спажывае амаль у два разы больш газу і электраэнэргіі на чалавека, чым заходнія краіны. Адзін з магчымых накірункаў – стварэньне матывацыі па энэргазьберажэньні для насельніцтва і рэформы ЖКГ.

 

 

Колькі энэргарэсурсаў патрэбна Беларусі

 

Разьлік НІЦ Мізэса АЦ «Стратэгія»:

 

 

Від паліва і энэргіі

 

2009

 

2012

 

Фізычны аб'ём

 

Кошт

 

Млрд. $

 

Фізычны аб'ём

 

Кошт

 

Нафта, млн. тон

 

7,5

 

4,5

 

8

 

5

 

Нафтапрадукты, млн. тон

 

1,3

 

1,1

 

1,5

 

1,5

 

Газ, млрд. м3

 

22

 

4,4

 

22

 

5,8

 

Электраэнэргія, млн. кВт. Ч

 

5000

 

0,3

 

5500

 

0,5

 

Итого:

 

 

 

10,3

 

 

 

12,8

 

 

 

Людміла Корсак

 

[email protected]

 

Видео