BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сяргей Мартынаў на старонках International Herald Tribune

25.02.2009
Сяргей Мартынаў на старонках International Herald Tribune

У амэрыканскай газэце International Herald Tribune выйшаў артыкул міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава "У абвяржэньне трох мітаў". Ніжэй - пераклад артыкула беларускай блогеркі bаrilotti.

У абвяржэнне трох мітаў

Сяргей Мартынаў
У чаканні прыняцця запланаванай Еўрапейскім саюзам новай праграмы Усходняга партнёрства мае калегі ў беларускім Міністэрстве замежных справаў і я ўзаемадзейнічаем з нашымі калегамі ў Брусэлі, і я хацеў бы аспрэчыць пэўныя няверныя ўяўленні, якія дагэтуль існуюць на конт маёй краіны.

Я ўпэўнены, што еўрапейскія чыноўнікі, з якімі мы працуем, ведаюць сітуацыю лепей. Аднак шмат людзей у Заходняй Еўропе ўсё яшчэ знаходзяцца пад уплывам грамадскага дыскурсу, які надзяляе Беларусь негатыўнымі і фундаментальна памылковымі стэрэатыпамі. 

Існуе тры вялікія міты, якія прадстаўленыя ў амаль усіх матэрыялах і каментарах заходніх медыяў пра Беларусь. Незалежна ад парадку, іх можна пералічыць наступным чынам: 

- Што беларусы лібералізуюць сваю эканамічную і палітычную сістэму ў адказ на ціск Захаду. 

- Што Беларусь знаходзіцца перад выбарам, з кім сябраваць: з Расіяй ці з Захадам. 

- Што Беларусь існуе ў свайго роду ссунутым часе, што яна - мініятурны Савецкі Саюз, які ўвекавечыў савецкія ідэалы і мэты. 

Дазвольце мне паспрабаваць па чарзе ліквідаваць гэтыя няверныя ўяўленні.

Беларусь сапраўды ідзе шляхам лібералізацыі. Аднак, хаця мы ўважліва слухаем парады Захаду, галоўныя чыннікі нашае эвалюцыі - унутраныя.

Каб зразумець гэта, трэба асэнсаваць той шлях, які Беларусь выбрала пасля распаду Савецкага Саюза. Мы выбралі стабільнасць і інтэграванасць грамадства. Пераканаўчай большасцю грамадзяне Беларусі захацелі пазбегнуць хаасу і бандытызму, прыватнай нажывы за кошт дабрабыту грамадства, масавага беспрацоўя і беднаты, - усяго таго, што яны бачылі практычна ўсюды ў іншых краінах былога Савецкага Саюзу. 

Мы выпрацавалі сваю ўласную мадэль. Дзякуючы нашым намаганням пастала эфектыўная сістэма дзяржаўнага кіравання і сацыяльнай бяспекі, якая забяспечыла належны ўзровень дабрабыту грамадзян. Мы прайшлі сваім шляхам, вывучаючы негатыўныя ўрокі замежнага досведу. У 2000м годзе Беларусь стала першай постсавецкай краінай, якая перакрочыла - і значна - перадкалапсавы ўзровень эканомікі. 

Цяпер, пасля дзесяцігоддзя ўпэўненага эканамічнага росту, мы заклалі падставы для наступнага этапу развіцця. Мы прыступілі да выканання праграмы лібералізацыі, якая скіраваная на трансфармацыю нашай эканомікі і грамадства. 

Нашая мэта - стварэнне сучаснай, гнуткай і прыязнай да бізнэсу эканомікі, якая абапіраецца на інавацыі і адкрытая да знешніх інвестыцый. Мы распачалі серыю мераў па значнаму скарачэнню абмежаванняў і бюракратыі. Мы правялі фундаментальную рэформу сістэмы падаткаў, увёўшы ў гэтым годзе адзіную стаўку падаходнага падатку. Прыватызацыя набірае абароты. Ліцэнзаванне і сертыфікацыя бізнэсу спрошчаная, як і іншыя адміністратыўныя і тэхнічныя працэдуры.

Мы зробім болей, але ўжо зараз мы бачым пазітыўныя вынікі. У штогадовай табліцы "Лёгкасць вядзення бізнэсу" Сусветнага Банку Беларусь цягам мінулага году прасунулася на 30 месцаў уверх. Наша мэта - ўвайсці ў топ-30.

Мы разумеем,  што эканамічная лібералізацыя мае патрэбу ісці нага ў нагу з палітычнымі рэформамі і большай адкрытасцю грамадскага жыцця. Ізноў, настолькі ж наколькі ў 90-я мы адказвалі на запатрабаванні грамадства, зараз мы адказваем на патрэбы часу і ўводзім у дзеянне паслядоўныя праграмы пераменаў, каб стварыць болей дэмакратычнае грамадства. Гэта абазначае рост плюралізму ў медыях. Галоўныя апазіцыйныя газеты атрымалі доступ да дзяржаўнага распаўсюду, што робіць іх даступнымі большасці беларускіх чытачоў. Нашыя людзі могуць з лёгкасцю глядзець замежныя тэлеканалы. Нават базавыя пакеты кабельных аператараў, якія дзейнічаюць практычна ў кожным горадзе Беларусі, прапаноўваюць шырокі выбар каналаў, уключна з такімі папулярнымі навіннымі каналамі як Еўраньюс, Бі-бі-сі і Сі-Эн-Эн.

Інтэрнэт робіцца значнай крыніцай інфармацыі і форумам для абмену думкамі. Згодна з нядаўнім дакладам ААН "Развіццё і кіраванне Інтэрнэтам у 2008 г.", Беларусь знаходзіцца ў групе лідзіруючых краінаў па карыстанню інтэрнэтам у рэгіёне, бо 34,8% насельніцтва карыстаюцца Інтэрнэтам. 

Лібералізацыя абазначае новыя, спрошчаныя працэдуры рэгістрацыі палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб'яднанняў. 

Парламенцкія выбары ў верасні пабачылі шматлікія паляпшэнні, але мы разумеем, што трэба зрабіць болей. Канешне, мы чуем тое, да чаго нас заклікаюць Брусэль і Вашынгтон. Аднак нават без іх заклікаў мы ішлі б гэтым курсам, бо мы верым, што ён - у лепшых інтарэсах нашага народу.

Адносна другога міту: нашага выбару сяброў. Некаторыя заходнія назіральнікі разглядаюць дыпламатыю ў чорна-белых фарбах, калі выйгрыш у адносінах з адным бокам абазначае непазбежны пройгрыш у адносінах з іншым. Гэта не проста прымітыўны спосаб мышлення. Ён яшчэ і нерэалістычны.

Мы хочам развіваць канструктыўнае і ўзаемавыгаднае партнёрства з Еўрапейскім Саюзам і гатовыя абмяркоўваць любыя праблемы ў нашых адносінах паслядоўна, крок за крокам. Падобным чынам мы шукаем новых, палепшаных адносінаў са Злучанымі Штатамі і пазітыўна ставімся да супрацоўніцтва з адміністрацыяй Абамы. 

Але Беларусь не збіраецца развіваць адносіны з ЗША або ЕС за кошт нашага супрацоўніцтва з іншымі важнымі партнёрамі, перш за ўсё - Расіяй. Тыя, хто падштурхоўвае нас у гэтым кірунку, проста не разумеюць нашай гістарычнай спадчыны. Беларусы б палічылі гібельнай сітуацыю, калі іх краіна стала б платформай для канфрантацыі паміж Усходам і Захадам. Мы хочам быць мастом - і дакладна не буферам. 

Што тычыцца трэцяга вялікага недаразумення - пра тое, што мы ў Беларусі з'яўляемся ў пэўным сэнсе апошнім аплотам савецкіх амбіцый. Гэта напэўна найбольш дзіўны з усіх мітаў. 

Прагуляйцеся па Мінску, з яго МакДональдсамі, Макс Марамі, жывым начным жыццём, і вы пабачыце дакладна той вобраз маёй краіны, якой яна ёсць - незалежная еўрапейская нацыя, якая прымае і карыстаецца ўплывамі ўсіх сваіх суседзяў, аднак захоўвае сваю адметную атмасферу. Беларусы - добра адукаваныя, востра адчуваючыя будучыя мажлівасці, гатоўныя працаваць з усім светам на сваіх уласных умовах - не настальгіруюць. Яны наўпрост сфакусаваныя на будучыні. 

Беларусь мяняецца. Мы просім нашых заходніх партнёраў прызнаць гэтыя перамены, пазбавіцца ад састарэлых стэрэатыпаў і скарыстацца перавагамі новых магчымасцяў для супрацоўніцтва.
 

Выдзяленьні ў тэксьце - перакладчыка.

Спасылка

 

Видео