BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У Брусэлі ўхваляюць кірунак Менску

27.01.2009
У Брусэлі ўхваляюць кірунак Менску

Пасьля перамоваў „тройкі” Эўразьвязу зь Сяргеем Мартынавым у Брусэлі, Бэніта Фэрэра-Вальднэр, камісар Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавых дачыненьняў і эўрапейскай палітыкі суседзтва, сказала журналістам, што перамовы яе „абнадзеілі”, і дадала: „Безумоўна, зь Беларусьсю мы знаходзімся, так бы мовіць, на паўдарозе. Але мы бачым, што яны робяць важныя крокі ў правільным накірунку”.

Паводле Фэрэра-Вальднэр, адзін з такіх крокаў — абяцаньне ўраду Беларусі спрасьціць рэгістрацыю СМІ.

Міністар Мартынаў сказаў журналістам у Брусэлі, што Менск зацікаўлены прапановай Усходняга партнэрства з боку Эўразьвязу:

„Я выказаў наша станоўчае стаўленьне да ідэі і канцэпцыі Ўсходняга партнэрства, нашу пазытыўную ацэнку гэтага дакумэнту, які ёсьць цяпер, і наша спадзяваньне, што калі ён будзе дапрацаваны, ён будзе ўтрымліваць умовы для роўнага шматбаковага ўдзелу краінаў. Усходняе партнэрства павінна быць усеабдымным па вызначэньню. Калі праграма ня будзе ўсеабдымнай, тады яна губляе свой сэнс”.

Ці прыступіць Беларусь да Ўсходняга партнэрства? Назіральнікі ў Брусэлі мяркуюць, што шанцы на гэта вялікія.

Па-першае, шмат сяброў Эўразьвязу бачаць улучэньне Беларусі ў гэтую праграму як свой палітычны прыярытэт.

Па-другое, дыпляматы Эўразьвязу баяцца, што Беларусь можа паддацца на спакусу карыснай дамовы на пастаўкі газу з Расеі і адвярнуцца да Эўропы сьпінаю.

Па-трэцяе, у гэтым годзе ў Эўразьвязе старшынююць Чэхія і Швэцыя — абедзьве краіны вельмі зацікаўленыя ў тым, каб далучыць Беларусь да Ўсходняга партнэрства. Калі ідэя не ажыцьцявіцца сёлета, дык Эўразьвяз, заяўляюць назіральнікі ў Брусэлі, можа страціць шмат са свайго геапалітычнага значэньня і ўплыву.

Cпасылка

Видео