BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Брусэльская дыскусія пра Беларусь

04.03.2009
Брусэльская дыскусія пра Беларусь

Сёньня ў Брусэлі пройдзе дыскусія на тэму дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам. Яе ўдзельнікі выкажуцца наконт таго, ці трэба працягваць санкцыі супраць беларускіх уладаў? У сярэдзіне красавіка заканчваюцца шэсьць месяцаў, на якія санкцыі былі прыпыненыя.

 

Дыскусію арганізуюць дзьве найбуйнейшыя фракцыі Эўрапейскага парлямэнту (кансэрватары і сацыялісты), фонд Pontis ды брусэльскі “Офіс за дэмакратычную Беларусь”. Супрацоўніца Офісу Вольга Стужынская паведаміла “Свабодзе”, што сустрэча пройдзе ў будынку Эўрапейскага парлямэнту. І зразумела, яе не абмінуць сваёю ўвагай многія эўрапейскія дэпутаты. А хто яшчэ зьбіраецца сесьці за круглы стол? – задаю пытаньне спадарыні Стужынскай:

“Будзе Хэльга Шміт з кабінэту спадара
Саляны, будзе спадар Мінгарэлі з Эўрапейскай камісіі. І будзе Ўладзімер Сянько -- беларускі амбасадар у Брусэлі, мы чакаем яго. А беларускі бок прадставяць, напрыклад, Жанна Літвіна, якая зробіць даклад пра сытуацыю з мэдыямі. Таксама будуць Віталь Сіліцкі, Алесь Бяляцкі, Сяргей Мацкевіч з Асамблеі няўрадавых арганізацыяў. Ірына Віданава зробіць прэзэнтацыю маніторынгу пра сытуацыю ў Беларусі. Будуць і іншыя”.

З Сяргеем Мацкевічам я размаўляў учора ў Менску і спытаў, пра што ён асабіста будзе казаць у Брусэлі:

“Я хачу расказаць пра стан у галіне свабоды асацыяцыяў, што тут адбываецца за апошнія паўгода. І пакуль можна казаць толькі пра невялікія кропкавыя з’явы. Але ніяк не.пра сыстэмныя зьмены ў заканадаўстве, якія палепшаць існаваньне грамадзкага сэктару, а таксама магчымасьць людзей уступаць у грамадзкія арганізацыі і дзейнічаць ад іх імя.

Да канца тэставага пэрыяду ёсьць яшчэ месяц і, можа, улады больш нейкія істотныя крокі прымуць? І тады можна будзе па-іншаму ацаніць. Пакуль жа мы бачым толькі пару рэгістрацыяў. Але сёньня стала вядома, што адмовілі ў рэгістрацыі “Нашай вясьне”. І гэта ёсьць адмоўны паказчык зьменаў”.

Дыскусію ў Брусэлі адкрые
Яцэк Пратасевіч – кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў сувязях з Беларусьсю. Літаральна 10 дзён таму ён разам з яшчэ трыма калегамі наведваў Менск. І я спытаў Яцэка Пратасевіча на разьвітальнай прэсавай канфэрэнцыі: ці ёсьць хоць нешта агульнае паміж дачыненьнямі уладаў і апазыцыі -- цяпер у Беларусі і ў часы “Салідарнасьці” у Польшчы?

“І калі перамовы круглага стала ў Польшчы пачаліся 20 год таму, яны таксама пачаліся пад уплывам эканамічнага крызысу. І ўлада, калі яна рабіла гэта, думала пра касмэтычныя зьмены. Але ўрэшце адбыліся вельмі істотныя зьмены. І гэта прывяло да таго, што людзі з улады іх прызналі. І гэта азначае, што калі пачынаецца працэс, то цяжка сказаць, калі і дзе ён спыніцца”.

Яцэк Пратасевіч таксама падкрэсьліў, што рашэньне аб тым, як Эўразьвязу будаваць надалей свае дачыненьні з Беларусьсю, мусіць быць прынятае Радай Эўразьвязу аднагалосна.

Спасылка

Видео