BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Міжнародны турыстычы кірмаш у Менску: прапановы польскіх фірмаў

03.04.2009
Міжнародны турыстычы кірмаш у Менску: прапановы польскіх фірмаў
Учора ў Менску адкрыў свае дзьверы кірмаш турыстычных паслугаў „Адпачынак – 2009”. Свае прапановы там прадстаўляюць як беларускія, так і замежныя фірмы, сярод якіх і польскія арганізацыі.

"Адпачынак -2009" – гэта міжнародны кірмаш турыстычных паслугаў, які ўжо некалькі гадоў ладзіць Нацыянальны выставачны центар "БелЭкспо". Для ўсіх зацікаўленых гэта добрая магчымасьць атрымаць шырокую інфармацыю пра рынак турыстычных паслугаў у Беларусі. Больш падрабязна пра гэтую выставу распавядае Маргарыта Зайцава, кіраўнік групы рэклямы і сувязяў з грамадзкасьцю выставачнага цэнтру "БелЭкспо". 

Маргарыта Зайцава: Выстава турыстычных паслугаў мае міжнародны статус і ладзіцца ўжо 12 год. Арганізатары: Нацыянальны цэнтар  "Белэкспа" і Міністэрства спорту і турызму РБ. Гэтая выстава вельмі папулярная ў Беларусі. У сярэдням яе наведвае каля 20 тысяч чалавек. Гэта добрая магчымасьць усім жадаючым адпачыць прыйсьці й азнаёміцца з цэлым пакетам прапановаў напярэдадні адпачынкаў. Некаторыя фірмы-ўдзельніцы прадаюць падчас выставы пуцёўкі, часта са скідкамі, што прыцягвае наведвальнікаў. Удзельнікаў таксама шмат. У гэтым годзе з 19-ці краінаў. Гэта прадстаўнікі шэрагу эўрапейскіх краінаў: Балгарыі, Грэцыі, Вугоршчыны, Італіі, Гішпаніі, Кіпру ды Мальты. А таксама і больш далёкіх краінаў, як Туніс, Турцыя, Інданэзія й Куба. І, канешне, нашыя суседзі: Летува, Латвія, Польшча, Расея. Падчас выставы адбываюцца круглыя сталы, сэмінары, прэзэнтацыі, якія ладзяць фірмы-ўдзельніцы, а таксама Міністэрства спорту й турызму Беларусі. Мы, як арганізатары, зацікаўлены ў тым, каб рэклямаваць наш турыстычны прадукт – адпачынак у Беларусі. Таму шматлікія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у выставе, прапануюць адпачынак у нашых запаведніках, дамох адпачынку, на фоне прыроды, для тых, хто любіць больш спакойны адпачынак.

Апрача ведаў пра турыстычныя цікавінкі й асаблівасьці Беларусі, турыстычны кірмаш ў Менску дазваляе атрымаць інфармацыю пра турыстычныя мясьціны іншых краінаў. Польскія магчымасьці рэклямавалі дзьве арганізацыі: беластоцкае аддзяленьне Польскай турыстычнай палаты і фірма „Інтурыст Польшча”. Спэцыялісты зь Беластоку інфармавалі беларусаў пра турыстычныя цікавінкі Падляшша і заклікалі часьцей наведваць гэты рэгіён. Распавядае Эўгэніюш Лаўрынюк, кіраўнік беластоцкага аддзяленьня Польскай турыстычнай палаты.

Эўгэніюш Лаўрынюк: Мы прыехалі з прапановай адпачынку ў нашым рэгіёне: у падляскім ваяводзтве і ў Аўгуставе. Мы рэклямуем цікавыя мясьціны Падляшша і Аўгустава, распавядаем пра нашую прыгожую прыроду і заахвочваем прыяжджаць у Белавескую пушчу, у Аўгустаў і ў Беласток. Нам вельмі важна, каб да нас прыяжджала як мага больш людзей, як індывідуальных турыстаў, так і групаў. Сярод  беларусаў найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца паездкі на выходныя  ў Беласток. У яе межах – экскурсія па горадзе, наведваньне ваколіцаў Белай Вежы або Тыкоціна, потым пакупкі й адпачывальная праграма, напрыклад, у Водным парку. Тут, у Менску, мы рэклямуем наш рэгіён і заахвочваем людзей, каб прыяжджалі. Разам з намі прыехалі прадстаўнікі з Аўгустава, якія рэклямуюць свой горад. Гэта ўжо летні адпачынак для турыстаў, якія прыяжджаюць на даўжэй: на тыдзень ці два. Гэта наша асноўная прапанова, зь якой мы прыехалі, і якую прадстаўляем ў Менску на выстаўцы.

Фірма „Інтурыст Польшча” ў Менск прывязла прапановы турыстычных паездак у Польшчу на бліжэйшыя месяцы. Распавядае прадстаўніца фірмы Юстына Кшыўка, якая знаходзіцца ў Менску.

Юстына Кшыўка: Мы запрашаем турыстаў прыехаць у Польшчу, маем прапановы адпачынку падчас травеньскіх сьвятаў і на ліпень ды жнівень. Зацікаўленасьць нашай прапановай даволі вялікая. У асноўным, цікавяцца індывідуальныя кліенты, троху менш турыстычныя фірмы.

„Інтурыст Польшча” зьяўляецца фірмай са шматгадовай практыкай працы з беларускімі турыстамі. Больш падрабязна зь дзейнасьцю фірмы і больш шырокай турыстычнай прапановай знаёміць Багуміла Ўладарска, спэцыяліст „Інтурыст Польшча”

Багуміла Ўладарска: Наша фірма працуе на рынку больш за 60 гадоў. Мы займаемся выездамі і прыездамі ў Польшчу. Працуем зь індывідуальнымі асобамі й групамі турыстаў. Прапануем гатэлі на тэрыторыі ўсяе Польшчы, арганізуем таксама спэцыяльныя туры з наведваньнем некалькіх гарадоў у Польшчы. Маем прапановы на зімовы і летні адпачынак: у гарах, на моры, на беразе азёраў. Таксама прапануем адпачынак у санаторыях на тэрыторыі Польшчы. Гэта асноўнае. 

Турыстычны кірмаш у Менску скончыцца 4-га красавіка. Гэта адпаведнае месца для ўсіх, хто хоча знайсьці падрабязную інфармацыю пра турыстычныя прапановы на 2009 год з розных краінаў, у тым ліку і з Польшчы. 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Спасылка

Видео