BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусь рыхтуецца да адмены сьмяротнага пакараньня

27.01.2009
Беларусь  рыхтуецца да адмены сьмяротнага пакараньня

Выглядае, адным з магчымых крокаў насустрач Эўропе Беларусь разглядае адмену сьмяротнага пакараньня. Адным зь яскравых вынікаў мінулага года можна лічыць тое, што улады пачалі сур’ёзна казаць пра адмову ад сьмяротнага пакараньня – разглядаючы  умову Эўразьвязу як вартую выкананьня.

Пачалося ўсё пры канцы 2008-га: Канстытуцыйны суд 4 месяцы разглядаў пытаньне і вырашыў, што адмена расстрэлаў ці ўвядзеньне мараторыя не з’яўляецца неканстытуцыйным рашэньнем.  Аб тым, што ўвогуле КС разглядаў гэтае пытаньне, стала вядома пазьней, калі намесьнік старшыні Камісіі па нацыянальнай бясьпецы Іван Кібак абвясьціў: гэтае пытаньне можа быць уключана ў павестку дня ўжо бліжэйшай сэсіі парлямэнту, якая пачынаецца 2 красавіка. І калі дэпутаты пагадзяцца, будуць унесены адпаведныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Пасьля чаго ўласна фармулёўка “сьмяротнае пакараньне” зьнікне і будзе заменена на “пажыцьцёвае зьняволеньне”.

Навошта гэта краіне цяпер? Тут усё проста: улады вырашылі, што трэба быць у Радзе Эўропы. “Уступленьне ў Раду Эўропы з’яўляецца прыярытэтам у зьнешняй палітыцы Беларусі,”  - заявіў старшыня Верхняй палаты парляманту  Барыс Батура. А РЭ не жадае мірыцца з расстрэламі.

Тэры Дэвіс, генэральны сакратар Рады Эўропы: "Няма сувязі паміж выкарыстаньнем сьмяротнай кары і колькасьцю здейсьненых злачынстваў. Гэтым спосабам не вяршыцца правасудзьдзе, а толькі параджаецца непатрэбны гераізм ці сьмяротнікі, як у выпадку фундамэнталізму, што вядзе да распаўсюджваньня тэрарызму. Гэта рэальна дрэнная палітыка”

І хаця для Беларусі тэрарызм – рэч неактуальная, настойваць на праве расстрэльваць злачынцаў зараз, здаецца, дзяржава ўжо ня бачыць вялікага сэнсу. Тым больш, што КС таксама падцьвердзіў: залежнасьці паміж існаваньнем сьмяротнай кары і колькасьцю жорсткіх забойстваў няма.

Ці цяжка Беларусі адмяніць сьмерць як пакараньне?

Пра гэта сьведчыць дынаміка колькасьці такіх прысудаў.

У 1998 годзе было расстраляна  – 47, у 1999 – 13, у 2000 – 4, у 2001 – 7. Апошнімі гадамі растрэльваюць 3-4 злачынцы за год. Звычайна іх віна ў двайным, трайным забойстве з асаблівай жорсткасьцю даказаная. Што такое для краіны не расстраляць тры-чатыры забойцы? Не такія ўжо вялікія асігнаваньні ў сяброўства з Эўропай.

А як жа рэферэндум 1996-га, калі 80% беларусаў выказалі жаданьне пакінуць у Крымінальным Кодэксе гэты артыкул? Тут ужо народу тлумачыць на старонках дзяржаўнай “Савецкай Беларусіі” Валянціна  Шэлкапляс, прафэсар кафедры тэорыі гісторыі дзяржавы і права Акадэміі МУС, што тады, у 1996, у Кодэксе не было пажыцьцёвага пакараньня, максымум давалі 15 гадоў ці расстрэл. “Пажыцьцёвае” увялі ў Кодэкс толькі пры канцы 1997-га. І зараз ёсьць магчымасьць агарадзіць грамадзкасьць ад нелюдзяў.  (Права на тое, каб перагледзелі прысуд з’яўляецца ў пакаранага праз 25 год – калі ён дажыве да гэтага часу.)

Дарэчы, нават генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч днямі абвесьціў, што яго ведамства ня супраць адмены сьмяротнага пакараньня.

- Калі гэта (адмена расстрэлаў) - правіла Рады Эўропы і калі мы жадаем быць там, мы мусім прыняць правілы, якія існуюць там. Кажуць, у чужы манастыр са сваім уставам ня ходзяць, - сказаў Генпракурор. 

Сам Васілевіч разумее, што большасьці беларусаў ідэя адмены сьмяротнай кары можа не спадабацца. І прыводзіць прыклад гомельскага пэдафілу, які апошнюю сваю ахвяру, дзевяцігадовага хлопчыка, забіў, каб не пакідаць сьведку.

 
Словы супраць” адмены сьмяротнага пакараньня 

Алена Васількова, прадпрымальнік:

- Гуманізм у выключных выпадках бывае неразумны. Калі васемнаццацігадовы дэгенерат забівае ўсю сваю сям’ю, каб спакойна жыць у іх кватэры і карыстацца іх грашыма – як яго пакідаць у жывых? (Я чытала некалькі гадоў такую гісторыю, яна адбылася ў адным з райцэнтраў – гэты нелюдзь задушыў нават васьмігадовую сястрычку). Ён што, выправіцца? Не, ён будзе за кратамі 25 гадоў, я і мае знаёмыя будуць аплочваць яго ахову і пайку са сваіх падаткаў. Гэта мне патрэбна? Мала таго, ён праз 25 год можа вызваліцца, як чалавек, які ўжо нікому не пагражае.  Я гэтага б не хацела! Яму ж толькі 43 будзе…

Мне здаецца, тая практыка, што існуе, калі расстрэльваюць толькі зусім страшэнных забойцаў, правільная. І закладзена ў ёй, што немалаважна, ідэя запатольваньня народнага гневу.

Словы “за” адмену расстрэлаў

Валянцін Стэфановіч, праваабаронца:

- Мы з аднадумцамі сеньня распачынаем кампанію за адмену ў Беларусі сьмяротнага пакараньня. На сайце spring96.org з’явіцца банер “Не забірай жыцьцё!”, пад якім будуць зьмяшчацца выказваньні вядомых людзей супраць захаваньня смяротнага пакараньня.

Права на жыцьцё – адно з фундамэнтальных правоў чалавека. Яго сьцвярджаюць і ўсе канфесіі, якія існуюць у Беларусі: жыцьце даецца Богам і толькі ён можа вырашаць, калі яго забраць. На дадзены момант Беларусь засталася апошняй дзяржавай у Эўропе, дзе выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Пасьля адмены сьмяротнага пакараньня Узьбекістанам з 1 студзеня 2008 году наша краіна засталася апошняй з дзяржаваў на постсавецкай прасторы, якая ўжывае гэты від пакараньня.

Галоўная мэта пакараньня – гэта даць магчымасьць чалавеку зразумець, што ён зрабіў. Расстраляны ўжо нічога не зразумее. Гэта прынцып сярэднеявечча, “ока за ока”, які не ўплывае, як ужо падцьверджана, на колькасьць злачынстваў. Наяўнасьць у Крымінальным кодэксе артыкулаў, якія прадугледжваюць сьмяротнае пакараньне, ня можа спыніць забойцу – меней за ўсё, на думку псыхолягаў, той думае пра пакараньне.

Да таго ж расстрэл робіць судовыя памылкі неадваротнымі. А практыку судовая сыстэма мела – калі з- за маньяка Міхасевіча быў расстраляны невінаваты чалавек.

І яшчэ – целы расстраляных не выдаюцца родным і нават месца пахаваньня з’яўляецца таямніцай. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць гэта катаваньнем родных – бо для многіх зь іх злачынца ўсе адно застаецца сынам, бацькам ці братам.

А грамадзтва – падрыхтаванае?

Паводле дадзеных нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў верасьні 2008 году Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі выказаліся 44,2% рэспандэнтаў, супраць адмены – 47,8. Так што можна прагназаваць: некалькі інфармацыйных, сацыяльных кампаній – і Беларусь будзе маральна гатовая да адмены.

Натальля Раеўская

[email protected]

Камэнтар Алены Танкачовай, старшыні праўленьня праваабарончай недзяржаўнай арганізацыі “Фонд разьвіцьця прававых тэхналёгіяў”:

 - Неабходна разумець, што Беларусь адзіная краіна ў рэгіёне АБСЭ, у якой сьмерць прымяняецца ў якасьці меры пакараньня.

 

Для адмены сьмяротнага пакараньня дастаткова палітычнай волі дзяржавы. Аднак акурат гэтай волі і нябачна,  - нягледзячы, што эўрапейская дыскусія на гэты конт даўно завяршылася.

 

Тут варта адзначыць: пакуль грамадзкае меркаваньне будзе фармавацца ў тым духу, у якім выказваецца наконт адмены сьмяротнага пакараньня генпракурор Васілевіч, аб вяртаньні дзяржавы ў дыскурс аб правах чалавека і свабодзе асобы папросту не прыходзіцца і марыць. Таму што гэта гучыць з вуснаў прафэсара права, канстытуцыяналіста, экс-старшыні Канстытуцыйнага суда, сёньня Генэральнага пракурора эўрапейскай дзяржавы (сацыяльнай і дэмакратычнай).

 

Ці карэктныя падобныя прыклады з вуснаў юрыстаў і чыноўнікаў такога ўзроўню?

 

Так, гвалтаўнікі і забойцы, на жаль, былі, ёсьць і будуць, наколькі б жахліва гэта ні было. Але прыведзены спадаром Васілевічам прыклад – для мяне наглядная дэманстрацыя іншага зрэзу. Навукова даказаны факт: асобы, якія зьдзейсьнілі падобныя злачынствы, у большасьці выпадкаў паўтараюць іх. Гэта ня ёсьць навіной ні ў навуцы, ні ў практыцы. І тады ўзьнікае пытаньне: што зрабілі праваахоўнікідзеля папярэджаньня злачынства ў дадзеным выпадку? Чаму дапусьцілі трайное злачынства? І ці можа быць сьмяротнае пакараньне дастатковай мерай для абароны грамадзтва ад злачынстваў у будучыні? Не, ня могжа і не павінна. І падобныя выказваньні ня могуць заставацца без камэнтароў.

Ну, а пра сьмяротнае пакараньне ў якасьці “прафіляктычнай меры”, я шчыра спадзяюся, - Рыгор Аляксеевіч папросту агаварыўся.

Видео