BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

НДА хочуць выйсьці з падпольля

09.03.2009
НДА хочуць выйсьці з падпольля
У пятніцу й суботу ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры віравала жыцьцё трэцяга сэктару. Тут праходзіў шосты сход недзяржаўных арганізацыяў і ініцыятыў. Арганізатары чакалі, што ў форуме прымуць удзел каля 250 прадстаўнікоў трэцясэктарнай Беларусі. Але іх надзеі не спраўдзіліся. Паўдзельнічаць у мерапрыемстве захацелі больш за 330 чалавек.

Шэраг круглых сталоў па розных пытаньнях, дэбаты, спрэчкі, абмен досьведам, кулюарныя размовы –  гэта кароткі пералік таго, што адбылося ў межах і па-за межамі праграмы.

Прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў цікавіла, якая ж стратэгія працы на сёньняшні дзень правільная, тым больш, што ўмовы ўнутры Беларусі імкліва мяняюцца. Кіраўніцтва краіны дэкляруе лібэралізацыю і нават робіць спробы пачуць сваіх апанэнтаў. Кіраўнік рабочай групы Асамблеі недзяржаўных арганізацыяў ды ініцыятыў Сяргей Мацкевіч лічыць, што цяпер добры момант да пераменаў і выхаду трэцяга сэктару з падпольля, у якім НДА былі з добры дзесятак гадоў.

Сяргей Мацкевіч: Гэтая Асамблея можа быць паваротнай, таму што пачатак зьменаў у беларускім грамадзтве магчымы, і мы адчуваем гэтыя магчымасьці. Поле дзейнасьці для трэцяга сэктару патроху пашыраецца, але ад нас, яго ўдзельнікаў, залежыць, якую ролю мы будзем граць: ці станем актыўным чыньнікам зьменаў, ці будзем ўплываць на тое, што адбываецца, ці застанемся збоку. І будзем канстатаваць, што ўсё адбываецца ня так, як нам трэба. Сёньня пазыцыя грамадзка актыўных людзей становіцца ўсё больш і больш важнай.

Калі ў сталіцы грамадзка актыўныя людзі трымаюць руку на пульсе пераменаў і гатовыя рынуцца ў новыя варункі са сваімі ідэямі, то ў рэгіёнах пакуль узважваюць “за” і “супраць” працы ў новых умовах, ды чакаюць парады ад калег зь Менску, апавядае сябра працоўнай групы Асамблеі Уладзімір Радзівончык.

Уладзімір Радзівончык: Першыя чаканьні ад Асамблеі – лябіраваньне інтарэсаў грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў, у тым ліку і неасацыянаванай грамадзянскай супольнасьці на ўсіх узроўнях. Рэгіёны чакаюць, што прапануе Асамблея, які будзе фармат працы ў новых умовах. У рэгіёнах ёсьць неразуменьне таго, як жыць у новых працэсах, што пачынаюцца ў Менску і могуць перайсьці на рэгіёны. Я маю на ўвазе стварэньне шэрагу радаў, у якія запрасілі палітыкаў, экспэртаў, прадстаўнікоў НДА. І мы, рэгіёны, чакаем, які фармат ўзаемадачыненьняў абярэ Асамблея, бо ёсьць некаторая разгубленасьць.

Пакуль адны прадстаўнікі трэцяга сэктару вырашаюць бюракратычныя пытаньні, абіраюць кіраўнічыя ды працоўныя групы, галасуюць за тое “ці ёсьць месца палітыкам у сэктары недзяржаўных грамадзкіх арганізацый”, іншыя атрымліваюць задавальненьне ад самога працэсу дзейнасьці ды сустракаюцца з сябрамі і знаёмымі ў кулюарах. У трэцім сэктары Беларусі многа моладзі. Чаму маладзёнам не сядзіцца дома і яны ідуць у грамадзкія аб’яднаньні, ствараюць уласныя ініцыятывы? -- наша карэспандэнтка цікавілася ў маладых  ўдзельнікаў Асамблеі. 

– Я прыйшоў зусім выпадкова ў моладзевую арганізацыю ў Берасьці. Гэта дае мне шматлікія знаёмствы зь цікавымі людзьмі, вялікія магчымасьці, найперш самарэалізацыі, у параўнаньні з маімі сябрамі-студэнтамі. Спадзяюся жыцьцё і надалей будзе праходзіць так цікава – з вандроўкамі, знаёмствамі.

– Досьвед, новыя веды, новыя знаёмствы.

–  Магчымасьць рэалізаваць сябе ў тых сфэрах, дзе я хачу.

– Асабістае разьвіцьцё, уплыў на сацыяльныя і палітычныя працэсы, што адбываюцца ў маёй краіне. 

– Грамадзкая дзейнасьць – гэта тая сфэра чалавечай дзейнасьці, дзе можна знайсьці файных сяброў, тых людзей, якія  цябе разумеюць і разам зь імі рабіць плённую працу.

Учора, шостага сакавіка стала вядома, што былі пададзеныя дакумэнты ў  Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю Асацыяцыі “Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб'яднаньняў”. Сярод заснавальнікаў асацыяцыі — Цэнтар "Супольнасьць", Цэнтар па правох чалавека, Беларускі Хельсінскі камітэт. Асацыяцыю спрабуюць зарэгістраваць у другі раз. Папярэдняя спроба ў 2002 годзе скончылася наўдала. Мінюст ажно праз паўтара году пасьля падачы дакумэнтаў адмовіў у рэгістрацыі. Паводле беларускага заканадаўства, рашэньне аб магчымасьці рэгістрацыі Асацыяцыі “Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб'яднаньняў” Міністэрства юстыцыі павінна прыняць напрацягу месяца, на гэты тэрмін усё яшчэ прыпадае тэставы пэрыяд на дэмакратызацыю для ўладаў Беларусі.

Спасылка

Видео