BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Вацлаў Гавэл — ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтру

14.04.2009
Вацлаў Гавэл — ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтру
“Дарагія сябры! Я хацеў бы падзякаваць вам за абраньне мяне ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру. Для мяне гэта вялікі гонар. Мяркую, што вы зрабілі гэта таму, што лічыце мае п’есы сугучнымі вашаму разуменьню, што вы знаходзіце ў іх пэўнае ўнівэрсальнае пасланьне і ў пэўнай ступені падзяляеце мае погляды на жыцьцё ў таталітарным грамадзтве…” Так напісаў Вацлаў Гавэл у сваім лісьце да Беларускага ПЭН-цэнтру ў адказ на паведамленьне пра абраньне яго ганаровым сябрам гэтай арганізацыі, якая бароніць свабоду слова пісьменьнікаў і журналістаў.

Ідэя прыняць славутага драматурга і грамадзкага дзеяча, былога прэзыдэнта Чэскай Рэспублікі ў ганаровыя сябры ўзьнікла ў Беларускім ПЭН-цэнтры некалькі месяцаў таму. Гэткім чынам было прапанавана выказаць удзячнасьць Вацлаву Гаўлу за ўсё тое, што ён зрабіў для беларускай літаратуры і журналістыкі, кажа старшыня арганізацыі Андрэй Хадановіч:

“Вацлаў Гавэл шматразова праяўляў зацікаўленасьць Беларусьсю і з палітычнага, і з культурнага пункту гледжаньня. Вацлаў Гавэл быў неабыякавы да лёсу Васіля Быкава. Вацлаў Гавэл праяўляў інтарэс да такога выданьня, як “Наша ніва”.

Нагадаем, што менавіта дзякуючы Вацлаву Гаўлу Васіль Быкаў атрымаў у свой апошні замежны пэрыяд жыцьця прытулак у Празе. Тыднёвіку “Наша ніва” славуты чэскі пісьменьнік перадаў сваю прэстыжную міжнародную прэмію, якая дапамагла гэтай незалежнай беларускай газэце выстаяць у складаныя для яе часы.

Днямі спадар Гавэл даслаў сваю пісьмовую згоду на ганаровае сяброўства ў Беларускім ПЭН-цэнтры і выказаў надзею, што гэта паспрыяе добрым дачыненьням паміж беларускай ды чэскай культурамі і іх узаемаўзбагачэньню, а таксама іх супольнаму ўнёску ў скарбонку эўрапейскай літаратуры.


Было б, безумоўна, вельмі прыемна справакаваць Вацлава Гаўла на прыезд у Беларусь.
ада Беларускага ПЭН-цэнтру, разумеючы, наколькі абмежаваны ў вольным часе творца такога маштабу, усё ж не выключае, што Вацлаў Гавэл знойдзе магчымасьць пабываць у Беларусі зь лекцыямі і літаратурнымі сустрэчамі. Прынамсі, мару ўбачыць тут свайго новага ганаровага сябра ПЭН-цэнтар выношвае, прызнаўся спадар Хадановіч:

“Было б, безумоўна, вельмі прыемна справакаваць Вацлава Гаўла на прыезд у Беларусь. А калі б так сталася, то ўжо было б пытаньнем гонару арганізаваць ягоны побыт так, каб ён запомніўся і спадару Гаўлу, і беларускім чытачам і гледачам была ад гэтага карысьць”.

Летась ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру стаў вядомы польскі перакладчык беларускай літаратуры Адам Паморскі, а крыху раней — былы амбасадар дзяржавы Ізраіль у Беларусі Зэеў Бэн Ар’е і кіраўнік дыпляматычнай місіі Каралеўства Швэцыя ў Беларусі Стэфан Эрыксан, якія пераклалі на мовы сваіх краін творы Васіля Быкава.

Cпасылка

Видео