BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Парлямэнтары АБСЭ хочуць пабачыць прагрэс

11.03.2009
Парлямэнтары АБСЭ хочуць пабачыць прагрэс
Сёньня ў Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўніцы рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ўты Цапф і сяброў гэтай групы.

Таксама ўзяў удзел у прэсавай канфэрэнцыі і кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Жуан Суарыш. Ён сказаў:

Жуан Суарыш
“Я хацеў бы падкрэсьліць, што мы сустракаемся з прадстаўнікамі ўлады, апазыцыі і недзяржаўных арганізацый. У нас адбываецца шматбаковы дыялёг”. Спадар Суарыш нагадаў таксама, што тры гады таму ён быў у Менску і назіраў за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. І тады ён адзначаў, што гэтыя выбары не адпавядалі міжнародным стандартам. І цяпер “я крайне зацікаўлены пабачыць ці ёсьць прагрэс у Беларусі і што тут адбываецца”.

На пытаньне ці сапраўды за апошні час у Беларусі адбываецца нейкі прагрэс, спадарыня Ўта Цапф адказала наступным чынам:

“Я не магу сказаць, што ў Беларусі адбываюцца радыкальныя зьмены да лепшага. Гэта хутчэй нейкі крок за крокам, чым нешта радыкальнае. Але прыемна бачыць, што ўжо ёсьць жаданьне з боку ўладаў перагледзець беларускае заканадаўства ў эўрапейскім кірунку. І гэта выклікае павагу”.

Спадарыня Цапф дадала, што прыняты лепшы закон аб мэдыях, што дзьве газэты, якія лічацца апазыцыйнымі, уключаны ў каталёг і ў тым ліку “ўчора ў прэзыдэнцкай адміністрацыі мой калега па групе набыў адну такую газэту і я яе абавязкова захаваю”. Але, паводле Ўты Цапф, прагрэс мог бы быць і большым.

Адносна сэмінару па інвэстыцыях, які пачынаецца сёньня, Ута Цапф сказала, што цяжка было б чакаць ад гэтага сэмінару нейкіх канкрэтных праектаў, кантактаў і дзеяньняў. Гэта хутчэй прынцыповая пастаноўка пытаньня аб тых зьменах у эканамічнай, фінансавай і падобных сфэрах, якія павінны адбыцца ў Беларусі.

Спасылка

 

Видео