BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Еўракантралёр: Беларусь - як Польшча ў 1989 годзе

04.03.2009
Еўракантралёр: Беларусь - як Польшча ў 1989 годзе
Віцэ-старшыня Камісіі замежных справаў Еўрапарламенту Януш Анышкеч у эксклюзіўным інтэрв'ю "Мы" заявіў, што ЕС спадзяецца на станоўчы вынік дыялогу з афіцыйнай Беларуссю. "Але пакуль нічога не мяняеца".

- Спадар Януш Анышкевіч, Вы першы прапанавалі ў ЕС весці асцярожны дыялог з афіцыйнай Беларуссю. Тады былі пытанні, ці магчыма будзе адначасова весці дыялог і з апазіцыяй і з беларускімі ўладамі. Як лічыце, як праходзіць зараз гэты дыялог?

- Мы пачалі дыялог з Беларуссю - адказваючы на некаторыя жэсты, якія зрабіў спадар Аляксандр Лукашэнка. Напрыклад: вызваленне палітзняволеных, рэгістрацыя руха "За Свабоду" спадара Аляксандра Мілінкевіча, магчымасць друку дзвюх незалежных газет у Беларусі, а таксама дазвол на распаўсюд гэтых газет, заснаванне Рады пры Адміністрацыі прэзідэнта, у склад якой ўвайшлі і прадстаўнікі апазіцыі.

Мы пачалі дыялог з надзеяй, што далей таксама будуць змены, што іх будзе больш. На жаль, пакуль нічога не мяняецца. У сувязі з гэтым перад намі можа з'явіцца пытанне: што далей? Пакінуць скасаванне санкцый - ці можна зноў вярнуцца да іх? Маю надзею, што такой патрэбы не будзе. Але мы вельмі хацелі б, каб Беларусь, беларускія ўлады паказалі пэўную адкрытасць. Гэта таксама дасць магчымасць далучэння Беларусі да праграмы "Усходняе партнёрства", што будзе карысным для беларускага грамадства.

- Як Вы пракаментуеце сустрэчу Хаўера Саланы і Аляксандра Лукашэнкі?

- Размова Саланы з Лукашэнкам была тэт-а-тэт. У сувязі з гэтым няма ніякіх афіцыйных справаздачаў. У мяне была магчымасць размаўляць з ягонымі афіцыйнымі супрацоўнікамі, якія адказалі толькі тое, што размова была цікавая і канструктыўная. То бок - размова дае пэўныя надзеі на будучыню. Але ці рэалізуюцца гэтыя надзеі - невядома.

- Якая будзе рэакцыя ЕС на прызнанне ці непрызнанне Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі?

- І так, тое што Беларусь (нагледзячы на тое, што гаварыў спадар Лукашэнка пра разуменне расейскіх праблемаў) не прызнала пакуль афіцыйна ні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, успрымаецца пазітыўна. Маем надзею, што такі расклад рэчаў будзе падтрыманы Беларуссю і надалей. Калі Беларусь усё-такі вырашыцца на прызнанне, гэта - без сумневу - адаб'ецца на перспектывах нашай далейшай супрацы і на дыялогу. А дыялог мы б хацелі развіваць. Ужо хутка ў Еўрапарламенце пройдуць розныя семінары на тэму Беларусі. Маем надзею, што ў іх возьме ўдзел не толькі прадстаўнікі ўладаў, але, напэўна, будуць прадстаўнікі апазіцыі. І - як нефармальны падыход - можа нейкі дыялог паміж апазіцыяй і ўладай там завязацца. І, магчыма, нарэшце, давядзе ў будучыні да нейкага паразумення паміж апазіцыяй і ўладамі. Так - як гэта было ў Польшчы 20 год таму, у 1989 годзе.

- Спадар Онышкевіч, Вы ўжо скончваеце свой тэрмін у Еўрапарламенце - у чэрвені новыя выбары - як бы Вы падсумавалі сваю дзейнасць наконт беларускага пытання?

- Што дзе і з'яснілася адносна Беларусі ў Еўрапарламенце, дык гэта тое, што Беларусь урэшце заўважылі і прызналі як важную краіну ў Еўропе, краіну, перад якой Еўрасаюз павінен выпрацаваць сваю ўласную палітыку. Тым больш, што Беларусь і Украіна пастаянна зараз прысутнічаюць у нашым палітычным дыскурсе. Няма зараз ніводнага выступу Еўрапейскай Камісіі ці Савету Еўропы адносна замежнай палітыкі, дзе б не ўзгадваліся гэтыя дзве краіны.

А вось чаго не ўдалося зрабіць мне, напрыклад, каб беларусам давалі Шэнген-візы бясплатна. Я стараўся, але без вынікаў. Хаця маю надзею, што ўдасца закончыць перамовы, каб гэтыя візы сталі танней, чым зараз. Яны не будуць бясплатныміі, але ўсё ж танней.

- На Вашую думку, чаго сапраўды хоча беларускі ўрад?

- Думаю, што беларускі ўрад хацеў бы атрмаць прызнанне еўрапейскай краінай, нейкую падтрымку, нейкую эканамічную дапамогу. Хацеў бы паказаць Расіі, што Беларусь не зусім залежыць ад яе і мае розныя магчымасці, але не хацеў бы заплаціць за гэта ніякой палітычнай цаной. І гэта праблема. Беларусь вымушана ўваходзіць на дарогу дэмакратыі і выконваць правы чалавека. А паказаць адзінкавыя жэсты без аніякіх далейшых рухаў - гэтага недастаткова.

Cпасылка

Видео