BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Карта Паляка - год існаваньня

08.04.2009
Карта Паляка - год існаваньня

Мінуў год з таго моманту, калі Польшча ўвяла адмысловы дакумэнт - Карту паляка, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскага народу й спрашчае кантакты з Польшчай для ўсіх карыстальнікаў. Пры ўвядзеньні карты было шмат крытыкі, сёньня мы хацелі б спраўдзіць, ці яна аказалася слушнай.

Карта паляка - гэта дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскай нацыі. Яна можа быць выдадзена асобам, якія ня маюць польскага грамадзянства, або дазволу на пасяленьне на тэрыторыі Польшчы, дэкляруюць прыналежнасьць да польскай нацыі й адпавядаюць пэўным вызначаным умовам: веданьня польскай мовы, культуры й традыцыяў. Закон аб Карце паляка быў прыняты вясною 2007 году. У Беларусі ўвядзеньне Карты паляка выклікала крытыку з боку ўлады. У беларускім МЗС палічылі, што рэалізацыя гэтага закону здольная істотным чынам дэстабілізаваць міжнацыянальныя адносіны ў краіне й спарадзіць недавер паміж беларускімі грамадзянамі розных нацыянальнасьцяў. Цягам мінулага году ўзровень міжнацыянальнага недаверу ў Беларусі значна не павысіўся. Ва ўсім сьвеце было пададзена толькі некалькі тысяч заявак на атрыманьне Карты паляка. Паводле Юзафа Пажэцкага, актывіста СПБ, для палякаў, якія жывуць у Беларусі, гэты дакумэнт зьяўляецца перад усім сьведчаньнем іхняй нацыянальнай прыналежнасьці.

Юзаф Пажэцкі: Перад усім Карта паляка падкрэсьлівае, што тут жывуць палякі, што польская меньшасьць тут складае істотны адсотак. Гэта пацьвярджэньне прыналежнасьці да польскай нацыі. Зразумела, што да атрыманьня Карты паляка могуць заахвочваць пэўныя льготы. Але для нас, для актывістаў Саюзу палякаў, карта ўспрымалася як фактар польскасьці, як мернік таго, колькі палякаў жыве ў Беларусі, колькі людзей адчуваюць сваю прыналежнасьць да польскай нацыі. Вельмі важна, што сёньня палякі могуць акрэсьліць сваю нацыянальную прыналежнасьць праз атрыманьне Карты паляка.

Зь іншага боку, дзяржаўная прэса неаднаразова крытыкавала Карту паляка як сродак «выкачваньня мазгоў» з усходнеэўрапейскіх краінаў у Польшчу. Гледзячы па колькасьці выдазеных картаў, гэта далёка ня так. З усіх ільготаў, на карыстаньне якімі дае права Карта паляка ўладальнікам гэтага дакумэнту, найбольшай папулярнасьцю карыстаецца спрошчаная працэдура атрыманьня візаў і паездак у Польшчу. Больш падрабязна распавядае Леаніда - уладальніца Карты паляка зь Беларусі.

Леаніда: Карта паляка - вельмі пазытыўная ініцыятыва польскай дзяржавы для сваіх суайчыньнікаў, якія жывуць за мяжой. Атрымаўшы карту, можна лёгка атрымаць візу. Па-другое, маладым яна дае вялікія магчымасьці атрымаць навучаньне на тых умовах, якія маюць польскія студэнты. Таксама маладыя могуць атрымаць працу. Але, каб атрымаць гэтую карту, ставяцца вельмі вялікія вымаганьні. Трэба валодаць моваю, трэба быць заангажаваным у польскую культуру й традыцыі на вельмі добрым узроўні.

Шмат сумневаў адносна Карты паляка было і ў самой Польшчы. Упершыню законапраект пра ўвядзеньне дакумэнту, які пацьвярджае польскую нацыянальнасьць альбо паходжаньне, быў перададзены на разгляд Сэйму Польшчы ў 1999 годзе. Была ўнесена вялікая колькасьць юрыдычных паправак, сярод якіх нязгоднасьць з правам ЭЗ і Каснтытуцыяй краіны, недастатковы пралік коштаў ды іншае. Распарацоўка й прыняцьцё праекту зацягнуліся да 2007 году. Гледзячы з пэрспэктывы сёньняшняга дня, польскія спэцыялісты лічаць, што варта было ўводзіць Карту паляка. Распавядае дырэктар палянійнага офісу Канцылярыі Сэнату Артур Казлоўскі.

Артур Казлоўскі: Дакладна так. Хаця статыстыкі паказваюць, што ранейшыя прагнозы пра тое, што польскія кансуляты будуць заваленыя дзясяткамі й сотнямі тысяч заяваў на Карту паляка, не пацьвердзіліся. За апошні год пададзена 22500 заявак на Карту паляка ва ўсім сьвеце. Гэта вельмі малая лічба, беручы пад увагу той факт, што, паводле нашых ацэнак, на тэрыторыях, на якія распаўсюджваецца дзеяньне закону пра Карту паляка, жыве каля 2 мільёнаў асобаў польскага паходжаньня. Чаму так здарылася? Ёсьць некалькі прычынаў. Напрыклад, сытуацыя ў Беларусі не спрыяе свабоднай падачы заявак і выдачы Карты. Апрача гэтага ў законе адным з крытэраў для атрыманьня Карты зьяўляецца веданьне польскай мовы. Шмат для каго размова з консулам па-польску - гэта вялікая праблема. На шчасьце, анкету на атрыманьне Карты паляка можна падаваць неабмежаваную колькасьць разоў. Назіраем у некаторых рэгіёнах рост зацікаўльнасьці вывучэньнем польскай мовы сярод дарослых. З гэтага пункту гледжаньня Карта паляка сваю задачу выканала. Застаюцца праблемы з дакумэтнамі, архівамі, але працэс паволі сыстэматычна ідзе наперад.

На сёньняшні дзень большасьць крытыкі Карты паляка аказалася беспадстаўнай. Увядзеньне гэтага дакумэнту не прывяло да пагаршэньня міжэтнічных адносінаў у Беларусі ці Ўкраіне. Найбольшае значэньне яна мае для палякаў, жывучых у гэтых краінах, як пацьверджаньне іхняй польскасьці.

Спасылка

Видео