BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ян Баркоўскі: Ма надалей салідарныя зь беларусамі

11.03.2009
Ян Баркоўскі: Ма надалей салідарныя зь беларусамі
Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 10 сакавіка ў Эўрапейскім парлямэнце абвінавацілі Польшчу ў "немаральным гандлі" з рэжымам Лукашэнкі.

Гаворка вялася пра польскую нацыянальную меншасьць і новую палітыку Эўразьвязу, адкрытую на беларускага прэзыдэнта. Прадстаўнікі беларускай апазыцыі пыталі, ці Польшча забыла пра салідарнасьць.

У сваю чаргу намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук у інтэрвію Польскаму радыё зазначыў, што на апошняй сустрэчы міністраў замежных справаў ЭЗ у Рызе парушэньне правоў чалавека ў Беларусі закраналі толькі Вялікабрытанія й Галяндыя.

На пытаньне, ці Польшча адмовілася ад салідарнасьці ў дачыненьні да Беларусі, адказвае Ян Баркоўскі зь Міністэрства замежных справаў Польшчы. Паводле госьця Польскага радыё для замежжа, добра, што беларуская апазыцыя выказваецца, бо гэта азначае, што яна працуе й зьяўляецца актыўнаю. Зь іншага боку, нельга казаць, што Польшча забылася пра салідарнасьць і правы чалавека ў Беларусі.

Я. Баркоўскі: Наш дыялёг у Эўразьвязе, дыялёг на міжнародным узроўні, а таксама ў двухбаковых адносінах зь Беларусьсю служыць таму, каб побач з намі функцыянавала дзяржава, якая прытрымліваецца эўрапейскіх стандартаў – гэта дэмакратыя, правы чалавека, правы нацыянальных меншасьцяў. За гэтыя стандарты мы змагаемся ва ўсіх магчымых месцах і на сустрэчах. Польшча пасьлядоўна зьяўляецца рухавіком, які гаворыць і зьвяртае ўвагу на гэтыя праблемы на міжнародным узроўні. Нас вельмі ўважліва слухаюць, як краіну, якая найперш на гэтым засяроджвае сваю ўвагу.

Ян Баркоўскі падкрэсьлівае, што беларуская апазыцыя атрымлівала й надалей атрымлівае падтрымку з боку Польшчы, прычым ня толькі маральную. Для Польшчы апазыцыя зьяўляецца вельмі істотным партнэрам.

Я. Баркоўскі: Мы ў дыялёгу зь Беларусьсю пастаянна падкрэсьліваем, што ёсьць стандарты, на падставе якіх мы ацэньваем беларускія ўлады. Эўразьвяз і Польшча, як чалец эўрапейскай супольнасьці, зьвяртаюць увагу на такія пункты, як стаўленьне да апазыцыі, рэалізацыю дэмакратычных свабодаў і правоў чалавека. Гэта частка вялікай палітыкі, якая адбываецца ня толькі пры пасярэдніцтве СМІ.

Анатоль Лябедзька й Аляксандар Казулін казалі ў Страсбурзе пра "немаральны гандаль" з рэжымам Лукашэнкі. Ян Баркоўскі пераконвае, што ў замежнай палітыцы ня можа быць такога панятку як гандаль.

Я. Баркоўскі: У замежнай палітыцы вядзецца дыялёг, часамі ён абмежаваны, як гэта адбываецца ў выпадку Беларусі. У выпадку з нашым беларускім партнэрам ён абумоўлены - мы чакаем, што будуць выкананыя пэўныя ўмовы. Мы, ацэньваючы пэўныя станоўчыя крокі беларускіх уладаў, прадпрымаем акрэсьленыя крокі ў двухбаковых адносінах і ў адносінах Беларусь-Эўразьвяз. Я з прыкрасьцю вымушаны заўважыць, што былі крытычныя заўвагі аб тым, што польскі ўрад клапоціцца пра лёс Саюзу палякаў Беларусі. Правы нацыянальных меншасьцяў зьяўляюцца адным са стандартаў дэмакратыі. Нашым сьвятым абавязкам зьяўляецца клопат аб польскіх меншасьцях. Калі Беларусь ідзе ў накірунку дэмакратыі, то правы польскай нацыянальнай меншасьці павінны паважацца. Апошні дыялёг дае шанец, што гэтыя правы будуць выконвацца. Калі так станецца, то мы пазытыўна гэта ацэнім.

Ян Баркоўскі падкрэсьлівае, што легалізацыя Саюзу палякаў Беларусі, якім кіруе непрызнаваная ўладамі Анжаліка Борыс, зьяўляецца мэтаю польскага ўраду.

Я. Баркоўскі: Мы лічым, што такі саюз павінен працаваць легальна, бо ён нікому не перашкаджае, а наадварот – ён працуе на карысьць польскай меншасьці. Такім чынам гэта, безумоўна, нашая мэта, на якую мы безупынна зьвяртаем увагу. Гэта адна з прычынаў нашага інтэнсыўнага дыялёгу. Мы хочам, каб беларускія ўлады афіцыйна прызналі тое, што павінна быць легальным, каб беларускія ўлады ставіліся да польскай нацыянальнай меншасьці так, як павінны ставіцца да меншасьцяў, каб далі ім магчымасьць свабодна дзейнічаць.

Чарговым пунктам крытыкі з боку прадстаўнікоў беларускай апазыцыі стала магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі 7 траўня на саміт у Празе, дзе афіцыйна будзе агучаны пачатак Усходняга партнэрства. Анатоль Лябедзька й Аляксандар Казулін мяркуюць, што Польшча павінна катэгарычна супрацьпаставіцца магчымаму запрашэньню беларускага лідэра, пакуль у краіне ня будуць выконвацца правы грамадзянаў.

Ян Баркоўскі адзначае, што ў дадзены момант пакуль няма неабходнасьці прымаць канкрэтнае рашэньне, калі гаворка ідзе пра запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт. Ён падкрэсьліў, што яшчэ будуць ацэньвацца падзеі, якія здарацца ў бліжэйшым часе.

Я. Баркоўскі: Усё гэта мы будзем агучваць на форуме цэлага Эўразьвязу. Мы спадзяемся, што іншыя эўрапейскія краіны таксама будуць уважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі й будуць разьдзяляць нашыя ацэнкі. Такім чынам перад намі яшчэ шэраг падзеяў. Усходняе партнэрства зьяўляецца прапановаю для Беларусі, праўда, абмежаванаю, каб даць ёй шанец далучыцца да эўрапейскіх працэсаў, каб падтрымаць працэсы, якія будуць карысныя для цэлай краіны й беларускага грамадзтва. Яшчэ ёсьць час на вызначэньне нашай пазыцыі, якая будзе абмяркоўвацца ў рамках ЭЗ. Ня будзе нейкай асобнай пазыцыі Польшчы, ці нейкай польскай забароны. Мы хочам, каб гэта было рацыянальнае рашэньне, якое дае пэрспэктыву нашым узаемных стасункам, пэрспэктыву разьвіцьця беларускага грамадзтва.

Ян Баркоўскі адзначае, што няма патрэбы працягваць палітыкі ізаляцыі Беларусі, якая функцыянавала некалькі апошніх гадоў, паколькі яна не прынесла ніякіх канкрэтных вынікаў. Паводле Яна Баркоўскага, у дачыненьні да Беларусі трэба весьці палітыку дыялёгу, хоць абмежаванага, залежнага ад выкананьня пэўных стандартаў.

Спасылка

Видео