BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Асамблею НДА не зарэгістравалі

13.04.2009
Асамблею НДА не зарэгістравалі
Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў. Адпаведны ліст ініцыятары стварэньня Асамблеі атрымалі з Мінюста за подпісам намесьніка міністра Аляксандра Сіманава.

Падставай для адмовы ў рэгістрацыі Мінюст назваў быццам бы дапушчаныя парушэньні  пры заснаваньні асацыяцыі. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што ўстаноўчая дамова аб
стварэньні асацыяцыі зьяўляецца несапраўднай, паколькі кіраўнікі арганізацыяў-заснавальнікаў Асамблеі НДА падпісалі яе бяз згоды кіруючых органаў гэтых грамадзкіх аб’яднаньняў. Таксама адзначаецца, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаваньням
заканадаўства, бо не ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці членаў
асацыяцыі.
Юрыст Юрый Чавусаў паведаміў, што ініцыятары стварэньня Асамблеі будуць абскарджваць рашэньне Мінюста ў судзе. Паводле яго слоў, прэтэнзіі да заснавальнікаў асацыяцыі неабгрунтаваныя, больш таго, Мінюст акрэсьліў абмежаваньні для стварэньня асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў шырокага накірунку. Юрыст лічыць гэта неправамерным, таму заснавальнікі Асамблеі  будуць дамагацца, каб у судовым парадку была прызнаная магчымасьць ствараць асацыяцыі арганізацый шырокага спэктра дзейнасьці.
Гэта была другая спроба зарэгістраваць асацыяцыю грамадзкіх аб’яднаньняў. Ініцыятары стварэньня Асамблеі НДА падавалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі
яшчэ ў 2002 годзе, але атрымалі адмову.
Тым часам у чарговы раз спрабуе зарэгістравацца праваабарончае грамадзкае аб’яднанне “Вясна”. Старшыня аб’яднання вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначае, што гэта будзе апошняя спроба ўвайсьці ў прававое поле дзяржавы. Сябры аб’яднаньня банальна стаміліся змагацца за свае правы з дзяржаўнай машынай.

Cпасылка

Видео