BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Агратурызм прыцэньваецца да спадчыны магнатаў

27.01.2009
Агратурызм прыцэньваецца да спадчыны магнатаў

Сапраўдныя маштабы барбарскага разбурэньня маёнткаў, сядзібаў і засьценкаў выяўляе зараз кампанія па прыцягненьню ў краіну наведнікаў з-за мяжы.

Нечакана даведваюся, што Асіповіцкі райвыканкам прыняў пастанову аб ушанаваньні памяці Магдалены Радзівіл. Тэрмінова віншую тамтэйшую краязнаўцу Валянціну Логвін. Бібліятэкарка па прафэсіі вельмі шмат гадоў свайго жыцьця паклала на дасьледаваньне спадчыны ўладальніцы былога маёнтка ў вёсцы Жорнаўка. Сабраныя бясспрэчныя зьвесткі, што княгіня ў сваім маёнтку адкрыла першую ў гэтай мясцовасьці беларускую школку. Зроблена гэта было пад уплывам сяброў княгіні – тагачаснага рэдактара "Нашай Нівы" Аляксандра Ўласава, паэткі Канстанцыі Буйло,  родных Багдановіча, якія таксама наведваліся з малым Максімам у Жорнаўку.

– Ад раённага начальства патрабуюць разьвіваць агратурызм і абмінуць Жорнаўку не выпадае, – тлумачыць Валянціна Логвін, – тут увогуле скупая гістарычная спадчына.

А ў вёсцы на сёньня толькі засьмечанае месца ад былога велічнага маёнтка Магдалены Радзівіл. Няма помніка ці мэмарыяльнага знаку. У запусьценьні цудам ацалелы дэндралягічны парк, што быў закладзены на пачатку ХIX стагодзьдзя.

Ці хопіць у бюджэце малазабясьпечанага Асіповіцкага раёна сродкаў хаця б на першаснае аднаўленьне сядзібы ў Жорнаўцы? Пытаньне пакуль адкрытае. Паказчыкі па малаку, мясе і нарыхтоўкам кармоў сёлета ўжо вызначаны. Велічыня выдаткаў на турыстычны патэнцыял – таямніца.

Пра спадзяваньні толькі на якога шчодрага інвэстара гаворыць і галоўны архітэктар Нясьвіскага раёну Віктар Рачок. Ён здабыў пакет гістарычных дакумэнтаў пра мінулае паркавага комплексу "Альба", які зьяўляўся загараднай рэзыдэнцыяй Радзівілаў.

Цяжка нават ўявіць, што ў парку, дзе ў савецкія часы ладзілі піянэрскія зьлёты, камсамольскія і калгасныя фэсты, калісьці стаяў двухпавярховы палац пад чарапічным дахам. За саветамі таксама быў разбураны Троіцкі касьцёл са званіцай. А пра існаваньне аранжарэі, маляўнічых сажалак і будынкаў у кітайскім, японскім ды швайцарскім стылях можна даведацца толькі зь вядомай гравюры Тамаша Макоўскага 1604 году. Нясьвіскі паркавы комплекс тады займаў амаль 400 гектараў.

Са словаў архітэктара Віктара Рачко, для таго, каб давесьці парк Альба да ладу і пачаць узводзіць нанава адмысловыя будынкі, патрабуюцца вялікія інвэстыцыі. У бюджэце раёну хапіла грошай толькі на першапачатковую ачыстку рэчышча ракі Уша. Яшчэ тут трэба рамантаваць драўляныя шлюзы даўняга часу і аднаўляць вадатокі праз каскад сажалак.

Альба, ці "беларускі Вэрсаль", як называлі гэты парк сучасьнікі магната Радзівіла Сіроткі, знаходзіцца за 25 кілямэтраў ад трасы "Берасьце-Менск-мяжа Расейскай Фэдэрацыі". Але ці даблудзяць турысты да разбуранай спадчыны Радзівілаў? – пытаньне, на якое няма пакуль адказу.

Спасылка

Видео